Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бундэстаг пра выбары: сфальшавалі ўсё, што можна сфальшаваць


Паседжаньне бундэстагу

Паседжаньне бундэстагу

Несвабоднымі і несправядлівымі назвалі дэпутаты ўсіх фракцый нямецкага бундэстагу парлямэнцкія выбары, якія прайшлі ў Беларусі, паведамляе БелаПАН.

Абмеркаваньне беларускага пытаньня адбылося 26 верасьня з ініцыятывы кіроўнай кааліцыі ў складзе хрысьціянскіх і вольных дэмакратаў, паведамляе прэс-служба бундэстагу. На думку дэпутатаў, гаворка ідзе пра «цынічную інсцэніроўку», «гвалт», «запалохваньне» і «дэкаратыўны парлямэнт», дзе няма ні аднаго прадстаўніка апазыцыі.

Фракцыі абмеркавалі пэрспэктывы далейшай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі: ўзмацненьне санкцый альбо павелічэньне адкрытасьці ў адносінах да беларускага грамадзтва.

На думку дэпутата Свабоднай дэмакратычнай партыі Патрыка Курта, галасаваньне ў Беларусі супярэчыла ўсім асновам дэмакратычных выбараў. «Сфальшавалі ўсё, што можна было сфальшаваць», – заявіў ён. На думку дэпутата, беларускі рэжым яшчэ раз паказаў, што гвалт і запалохваньне зьяўляюцца яго візытнымі карткамі.

Афіцыйны прадстаўнік апазыцыйнай фракцыі Сацыял-дэмакратычнай партыі па зьнешняй палітыцы Рольф Мютцэніх запатрабаваў вызваленьня ўсіх палітвязьняў у Беларусі. У якасьці прыкладу ён прывёў сацыял-дэмакрата Мікалая Статкевіча, які балятаваўся на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году, быў арыштаваны ў дзень выбараў і на падставе «сумнеўнага прысуду» працягвае знаходзіцца ў турме. На думку Мютцэніха, у выпадку зь Беларусьсю неабходны ўдзел Расеі, якая аказвае вялікі ўплыў на Менск. Расейскаму ўраду неабходна выразна даць зразумець, што ў Беларусі ён ставіць на тых, каго «даўно абагнала гісторыя».

Намесьнік афіцыйнага прадстаўніка фракцыі ХДС-ХСС па зьнешняй палітыцы Карл-Георг Вельман заявіў пра «эўрапейскую трагедыю»: рэжым Лукашэнкі згубіў час, каб правесьці рэформы і прывесьці краіну ў «эўрапейскую сучаснасьць». Замест гэтага насаджаюцца прынцыпы «каманднай эканомікі савецкага ўзору». Вельман выказаў сумнеў, што ўведзеныя Эўразьвязам санкцыі даказалі сваю эфэктыўнасьць і што іх ўзмацненьне пойдзе на карысьць. Рэжым у Менску прыме іх як непазьбежнасьць – «з чыстае цікавасьці да захаваньня ўлады». Дэпутат прапанаваў выдзяляць больш сродкаў на праграмы абмену і стыпэндыі беларускім студэнтам.
XS
SM
MD
LG