Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Катаваньні ў Беларусі: ударам бота зламалі нос


На штогадовай канфэрэнцыі Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтва (АБСЕ), прысьвечанай правам чалавека, 26 верасьня беларускія праваабаронцы распавялі пра сытуацыю з правамі чалавека і вяршэнствам права ў Беларусі. Агучаная былі таксама тэмы палітвязьняў і ціску на незалежных журналістаў.

У прыватнасьці было адзначана, што ўлады Беларусі працягваюць адкрыта ігнараваць міжнародныя абавязацельствы ў правах чалавека: у галіне свабоды слова, свабоды сходаў, свабоды аб'яднаньняў, свабоды перамяшчэньня, абароны ад катаваньняў, права на справядлівы суд і на свабоднае волевыяўленьне падчас выбараў. Асабліва было ўзьнятае пытаньне аб парушэньні правоў грамадзян Беларусі не падвяргацца катаваньням, жорсткаму, бесчалавечнаму абыходжаньню ці пакараньню. Былі прыведзеныя канкрэтныя прыклады катаваньняў як на стадыі дасудовага разгляду, так і пры адбыцьці адміністрацыйнага і крымінальнага пакараньняў.

Такое становішча спраў недапушчальнае, лічыць праваабаронца Павал Левінаў:

Павал Левінаў

Павал Левінаў

«Мы маем справу з сыстэмным крызысам у гэтай галіне правоў чалавека, які паглыбляецца. Нацыянальнае заканадаўства ня ўтрымлівае адказнасьці за катаваньні. Закон дазваляе распачаць крымінальную справу толькі за перавышэньне ўлады і службовых паўнамоцтваў. На справе ня ўсё так проста. Падчас леташняй маўклівай акцыі менчуку Ільлю Петраўцу супрацоўнікі міліцыі ўдарам бота ў галаву зламалі нос. Больш за год Ільля безвынікова грукаецца ва ўсе дзьверы. У 2009 годзе група віцебскіх непаўналетніх хлапчукоў падвяргалася катаваньням. Адных вымусілі прызнацца ў зьдзяйсьненьні жорсткага забойства, іншых у тым, што яны гэта забойства бачылі. У ходзе разгляду крымінальнай справы ўсплылі жахлівыя факты ўжываньня да непаўналетніх катаваньняў у ходзе сьледзтва. Непаўналетнія апраўданыя. Амаль два гады доўжылася паверка па факце катаваньняў, вынік якой: ва ўзбуджэньні крымінальнай справы адмовіць. Вясной 2011 году я сам і мае сябры падвергліся фізычнаму і маральнаму гвалту з боку намесьніка начальніка Фрунзэнскага РУУС г. Менску маёра міліцыі Д.Лінкуса. І ў гэтым выпадку факты катаваньняў не знайшлі свайго пацьверджаньня. Беспакаранасьць прыводзіць да ўсёдазволенасьці. Старэйшы афіцэр міліцыі ўсё ж апынуўся на лаве падсудных, толькі тады калі зьбіў свайго падначаленага. Беспакаранасьць вінаватых у парушэньнях правоў простых грамадзян носіць абсалютны характар. Калі ўлады Беларусі працягнуць упарта ігнараваць свае міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека, то эўрапейскія інстытуты вымушаныя будуць паставіць пытаньне аб пазбаўленьні беларускай афіцыйнай дэлегацыі права голасу, а затым і аб прыпыненьні членства Беларусі ў эўрапейскіх структурах».
XS
SM
MD
LG