Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Маці Васьковіча і Пракапенкі: Мы вельмі рады за Паўла


Віялета Пракапенка, маці палітвязьня Арцёма Пракапенкі, які праходзіў па адной справе з Паўлам Сырамалотавым і Яўгенам Васьковічам, вельмі ўзрадавалася, што Павал на волі:

«Як добра, слава Богу... Мы свайму сыну таксама шмат разоў казалі, каб пісаў, але ён нават слухаць ня хоча, спыняе ўсе гэтыя размовы. Ну, што рабіць... Ён так вырашыў. У кожнага свой выбар. Вы мяне вельмі парадавалі такой добрай навіной, а то я не ў інтэрнэце, у нас нядаўна ўнучка нарадзілася, шмат клопатаў. Зараз жа патэлефаную маці Паўла, павіншую».

Маці Яўгена Васьковіча спадарыня Рушанія таксама прасіла перадаць віншаваньні Паўлу Сырамалотаву:

«Я вельмі рада за Паўла. Хоць адзін выйшаў, і тое слава Богу. Але Жэня пісаць ня будзе, гэта нават не абмяркоўваецца... Што ж, будзем спадзявацца на лепшае. Гэта вельмі добры знак, што пачалі вызваляць палітвязьняў».

Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Павал Сырамалотаў былі асуджаныя 18 траўня 2011 году судом Бабруйску на 7 гадоў пазбаўленьня волі (ч. 2 артыкулу 339 — злоснае хуліганства, і ч. 3 артыкулу 218 Крымінальнага кодэксу — пашкоджаньне маёмасьці ў асабліва буйным памеры).

Васьковіч як злосны парушальнік рэжыму пераведзены ў крытую турму № 4 Магілёва. Пракапенка адбывае пакараньне ў калёніі № 15 у Магілёве. Сырамалотаў таксама адбываў пакараньне ў Магілёве, у калёніі № 19.
XS
SM
MD
LG