Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Турма мяне не зламала і не зьмяніла»


Сяргей Каваленка разам з дачкой

Сяргей Каваленка разам з дачкой

Пасьля памілаваньня палітвязень Сяргей Каваленка вярнуўся ў сям’ю. Сёньня апоўначы ў Віцебску яго сустрэлі родныя, жонка Алена, дачка і сын. Бяссонная ноч прайшла ў размовах.

Пасьля кароткага адпачынку Сяргей Каваленка даў інтэрвію Радыё Свабода. Перад гэтым ён дастаў і павесіў на сьцяне бел-чырвона-белы сьцяг.

Сяргей Каваленка аднавіў вагу пасьля сваіх галадовак. Цяпер ён зноў важыць 90 кіляграмаў. Падчас суду яго вага складала 60 кіляграмаў, а пасьля прысуду на лячэньні ў турэмным шпіталі — 45. Цяпер трэба аднавіць здароўе, хоць ніякіх скаргаў Сяргей ня мае:

«Я сябе добра адчуваю, нават кросы бегаў па лякалцы на ПК-19. Але я дасьледаваньняў не праходзіў. У мяне быў гепатоз печані ад галадоўкі. Калі мы там у футбол гулялі, я адчуваў, што ня так атрымліваецца, як раней, у мяне. Па фізычных рухах здароўе ў мяне яшчэ ня так аднавілася, але з кожным днём аднаўляецца».

Сяргей Каваленка пасьля затрыманьня ў сьнежні 2011 году галадаў агулам каля трох месяцаў, скінуў вагу да той, якую меў у 5-й клясе:

«Я дайшоў да 45 кіляграм. У мяне быў жывот сіне-фіялетавы і ногі сіне-фіялетавыя, адмірала ўсё. Лекары не маглі ў мяне вену знайсьці. І пры гэтым сябе добра, нармальна адчуваў псыхалягічна».


У турме ягоную галадоўку імкнуліся падаць як псыхічныя праблемы, што ён нібыта хацеў пахудзець:

«Я кажу: гэта палітычная галадоўка, супраць вашага „бязьмежжа“... А ў Навінках сказалі: калі не перастанеш галадаць — мы цябе тут пакінем».

Калі Сяргей пачаў есьці — вага набралася па кіляграму ў дзень.

Сяргей кажа, што напісаў заяву на імя Лукашэнкі аб памілаваньні 25 чэрвеня гэтага году. У звароце не было прызнаньня віны, толькі некалькі словаў: «Прашу вас мяне памілаваць». Сяргей кажа, што яго схілялі напісаць такі зварот, угаворвалі, кідалі ў штрафны ізалятар агулам на 34 дні:

«Ішлі правакацыі, адна за адной. Першы раз 10 сутак быў. Другі раз 9 сутак далі, потым 7 сутак дадалі, і яшчэ».

Як кажа Сяргей, сукамэрнікі ставіліся да яго ў асноўным пазытыўна, віталі, калі выгукваў «Жыве Беларусь!» За час зьняволеньня са сьнежня 2011 году яго ніхто ня ўдарыў, кажа Сяргей, але псыхалягічна ціснулі. Затое ён адчуваў падтрымку з волі.

Сяргей кажа, што турма і калёнія яго не зьмянілі і не зламалі. Ён зьбіраецца заставацца ў палітыцы, у Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, зноў зьбіраецца выходзіць зь бел-чырвона-белым сьцягам.

«Я палітыкай займаюся, бо я нясу ідэі. Сымбаляў, годнасьці, што нашая дзяржава — гэта вялікая Беларусь».

Сяргей Каваленка зазначыў, што пасьля вяртаньня на волю зьбіраецца займацца будаўнічым бізнэсам і больш часу прысьвяціць выхаваньню дзяцей: сямігадовага Валіка і аднагадовай Вікі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG