Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я цябе пасаджу да блатных, там цябе згвалтуюць, зразумеў?»


Зьміцер Дашкевіч

Зьміцер Дашкевіч

Лідэр Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч абвясьціў галадоўку пратэсту пасьля таго, як падпаў пад дыскрымінацыю паводле рэлігійнай прыкметы, зазнаў абразы чалавечай годнасьці і спробы супрацоўнікаў Мазырскай калёніі абвінавачваць яго ў тым, чаго ён не рабіў.

Зь вязьня Мазырскай калёніі Зьмітра Дашкевіча працягваюць зьдзекавацца, паведаміла актывістка Наста Палажанка. У калёніі ад камэнтару пакуль ухіляюцца.

З 19 верасьня лідэр Маладога Фронту Зьміцер Дашкевіч знаходзіцца ў Мазырскай калёніі. За гэты час зь ім ужо адбыліся падзеі, у выніку якіх яго зьмясьцілі ў карцэр. На знак пратэсту Зьміцер Дашкевіч абвясьціў бестэрміновую галадоўку. Пра гэта паведаміла на сайце Маладога Фронту намесьніца старшыні Маладога Фронту, нявеста Дашкевіча Наста Палажанка, якая 26 верасьня наведала Мазырскую калёнію. Паводле яе, Зьміцер Дашкевіч зазнаў дыскрымінацыю паводле рэлігійнай прыкметы, абразу ягонай чалавечай годнасьці:

«Яго за гэтыя пару дзён пазбавілі ўсіх магчымых спатканьняў, ён зараз у карцэры і з 21 верасьня абвясьціў галадоўку. Стаўленьне да яго жахлівае. Пры гэтым увесь час спрабуюць яго абвінаваціць у тым, чаго ён ня робіць. Мяне, калі я размаўляла з супрацоўнікамі адміністрацыі, спрабавалі падмануць наконт таго, што ён там робіць і як сябе паводзіць».

«Я цябе пасаджу да блатных, там цябе згвалцяць, зразумеў?» — гэтак, паводле Зьмітра Дашкевіча, яму пагражаў начальнік рэжымнага аддзелу калёніі, апавяла Наста Палажанка. Таксама Дашкевіча, як яна кажа, зьневажалі паводле рэлігійнай прыкметы. Нібыта прычапіўшыся да таго, што ён пратэстант, яму заявілі, што пратэстантызм «насаджаецца з Захаду, каб разбурыць славянскую расу». Празь некалькі дзён пасьля этапаваньня Дашкевіча ў калёнію яе адміністрацыі стала вядома, што Дашкевіч нэгатыўна выказваўся пра парадкі ў карантыне. На наступны дзень Дашкевіча выклікалі на паседжаньне адмысловай камісіі і паставілі на ўлік як схільнага да суіцыду, паведаміла Наста Палажанка.

«Паставіць чалавека на ўлік як суіцыдніка — гэта фактычна разьвязаць рукі адміністрацыі калёніі і мець бездакорнае тлумачэньне ў выпадку нейкіх здарэньняў — «ён жа суіцыднік», — камэнтуе сытуацыю Наста Палажанка.

Паводле Насты Палажанкі, Зьміцер Дашкевіч патрабуе людзкага стаўленьня да сябе і выбачэньняў ад адміністрацыі за зьнявагі і ціск.

Тэлефон начальніка Мазырскай калёніі № 20 Юрыя Збароўскага, у якога «Свабода» спрабавала атрымаць камэнтары да сытуацыі вакол Дашкевіча, не адказвае. Супрацоўніца спэцаддзелу калёніі, якая падняла слухаўку, адказала карэспандэнту:

«Мы інфармацыі пра вязьняў не даем. Зьвяртайцеся пісьмова да начальніка калёніі».

Актывістка праваабарончай арганізацыі «Плятформа» Алена Красоўская-Касьпяровіч кажа, што ведае сытуацыю ў Мазырскай калёніі, бо там адбываў пакараньне яе муж:
Раней у гэтую зону адвозілі блатных, якія трымаліся зладзейскіх традыцыяў, каб там іх „ламаць“

«Зона гэтая вельмі сур’ёзная, досыць „бязьмежная“, бо яна далёка ад Менску. Але начальнік, з майго пункту гледжаньня, чалавек адэкватны. То бок калі нешта адбываецца з Дашкевічам, то ён выконвае чыйсьці загад. Раней у гэтую зону адвозілі блатных, якія трымаліся зладзейскіх традыцыяў, каб там іх „ламаць“. Таму досьвед працы зь вязьнямі, якія не падпарадкоўваюцца адміністрацыі, у гэтай зоне ёсьць. Гэта яўна каманда, бо Збароўскі заўсёды быў адэкватным чалавекам».

У Глыбоцкай калёніі палітвязень Зьміцер Дашкевіч быў асуджаны яшчэ на год зьняволеньня, адбыў некалькі тыдняў у Віцебскім СІЗА і адтуль быў пераведзены ў Мазырскую калёнію.

Паводле радыё Ватыкана, нунцый Папы Рымскага арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці наведваў Зьмітра Дашкевіча ў вязьніцы і перадаў яму малітвы Сьвятога Айца і каталікоў за яго і яго сям’ю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG