Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праца на будучыню


Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч
Як і варта было чакаць, у пратаколах выбарчых камісіяў – за надзвычай рэдкім выключэньнем – усё выглядае ўрачыста, аптымістычна, упэўнена і адпавядае прагнозным паказчыкам – і што да яўкі, і што да будучага складу палаты прадстаўнікоў. Як і варта было чакаць, выбарчыя ўчасткі – прынамсі, у менскай Чыжоўцы, – былі нязвыкла пустымі. Пра нізкую яўку паведамляюць таксама назіральнікі ад Партыі БНФ ды іншых дэмакратычных арганізацыяў з розных участкаў усіх абласьцей Беларусі.

Калі ня браць пад увагу тэлевізійныя выступы і дэбаты кандыдатаў, дык і сама кампанія, і яўка выбарцаў маглі стварыць уражаньне, што ў краіне адбываліся якія-небудзь давыбары ў мясцовыя саветы.

Улады зрабілі сабе той вынік, якога яны жадалі. Грамадзтва паставілася да гэтага зь легендарнай ужо абыякавасьцю – рабіце што хочаце, толькі нас не чапайце. Па вялікім рахунку, толькі парлямэнцкія карэспандэнты заўважылі зьмену чацьвёртага скліканьня палаты прадстаўнікоў на пятае. Перакананы, што гэтая розьніца ня будзе заўважная і цягам бліжэйшых чатырох гадоў.

Ад пачатку году, ды нават і яшчэ раней, у дэмакратычным лягеры пачаліся дыскусіі пра тое, ці ўлады будуць прапускаць у палату невялікую колькасьць апазыцыянэраў. Некаторыя гучна выказвалі ўпэўненасьць, што будзе стварацца фракцыя кіраванай апазыцыі пад куратарствам КДБ. Такія кансьпіралягічныя вэрсіі выплываюць перад кожнымі выбарамі, правальваюцца, але адраджаюцца зь дзіўнай настойлівасьцю. Як і ў 2008 годзе, так і ў гэтым для мяне было абсалютна відавочна, што ўладам ніякія фракцыі не патрэбныя. Нават невялікая і кіраваная, але сыстэмная апазыцыя ў гэтай сыстэме ня можа зьявіцца ў прынцыпе, бо сама сыстэма працуе як мэханізм адпрэчваньня любых элемэнтаў, якія не выказваюць 100% ляяльнасьці. На жаль, гэта відавочна не для ўсіх у дэмакратычным лягеры. Узгадваю, з кіраўніком адной ня вельмі далёкай ад Фронту ў палітычным спэктры партыі мы настолькі моцна спрачаліся на гэтую тэму падчас міжнароднай канфэрэнцыі па мадэрнізацыі Беларусі, што нават публічна пайшлі ў заклад.

З памылковых ацэнак і прагнозаў вынікаюць памылковыя дзеяньні. Тыя, хто лічыў стварэньне кіраванай апазыцыі ў парлямэнце патрэбным для ўлады, пачаў аўтаматычна лічыць усіх, хто вылучаецца, а тым болей – зьбіраецца ісьці да канца, гульцамі ўладнай каманды. Гэта справакавала вялікія спрэчкі сярод дэмакратаў і прывяло да таго, што некаторыя – з уласнай ініцыятывы і з задавальненьнем, іншыя – у адказ на выклік, – занадта шмат сілаў, энэргіі і часу патрацілі на высьвятленьне адносінаў. Чым сапраўды парадавалі ўладу, у гэтым сумнявацца не выпадае.

Калі ж паглядзець аб’ектыўна, цікаўнасьць у людзей, у сапраўды шырокіх колаў грамадзтва здолелі выклікаць толькі дзеяньні кандыдатаў, якія закраналі ў сваёй агітацыі больш шырокія тэмы, чым тыя, што абмяркоўваюцца на апазыцыйных сайтах. Прычым гэтую цікаўнасьць у людзей кандыдаты ад Партыі БНФ стварылі не да самога працэсу выбараў, а да партыйнай плятформы, да тых небясьпекаў, якія нясе эканамічная і вайсковая інтэграцыя з Расеяй, да прапанаваных намі эканамічных і палітычных рэформаў і кардынальнай зьмены замежнапалітычнага курсу краіны.

Сёньня, пасьля заканчэньня выбарчай кампаніі, выдатна бачна, што Партыя БНФ абрала для сябе правільную тактыку, што праца нашых кандыдатаў і іхніх камандаў заснавала вялікую аснову на будучыню. Мы шырока закінулі зерне сваіх ідэяў і нацыянальных каштоўнасьцяў у беларускае грамадзтва. І наперадзе мы маем ясны фронт працы – вырасьціць з гэтага зерня нацыянальную сьвядомасьць і разуменьне беларускім грамадзтвам таго, што толькі абарона нацыянальных інтарэсаў – гарантыя парадку і дабрабыту на беларускай зямлі. І толькі гэтае разуменьне і сьвядомасьць – гарантыя таго, што ў краіне нарэшце адбудуцца перамены.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG