Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Былы гомельскі «мэр» Піліпец жывы. Арыштаваны


Віктар Піліпец

Віктар Піліпец

Старшыню затрымалі па абвінавачаньні ў перавышэньні ўлады альбо службовых паўнамоцтваў пры разьмеркаваньні кватэр.

У Гомелі ў апошнія дні гараджане з вуснаў у вусны перадавалі самыя неверагодныя чуткі пра лёс зьнятага з пасады старшыні гарвыканкаму Віктара Піліпца. Даходзіла нават да таго, нібыта кіраўнік сам зрабіў сабе сьмерць — ці то павесіўся, ці то застрэліўся.

Ва ўнітарным прадпрыемстве «Інстытут Гомельаграпрампраект», куды Піліпца перамясьцілі на пасаду намесьніка дырэктара, адказвалі: «Віктар Іванавіч Піліпец у нас ужо не працуе».

І толькі 26 верасьня, пасьля чатырохдзённага зьнікненьня былога кіраўніка Гомеля, Сьледчы камітэт паведаміў праз СМІ, што Віктар Піліпец — за кратамі. Былога старшыню затрымалі ў межах дасьледаваньня крымінальнай справы па абвінавачаньні службовых асобаў управы капітальнага будаўніцтва Гомельскага гарвыканкаму ў перавышэньні ўлады альбо службовых паўнамоцтваў пры разьмеркаваньні кватэр.

Як падае Сьледчы камітэт, «дзеяньні Віктара Піліпца кваліфікаваныя паводле ч. 3 артыкула 426 „Перавышэньне ўлады ці службовых паўнамоцтваў“. Ён узяты пад варту».

Відавочна, што недахоп інфармацыі і спарадзіў шматлікія чуткі. Сыстэма фармаваньня «вэртыкалі», якая ўсталявалася ў краіне, зусім не спрыяе галоснасьці. Чалавек працаваў, нешта рабіў у паўмільённым горадзе — і раптам прапаў.

У Гомельскі гарвыканкам Віктар Піліпец прыйшоў з пасады памочніка прэзыдэнта, галоўнага інспэктара па Віцебскай вобласьці. Кар’ерны рост Піліпца пачаўся ў Калінкавіцкім раёне — ад дырэктара саўгасу да старшыні выканкаму. Вяскоўцам ён запомніўся тым, што «моцнай рукой» выхоўваў мэханізатараў і пашыраў пасевы кукурузы.

Адразу па прызначэньні ў Гомель для Піліпца побач з Ільінінскай царквой пабудавалі катэдж — гараджанаў пераконвалі, што службовы. У паркавай зоне неўзабаве зрылі пагорак, каб пабудаваць рэстарацыю, а ўздоўж цэнтральных вуліц сталі зразаць каштаны, ліпы, каб пасадзіць ружы, потым туі, а затым іншыя дэкаратыўныя дрэвы. Перакладваліся па некалькі разоў ходнікі.

На пачатку жніўня некаторыя СМІ надрукавалі інфармацыю, што Віктара Піліпца затрымалі супрацоўнікі сілавых структураў і што зьвязана гэта нібыта з арыштам чатырох кіраўнікоў управы капітальнага будаўніцтва гарвыканкаму, якія разьмяркоўвалі кватэры сваякам і «патрэбным людзям».

Аднак 7 жніўня гарвыканкам абверг гэтую інфармацыю як непраўдзівую. Мінула 20 дзён, і старшыня аблвыканкаму Ўладзімер Дворнік падпісаў распараджэньне пра вызваленьне Віктара Піліпца ад займанай пасады старшыні гарвыканкаму. Афіцыйная фармулёўка адстаўкі — пераход на іншую працу. Пасьля стала вядома — у «Гомельаграпрампраект».

Блізкія да ўладаў крыніцы й раней зьвязвалі адстаўку Віктара Піліпца з пасады старшыні гарвыканкаму з справай пра кватэрныя махінацыі, на якіх пагарэлі кіраўнікі гарадзкой управы капітальнага будаўніцтва.

Пры канцы мінулага тыдня на гэтую тэму выказаўся й Аляксандар Лукашэнка:

«Некаторыя чыноўнікі, як гэта здарылася ў Гомелі, бралі дзясяткамі кватэры й перапрадавалі, а грошы клалі сабе ў кішэню. Сёньня крымінальная справа заведзеная, і не адзін чыноўнік з сваімі сваякамі і набліжанымі сядуць на лаву падсудных».

Па ўсім відаць, з «кватэрнай справай» зьвязаны й нечаканы сыход з кандыдатаў у дэпутаты ў Гомельскай-Навабеліцкай акрузе № 36 Ігара Пракапенкі, якога на пачатку верасьня Аляксандар Лукашэнка вызваліў ад пасады памочніка прэзыдэнта — галоўнага інспэктара па Гомельскай вобласьці.
XS
SM
MD
LG