Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: кадравы землятрус пасьля махлярстваў з кватэрамі


Віктар Піліпец
Віктар Піліпец

У Гомелі шырыцца скандал з махлярствам вакол ільготных кватэраў. Махінацыямі займаліся высокапастаўленыя чыноўнікі на чале з былым старшынём гарвыканкаму Віктарам Піліпцом.

Былога старшыню гарвыканкаму, перасаджанага ў крэсла намесьніка дырэктара камунальнага прадпрыемства «Гомельаграпрампраект», арыштавалі яшчэ на мінулым тыдні, перад парлямэнцкімі выбарамі. І толькі ўчора, 26 верасьня, Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў, што Віктар Піліпец узяты пад варту на падставе «часткі 3 артыкула 426 Крымінальнага кодэксу — «Перавышэньне ўлады ці службовых паўнамоцтваў».

Тым часам у Гомелі пра лёс нядаўняга кіраўніка гораду даўно хадзілі розныя чуткі. Даходзіла нават да таго, нібыта Віктар Піліпец рабіў спробу суіцыду.

Сталая гараджанка Людміла кажа на гэта:

«Гэта ўсё адбываецца ад недахопу інфармацыі. Атрымліваецца вакуўм, нейкая „чорная яма“. Таму трэба ўсё гэта шырэй асьвятляць, якой бы гэтая інфармацыя непрыемнай ні была. Факт, вядома, абуральны. Магчымасьць ёсьць красьці, а сумленьня мала. Тут апэтыты й разгуляліся. У іх кругавая парука, яны між сабою зьвязаныя — падпісаць, паспрыяць».

Сярэдніх гадоў гамяльчук Андрэй яшчэ больш катэгарычны ў ацэнках:

«Тое, што ў горадзе адбываецца, па-зладзейску называецца перадзел улады. Як на мой розум, Піліпец з кімсьці своечасова не падзяліўся. Штосьці яны дзеляць, і трэба іншых, сваіх паставіць».

Улетку за перавышэньні ўлады альбо службовых паўнамоцтваў пры разьмеркаваньні кватэр арыштавалі чатырох кіраўнікоў управы капітальнага будаўніцтва Гомельскага гарвыканкаму, уключна з дырэктарам управы Ігарам Адарчанкам і ягоным намесьнікам Валерам Барысевічам. Кажуць, што гарадзкія чыноўнікі іх прасілі маўчаць узамен на падтрымку сем’яў. Аднак тыя, відаць, не маўчалі.

Два дні таму ў горадзе расказвалі, што супрацоўнікі сілавых структураў надзелі кайданкі ў працоўным кабінэце дырэктару «Гомельводаканалу» Аляксандру Ранько, які да ліпеня гэтага году займаў пасаду намесьніка старшыні гарвыканкаму ў пытаньнях будаўніцтва.

Цяпер у «Гомельводаканале» на пытаньне, дзе дырэктар, завучана адказваюць: «Пакуль яго ня будзе... Ну, захварэў чалавек. На сёньняшні дзень абавязкі дырэктара выконвае галоўны інжынэр».

Многія медыі без спасылак на афіцыйныя крыніцы паведамляюць, што ў зьвязку з кватэрнымі афэрамі затрыманы таксама памочнік прэзыдэнта — галоўны інспэктар па Гомельскай вобласьці Ігар Пракапенка, якога на пачатку верасьня Аляксандар Лукашэнка нечакана вызваліў ад пасады і які, будучы кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў у Гомельскай-Навабеліцкай выбарчай акрузе № 36, напярэдадні датэрміновага галасаваньня зьняўся з выбараў.

Такая ж доля нібыта напаткала й першага намесьніка старшыні аблвыканкаму Аляксандра Баранава, тэрмінова перасунутага нядаўна без агалоскі на працу ў аб’яднаньне «Беларуснафта». Ва ўсякім разе, на сайце Гомельскага аблвыканкаму прозьвішча Баранава выдалена са сьпісу намесьнікаў, а ў графіку прыёму грамадзянаў насупраць першага намесьніка Баранава значыцца наступнае: «У сувязі з хваробай прыём грамадзянаў перанесены на няпэўны тэрмін».

Блізкія да ўлады крыніцы сьцьвярджаюць, што ільготныя кватэры для сваякоў набывалі й некаторыя іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі, у прыватнасьці, з Гомельскага абласнога савету дэпутатаў.

Раскручваць кватэрныя махінацыі ў Гомелі пачалі супрацоўнікі КДБ. Было ўстаноўлена, што ў 2011 годзе службоўцы ўправы капітальнага будаўніцтва Гомельскага гарвыканкаму разьмеркавалі 25 кватэраў у чатырох дамах, якія былі пабудаваныя з выкарыстаньнем бюджэтных грошай. І разьмеркавалі кватэры не гараджанам, чые дамы пайшлі пад знос з прычыны дзяржаўных патрэбаў, а чыноўнікам ды іхнім сваякам.

Аляксандар Лукашэнка сказаў пра гэта журналістам на «Дажынках» у Магілёўскай вобласьці: «Некаторыя чыноўнікі, як гэта атрымалася ў Гомелі, куплялі, будавалі кватэры за 20 тысяч даляраў і перапрадавалі затым за 50 тысяч». І паабяцаў: «Сёньня крымінальная справа заведзеная, і не адзін чыноўнік са сваімі сваякамі і набліжанымі сядуць на лаву падсудных».

Васіль Палякоў
Васіль Палякоў
Гомельскі грамадзкі актывіст Васіль Палякоў лічыць, што махлярствы з ільготнымі кватэрамі ў горадзе — гэта вырак ня толькі гомельскім чыноўнікам:

«Справа ў самой сыстэме, якая існуе ў Беларусі. Яна бескантрольная. Ніводзін пракурор, ніводзін супрацоўнік праваахоўных органаў ня можа ўмешвацца ў дзейнасьць „вэртыкалі“ і сам па сабе ня можа распачаць нейкую справу. Я не выключаю, што ўсё гэта было вядома і пракурорам, і сьледчым. Але без загаду „зьверху“ яны не маглі распачынаць і весьці гэтую крымінальную справу. Яны займаліся больш перасьледам палітычных актывістаў, ператрусамі, замест таго каб выяўляць высокапастаўленых махінатараў і хабарнікаў ды прыцягваць іх да адказнасьці».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG