Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхальчанка: Не хачу быць плотам, на якім усе пішуць слова з трох літар


Цэнтравыбаркам разьбіраецца са скаргамі, якія паступілі ад назіральнікаў за выбарамі ў Палату прадстаўнікоў і ад двух кандыдатаў у дэпутаты. Падвесьці вынікі ў ЦВК зьбіраюцца 28 верасьня.

Паводле старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай, у ЦВК паступіла нямала скаргаў ад назіральнікаў. Таксама паскардзіліся двое менскіх кандыдатаў у дэпутаты: Уладзімер Навасяд — на падлік галасоў, а Тацяна Караткевіч — на вылучэньне кандыдата Міхаіла Савановіча. Спадарыня Ярмошына падсумавала, што пасьля гэтых выбараў скаргаў паступіла меней, чым пасьля мінулых:

«Многія зьяўляюцца ня скаргамі, а тым, што назіральнік ня вельмі добра ведае заканадаўства. Што ж тычыцца іх меркаваньняў, што там завышана колькасьць тых, хто прагаласаваў, то мы пераважна накіроўваем усе гэтыя скаргі, калі яны патрабуюць разгляду, у акруговыя камісіі».

Уладзімер Навасяд сказаў, што па адной скарзе ягоным назіральнікам адмовілі ў разглядзе. Другая скарга тычыцца падліку галасоў.

«Скаргі, якія падаваліся назіральнікамі і даверанымі асобамі, знаходзяцца ці ў акруговай камісіі, ці ў пракуратуры Ленінскага раёну — іх больш за 50. Таму ЦВК мы і просім у комплексе разгледзець гэтае пытаньне і вынесьці рашэньне па галасаваньні па нашай акрузе. Паводле нашых падлікаў, выбары не адбыліся — гэта 36%. А афіцыйныя лічбы — 53%. Як можа быць абраны дэпутат, калі прыйшло 36% выбарцаў?»

Віктар Цярэшчанка

Віктар Цярэшчанка

Неўзабаве скаргу ў ЦВК падасьць яшчэ адзін кандыдат, Віктар Цярэшчанка, які патрабуе перавыбараў у сваёй акрузе. Ён так акрэсьліў сэнс сваіх прэтэнзій:

«Падтасоўка выбараў. Выкарыстаны адміністратыўны рэсурс, дзе давераныя асобы старшыні выканкаму, супрацоўнікі яго выканкаму і суседніх двух, адказныя работнікі, парушаючы Выбарчы кодэкс, працавалі, атрымлівалі заробак, выкарыстоўвалі службовы транспарт, сувязь і іншае ў інтарэсах старшыні Шаркоўшчынскага выканкаму. 75% прагаласавалі за мяне, гэта дакладна. І нават на радзіме гэтага старшыні выканкаму. Я толькі закладнік гэтай сыстэмы».

У мэдыях зьявілася інфармацыя пра журналіста тэлеканалу ОНТ Аляксея Міхальчанку, вядомага сваімі накіраванымі супраць апазыцыі праграмамі, які прайграў выбары ў Полацкай акрузе старшыні гарсавету. Маўляў, супраць Міхальчанкі дзейнічалі гэтак жа, як і супраць апазыцыянэраў: 37,6% галасавалі датэрмінова, 12,4% — на даму, а так не магло быць. Аляксей Міхальчанка адмовіўся размаўляць на тэму выбараў:

Аляксей Міхальчанка

Аляксей Міхальчанка

«Я не даю інтэрвію. Я магу прапанаваць інтэрвію за грошы, калі вам настолькі цікава. Калі вам настолькі цікава, то я магу за грошы даць вам інтэрвію. Я не хачу быць тым плотам, на якім усе пішуць слова з трох літар».

Нацыянальны каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка кажа, што толькі скаргаў ад валянтэраў пададзена больш за сто. Ён сказаў, што пасьля гэтых выбараў было больш заўвагаў, чым пасьля мінулых:

«Мінулым разам нашых ініцыятываў, скаргаў, прапаноў было больш за 600. Сёлета, паводле нашых ацэнак, іх будзе, калі ўсе падалі гэтыя прапановы па паляпшэньні выбарчага працэсу, больш за тысячу. Гэта кажа пра тое, што мы ўзялі пад кантроль большую частку выбарчых участкаў. Па-другое, мы ўжо маем досьвед».

Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Ўладзімер Лабковіч сказаў, што, улічваючы ранейшы досьвед, няма чаго чакаць юрыдычных наступстваў ад пададзеных скаргаў. Звычайна на іх даюць фармальныя адпіскі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG