Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты ЭЗ: як па-новаму ўзьдзейнічаць на Беларусь?


У Заходняй Эўропе экспэрты абмяркоўваюць магчымасьць зьмяніць сваю палітыку ў дачыненьні да Беларусі так, каб яна прыносіла лепшыя вынікі ў параўнаньні з той, што вядзецца цяпер.

Днямі з артыкулам на гэтую тэму выступіла дацэнтка Маастрыхскага ўнівэрсытэту Жызэль Босэ.

Яна піша, што ў 2012 годзе Эўразьвяз агулам умацаваў сваё ўзаемадзеяньне з грамадзянскай супольнасьцю і палітычнай апазыцыяй у Беларусі. Аднак яна зьвяртае ўвагу, што фінансаваньне двух асноўных інструмэнтаў, празь якія Эўразьвяз падтрымлівае грамадзянскую супольнасьць у Беларусі, было сёлета зьніжана. Напрыклад, сёлета фінансаваньне «Праграмы разьвіцьця недзяржаўных структураў і мясцовай улады» было зьніжана з 3,9 мільёнаў эўра ў 2011 годзе да 2 мільёнаў сёлета. Фінансаваньне праз Эўрапейскі інструмэнт садзеяньня дэмакратыі і правоў чалавека ўпала з 6,4 мільёнаў эўра летась да 4,1 мільёнаў сёлета. Хоць у межах гэтых праграмаў адбыліся істотныя павелічэньні выдаткаў на асобныя праграмы, кшталту мабільнасьці моладзі і моўных курсаў.

На думку дацэнткі Босэ, можна ўнесьці некалькі зьменаў у эўрапейскую палітыку адносна Беларусі.

Па-першае, мэтавыя санкцыі павінны мець дакладныя крытэрыі. Пакуль у краіне ідуць рэпрэсіі, чорны сьпіс асобаў павінен захоўвацца. Аднак, на думку Босэ, туды нельга ўключаць бізнэсоўцаў толькі на той падставе, што яны знаходзяцца ў сьпісе 200 самых багатых людзей краіны. Гэта прывядзе да абвінавачаньняў у адвольным ужываньні санкцыяў.

Па-другое, мэтавыя санкцыі ня могуць абыходзіцца самімі эўрапейскімі краінамі праз пакупку тавараў двайнога прызначэньня, праграмы дапамогі і іншыя мэханізмы.

Па-трэцяе, трэба разьвіваць праекты з больш шырокім колам грамадзянскай супольнасьці. Босэ піша, што трэба, вядома, падтрымліваць традыцыйную апазыцыю і незалежныя палітычныя эліты. Але, незалежна ад таго, старацца глыбей разьвіваць патэнцыял грамадзянскай супольнасьці, ахопліваць яе больш шырокія сфэры з дапамогай «рэальных праектаў», якія самі па сабе здольныя павялічыць «бачнасьць» ЭЗ у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG