Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нямецкаму МУС цалкам адмовіла палітычнае чуцьцё»


Бюро дэпутаткі Бундэстагу Марылюізы Бэк перадало «Свабодзе» адказы фэдэральнага ўраду на свае «малыя» запыты пра магчымыя пастаўкі ў Беларусь зброі і тэхналёгіяў узбраеньня, а таксама пра характар супрацоўніцтва паміж нямецкімі і беларускімі сілавікамі.

Падставай для першага запыту стала скандальная публікацыя ў брусэльскім выданьні EUobserver пра супрацоўніцтва Менску (праз пасярэдніка) зь нямецкай кампаніяй 3W Modellmotoren па вытворчасьці рухавікоў для бесьпілётнікаў, а таксама пра супрацу зь фірмамі Glock (Аўстрыя) ды Sig Sauer (Швайцарыя-Нямеччына), якія вырабляюць стралковую зброю.

Усё гэта, адзначалі журналісты, рабілася ў абход санкцыяў ЭЗ.

У другім запыце «зялёныя» просяць даць дэталёвую справаздачу наконт супрацы паміж паліцэйскімі ведамствамі, якую расьсьледавалі журналісты бэрлінскай Tagesspigel ды іншых выданьняў ФРГ.

Як вынікае зь першага адказу ўрадоўцаў, «фэдэральнаму ўраду нічога не вядома пра экспарт авіяцыйных рухавікоў кампаніі 3W Modellmotoren у Рэспубліку Беларусь. У выпадку, калі б фэдэральны ўрад меў канкрэтныя доказы магчымых паставак рухавікоў для бесьпілётнікаў ад нямецкага вытворцы ў Беларусь, былі б наўпрост уведзеныя юрыдычныя меры кантролю за экспартам».

Што тычыцца адказу на запыт адносна паставак стралковай зброі, то, паводле фэдэральнага ўраду, «экспарт зь Нямеччыны ў Беларусь пісталетаў мадэлі P226 магчымы праз адмысловы дазвол. У пэрыяд з 2000 году па цяперашні час ніякіх дазволаў для продажу гэтага віду зброі не існавала. Ад 21 чэрвеня дзейнічае эмбарга на пастаўкі зброі».

Нямецкія «зялёныя», аднак, бачаць у адказах урадоўцаў пэўныя недагаворкі. Так, непасрэдна ў Беларусь зброя можа і не прадавацца. «Аднак за той жа малой зброяй кшталту пісталетаў няма строгага кантролю пры далейшым яе перапродажы. Толькі ЗША гарантуюць, што іхняя зброя не перапрадаецца далей. Фірму-вытворцу пісталетаў у Беларусі можна вызначыць праз сэрыйны нумар на самой зброі»

Як мяркуюць у бюро Марылюізы Бэк, у адказах на іхнія нескладаныя запыты адчуваецца жаданьне ўрадоўцаў даць як найменей інфармацыі. Зь іншага боку, зразумела, што ўрад ня хоча даваць падставы для нападаў на сябе.

Што тычыцца адказаў на запыт пра супрацу сілавікоў, то, лічаць прадстаўнікі нямецкай апазыцыі, можна зрабіць наступную выснову: пры рэалізацыі праектаў зь Беларусьсю «нямецкаму МУС цалкам адмовіла палітычнае чуцьцё».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG