Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калякін прапанаваў не сьпяшацца з выніковым рашэньнем ЦВК


Сябра ЦВК з дарадчым голасам Сяргей Калякін, а яго падтрымаў Іван Лабачоў (зьлева)

Сябра ЦВК з дарадчым голасам Сяргей Калякін, а яго падтрымаў Іван Лабачоў (зьлева)

28 верасьня на сваім пасяджэньні Цэнтравыбаркам зацьвердзіў вынікі выбараў у Палату прадстаўнікоў.

На разгляд былі пададзеныя дзьве прапановы. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік заявіў, што пададзена 159 скаргаў і прапаноў, у некаторых зь якіх прапануецца прызнаць вынікі выбараў несапраўднымі з-за парушэньняў, зафіксаваных кандыдатамі ў дэпутаты і назіральнікамі.

Лазавік паведаміў, што некаторыя скаргі разгледжаныя, некаторыя перададзеныя на разгляд у акруговыя камісіі. Зьмест гэтых скаргаў на пасяджэньні падрабязна не разглядаўся.

Лазавік прапанаваў прызнаць, што выбары адбыліся ва ўсіх выбарчых акругах. Абрана 109 дэпутатаў. У гомельскай Навабеліцкай акрузе будуць праведзеныя паўторныя выбары. Таксама ён заявіў, што была высокая яўка — прагаласавала больш за 5 мільёнаў 245 тысяч выбарцаў, што складае 74,61% ад агульнай колькасьці.

Сябра ЦВК з дарадчым голасам Сяргей Калякін прапанаваў не сьпяшацца з рашэньнем, а пачакаць, пакуль ня будуць разгледжаныя ўсе скаргі на парушэньні пры правядзеньні выбараў.

"Куды мы сьпяшаемся? Куды ляціць Цэнтральная камісія?Яшчэ не заверашны разгляд ў камісіях скаргаў у тым ліку ад кандыдатаў у дэпутаты. Яны аспрэчваюць як той факт, што выбары адбыліся, так і тое, што зафіксавана ў пратаколах.У нас ёсьць час пачакаць, калі гэтыя рашэньні акруговых камісій яшчэ будуць абскарджаны ў ЦВК. Было б правільна, калі існуе мноства фактаў, у тым ліку відэа, аўдыё і фотаматэрыялаў, якія сьведчаць пра мноства парушэньняў заканадаўства, і ёсьць факты, якія маглі істотна паўплываць на вынікі галасаваньня, зьвярнуца ў генпракуратуру і сьледчы камітэт з прапановай пачаць крымінальную справу адносна асобаў, якія дапусьцілі грубае парушэньне выбарчага заканадаўства. Я прапаную не прымаць рашэньня аб прызнаньні выбараў, а дзеля таго, каб яны былі прызнаныя ня толькі міжнароднай супольнасьцю, а і грамадзянамі РБ і ўдзельнікамі гэтага працэсу, даручыць кампэтэнтным органам разабрацца з тым, што адбывалася падчас выбараў, каб даць ацэнку. А потым прыняць рашэньне. У нас ёсьць яшчэ час. У адваротным выпадку, мы проста зьяўляемся саўдзельнікамі тых злачынстваў, якія рабіліся. Мы сваім рашэньнем ЦВК пакрываем тое, што адбылося," — заявіў Калякін.

Калякіна падтрымаў сяра ЦВК з дарадчым голасам Іван Лабачоў. Аднак сябры ЦВК прагаласавалі за прапанову Мікалая Лазавіка.

ЦВК вырашыла сабраць першую сэсію Палаты прадстаўнікоў пятага скліканьня 18 кастрычніка. Дата ўзгодненая з кіраўніцтвам краіны, сказала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. Савет рэспублікі зьбярэцца ў новым будынку (былой Ленінскай бібліятэкі) 19 кастрычніка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG