Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускіх эколягаў зрабілі неўязнымі


Актывісту антыядзернага руху з Астравецкага раёну Мікалаю Ўласевічу і актывістцы экалягічнага руху зь Менску Тацяне Новікавай, якія накіроўваліся ў Літву на міжнародную навуковую канфэрэнцыю па ядзернай бясьпецы, літоўскія памежнікі анулявалі шэнгенскія візы.

Паводле Ўласевіча, на міжнародную канфэрэнцыю «Літва-Беларусь — ядзернае суседзтва» іх запрасілі Віленскі міжнародны інстытут і Сялянская партыя Літвы. На мяжы беларускіх пагранічнікаў яны прайшлі беспраблемна, а літоўскія пратрымалі іх 6 гадзінаў, анулявалі шэнгенскія візы і вярнулі ў Беларусь без тлумачэньня прычынаў.

З боку арганізатараў канфэрэнцыі адмыслова ў гэтай справе на мяжу прыяжджаў разьбірацца дэпутат літоўскага Сейму Казімірас Уока, а таксама журналісты.

Уласевіч кажа, што быў вельмі ўражаны тым, што адбылося, бо Літва — гэта краіна, якая ўваходзіць у Эўразьвяз. Ён мяркуе, што ў гэтым былі зацікаўленыя тыя, хто зьбіраецца будаваць атамную станцыю ў Літве:

Мікалай Уласевіч

Мікалай Уласевіч

Тацяна Новікава

Тацяна Новікава

«Я лічу, што найгрубейшым чынам парушаныя мае грамадзянскія правы, якія прадугледжаныя Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, парушаная эўрапейская Хартыя аб правах чалавека, наагул Усеагульная дэклярацыя правоў чалавека».

І Ўласевіч, і Новікава зьбіраліся выступіць на канфэрэнцыі з дакладамі, у якіх меліся прывесьці аргумэнты супраць будаўніцтва атамных станцыяў наагул у сьвеце. Да ўсяго, у кастрычніку мае адбыцца рэфэрэндум наконт будаўніцтва атамнай станцыі ў Літве.

Уласевіч: «Гэта, па сутнасьці, працяг справы Алеся Бяляцкага. Думаю, што тыя ж сілы, якія здалі Алеся Бяляцкага, сёньня яшчэ раз паказалі, што яны жывуць і дзейнічаюць. А гэта досыць трывожны сыгнал».

Тэлефон Тацяны Новікавай сёньня не адказвае, а ейная калега, старшыня рады грамадзкай экалягічнай арганізацыі «Экадом» Ірына Сухій, камэнтуючы сытуацыю, называе яе палітычна матываванай:

Сухій: «Ні Тацяна Новікава, ні Мікалай Уласевіч ніколі не зьдзяйсьнялі правапарушэньняў на тэрыторыі Літвы, а таму гэта, безумоўна, зьвязана зь іх антыядзернай дзейнасьцю. Яны разам зь літоўскімі калегамі выступаюць за антыядзерны рэгіён, супраць будаўніцтва АЭС у Беларусі, Літве і Калінінградзкай вобласьці. А гэтае, безумоўна палітычна матываванае, дзейства супраць іх удалося нейкім чынам прасунуць прыхільнікам праекту».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG