Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гучная аплявуха


У найноўшай гісторыі Францыі асаблівае месца займае выбітны дзяржаўны дзеяч генэрал Шарль дэ Голь. Герой антыфашысцкага супраціву, вызваліцель краіны ад гітлераўцаў, ён быў асобай харызматычнаю, лічыў сябе айцом нацыі. Генэрал спазнаў сілу народнай любові, калі на парадзе ў 1944 годзе ўвесь Парыж выйшаў, каб вітаць свайго збаўцу ад фашысцкай акупацыі. У 1946 годзе ён сышоў у адстаўку з пасады кіраўніка ўраду, бо палічыў ніжэйшым за сваю годнасьць гуляць у палітыку, шукаць кампрамісы і будаваць кааліцыі з партыйнымі лідэрамі, змагацца за электарат і інш. Бо разумеў, што, стаўшы адным з палітыкаў, ён згубіцца як айцец нацыі, нягледзячы на ўсе былыя заслугі. Як згубіўся ў Вялікай Брытаніі таксама пераможца ў вайне Ўінстан Чэрчыль, прайграўшы першыя пасьляваенныя выбары.

Але калі ў 1958 годзе ў Францыі здарыўся востры палітычны крызіс, краіна зноў паклікала на выратаваньне свайго героя. Дэ Голь вярнуўся, стаў айцом-заснавальнікам Пятай рэспублікі, правёў канстытуцыйную рэформу, якая рэзка ўзмацняла паўнамоцтвы прэзыдэнта, вывеў дзяржаву з крызісу.

Але ў траўні 1968 году ў Парыжы здарыўся студэнцкі мяцеж. На рэфэрэндуме 1969 году де Голь цярпіць паразу. Генэрал быў чалавек горды. Атрымаўшы аплявуху ад народу, ён ня стаў чапляцца за ўладу. Годна, з пачуцьцём вычарпанасьці сваёй місіі ў жыцьці краіны ён сышоў у адстаўку. Таму і сёньня застаецца, можа, самым шанаваным для французаў гістарычным дзеячам, ня меншым паводле маштабу, чым Напалеон.

Аляксандар Лукашэнка таксама пачынаў як народны герой, будаўнік незалежнай дзяржаўнасьці, мэсія, які збавіў народ ад дэпрэсіі і зьняверанасьці. Ён любіць расказваць, як у 1994 годзе хворыя, якія даўно не ўставалі з ложка, падымаліся і ішлі, як за Ісусам Хрыстом, галасаваць за свайго куміра.

І вось 2012 год, насельніцтва буйных гарадоў праігнаравала парлямэнцкія выбары. Улада атрымала гучную аплявуху ад народу. Якія ж высновы яна робіць з гэтага краху народнай любові? Можа, і тут «бацька» нацыі пойдзе шляхам дэ Голя?

Ды не, тут зусім іншыя ўяўленьні пра годнасьць і гістарычную ролю. З сваёй фактычнай паразы ўлада зрабіла іншыя высновы. Калі няма ня тое што народнай любові, а нават даверу, то трэба зрабіць выгляд, карцінку, што ўсё гэта ёсьць. Маўляў, давайце абвесьцім, што мы перамаглі, а піпл схавае.

І тут цікавы момант зь лічбамі галасаваньня. Напярэдадні выбараў Ярмошына казала, што, паводле сацыялягічных апытаньняў Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры адміністрацыі прэзыдэнта, у выбарах прыме ўдзел 67% выбарцаў. Пасьля таго, што адбылося зь яўкай 23 верасьня, здавалася б, лягічным было, каб павысіць давер, зьменшыць афіцыйную лічбу выбарцаў, якія прыйшлі на выбарчыя ўчасткі. Але ўсё адбываецца з дакладнасьцю да наадварот — афіцыйная лічба павялічваецца да 74%.

Нешта падобнае адбылося падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Напярэдадні за некалькі месяцаў Лукашэнка казаў журналістам, што яму хопіць і 70% народнай падтрымкі. Гледзячы па ўсім, менавіта на гэтую лічбу і арыентаваліся ўлады. Бо яшчэ ў сярэдзіне дня 19 сьнежня набліжаны да ўлады цэнтар «ЕсооМ», які нібыта праводзіў экзіт-пол, даваў лічбу 72% падтрымкі дзейнага прэзыдэнта. І толькі пасьля таго, як на Плошчу выйшаў абураны народ, Цэнтравыбаркам даў лічбу 80% тых, хто прагаласаваў за Лукашэнку.

І ў тым, і ў другім выпадку ўлады прымяняюць адну тактыку: аглушэньне лічбай. Гэта вядомая лёгіка палітычнай псыхалёгіі: калі ёсьць вялікія сумненьні, то трэба падвышаць маштаб няпраўды. Яна агаломшвае, падаўляе сумненьні. Такой тактыкі прытрымліваюцца падчас вайны ў прапагандзе, скіраванай на войскі праціўніка.

Такім чынам, адна з важных высноваў з гэтай кампаніі такая: прорва паміж рэальнасьцю і афіцыйнай прапагандай павялічылася. І дасягнула памеру позьнесавецкага пэрыяду. Пакуль незразумела, ці бачаць улады гэтую зьяву як праблему, выклік. Нагадаю, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году страцілі свае пасады вышэйшыя чыноўнікі, якія адказвалі за прапаганду: Натальля Пяткевіч і Аляксандар Зімоўскі. Пакуль улады з усіх сіл робяць выгляд, што ўсё шыкоўна, шакалядна. Савецкая прапаганда таксама не прызнавала факты. І чым усё скончылася?

Сапраўднага мужчыну, казаў экс-прэм’ер Польшчы Лешак Мілер, пазнаюць не па тым, як ён пачынае, а па тым, як канчае.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG