Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ройтэрс: Беларусь працягвае экспарт растваральнікаў


Беларусь працягвае бязмытны рээкспарт расейскіх нафтапрадуктаў пад выглядам растваральнікаў і разбаўляльнікаў, нягледзячы на заявы афіцыйнага Менску аб спыненьні гэтага бізнэсу, піша агенцтва Ройтэрс.

«Яны (беларусы – Р.С.) сказалі, што зразумелі, але яны нічога не зразумелі», – цытуе Ройтэрс неназваную крыніцу ў расейскіх урадавых колах, – «Яны працягваюць пампаваць растваральнікі (на экспарт). Мы гаворым пра мільёны тон».

Гэты ж расейскі ўрадовец у інтэрвію агенцтву ацаніў на мільярд даляраў страты расейскага бюджэту ад сёлетняга бязмытнага экспарту зь Беларусі 3-х мільёнаў тон нафтапрадуктаў пад выглядам растваральнікаў і разбаўляльнікаў.

Раней прэм'ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч заявіў, што «апошні чыгуначны груз» з растваральнікамі быў адпраўлены зь Беларусі на экспарт 4 жніўня. Мясьніковіч зьбіраецца абмеркаваць сытуацыю з прэм'ер-міністрам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым у пятніцу – на саміце СНД ў Кіеве.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG