Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скарачэньне паставак нафты як вынік махінацыяў з растваральнікамі


У чацьвёртым квартале Расея прадасьць Беларусі нафты амаль на траціну меней, чым дагэтуль.

У сярэднім кожныя тры месяцы на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы пастаўлялася амаль 5,5 мільёна тон нафты, аднак да канца году квота будзе зьменшаная да 4 мільёнаў. Экспэрты схільныя лічыць, што такім чынам Масква пакарала кіраўніцтва Беларусі за махінацыі. У Крамлі неаднойчы заяўлялі: пад выглядам растваральнікаў і разбаўляльнікаў, якія не абкладаюцца мытам, на Захад перапраўляліся гатовыя нафтапрадукты. Страты расейскага бюджэту ацэньваюцца ў мільярды даляраў.

Цягам кастрычніка-сьнежня 2012 году Расея зьнізіць пастаўкі нафты ў Беларусь на 26%. Такое рашэньне прыняло Міністэрства энэргетыкі Расейскай Фэдэрацыі. У абсалютных лічбах — гэта прыкладна на 1,5 мільёна тон меней, чым у папярэднія кварталы. У Маскве лічаць, што Менск доўга злоўжываў прывілеяваным становішчам, экспартуючы ў трэція краіны бэнзын ды салярку бяз сплаты мыта — пад выглядам іншай прадукцыі.

Беларускія афіцыйныя асобы пакуль не камэнтуюць такое рашэньне, але ва ўрадзе спасылаюцца на тое, што тыдзень таму на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе распачалі плянавы рамонт, і сыравіна ў ранейшых аб’ёмах не патрэбная. Між тым, як кажа загадчык сэктару эканамічнага дэпартамэнту расейскага Інстытуту энэргетыкі і фінансаў Сяргей Агібалаў, у такім выпадку скарачэньне ўсё роўна ня мела б такіх значных аб’ёмаў:

«У прынцыпе, пэўная карэкцыя ў сувязі з рамонтам заводу магла мець месца, але ў нашмат меншых аб’ёмах. Паводле маёй ацэнкі, яна павінна была скласьці дзесьці паўмільёна тон. А тое, што плянуецца скарачэньне прыкладна на 1,5 мільёна тон — а гэта, безумоўна, нашмат больш істотны паказьнік, — то тут ужо можна канстатаваць, што ёсьць фактары ня толькі аб’ектыўныя, але і некаторыя суб’ектыўныя. Найперш у выглядзе вось таго канфлікту па растваральніках і разбаўляльніках. Увогуле досыць дзіўна, што беларускія ўлады нічога пакуль не адкамэнтавалі, бо гэта, безумоўна, надта важны сэктар для эканомікі Беларусі. Такія істотныя карэкціроўкі, вядома, павінны былі б хоць неяк тлумачыцца».

Ад 2011 году Беларусь атрымлівае расейскую нафту бязмытна, але пералічвае ў расейскі бюджэт экспартнае мыта на нафтапрадукты. Аднак у Маскве зьвярнулі ўвагу: Беларусь прадае гатовага паліва больш, чым можа фізычна вырабіць. Падазрэньні, што Менск бяз сплаты мыта вывозіць у трэція краіны хімічныя кампанэнты (растваральнікі, разбаўляльнікі, змазачныя матэрыялы і г.д.) пад выглядам нафтапрадуктаў, урэшце пацьвердзіліся.

Паводле афіцыйных зьвестак, за 2011 год Беларусь нібыта вырабіла больш за 2 мільёны тон растваральнікаў і разбаўляльнікаў. І гэта пры тым, што ўсясьветны рынак гэтых рэчываў не перавышаў 1,5 мільёна тон. Пачатак гэтага году быў яшчэ больш ураджайны — без малога 3 мільёны тон паводле аналягічнай схемы пастаўлена перадусім у Латвію і Нідэрлянды.

Як кажа Сяргей Агібалаў, страты Расеі ад махінацыяў саюзьніка складаюць сама меней 2 мільярды даляраў. На тле таго, што летась Беларусь атрымала магчымасьць купляць сырую нафту нашмат таньней, чым усе іншыя спажыўцы, дваістая гульня выглядае беспрынцыповай:

дэ-факта страты для Расеі, вядома, нашмат вышэйшыя, але ў любым выпадку гэта велічыня менавіта такога парадку — звыш 2 мільярдаў даляраў ...

«На самой справе атрымалася нават больш, таму што першапачатковая лічба ў 2 мільярды даляраў агучвалася ў прывязцы яшчэ да пачатку гэтага году. Але, нягледзячы на гэта, Беларусь у сваім экспарце ня толькі не спынілася, а тэмпы яшчэ больш нарасьціла. Таму нейкія больш канкрэтныя лічбы я нават не пералічваў. Але спакойна можна казаць пра нашмат большую суму. То бок дэ-факта страты для Расеі, вядома, нашмат вышэйшыя, але ў любым выпадку гэта велічыня менавіта такога парадку — звыш 2 мільярдаў даляраў».

У Расеі патрабаваньне спыніць экспарт нафтапрадуктаў пад выглядам бэнзіну і дызпаліва агучвалася на самым высокім узроўні. У ліпені міжведамасная група пад кіраўніцтвам Фэдэральнай мытнай службы праверыла акалічнасьці вырабу і экспарту растваральнікаў і разбаўляльнікаў з тэрыторыі Беларусі, вынікам чаго стала спыненьне паставак расейскімі нафтавымі кампаніямі прадуктаў нафтаперапрацоўкі як сыравіны для вырабу магчымай кантрабанды. Між тым, як лічыць эканамічны аналітык Тацяна Манёнак, слаба верыцца, што Масква нічога не падазравала пра дваістую гульню найбліжэйшага саюзьніка:

Тацяна Манёнак

Тацяна Манёнак

«Паколькі гэты бізнэс працягваўся ад мінулага году, але ніякіх высноваў не было зроблена, гэта дае нагоду меркаваць, што і другі бок ня вельмі быў зацікаўлены ў тым, каб гэты канфлікт выплыў вонкі яшчэ раней. Відавочна, што бакі спрабавалі разьвязаць гэтае пытаньне паміж сабой. Іншая справа, што ня ўсё ўдаецца. Між тым разьвязаць спрэчную сытуацыю зусім нескладана. Дастаткова ўсяго толькі прыняць рашэньне аб увядзеньні мыта на гэты від прадукцыі. І, натуральна, пытаньне адпала б само па сабе. Пры такім раскладзе гэты бізнэс ужо зьнік бы сам па сабе, паколькі зусім ня выгадна было б займацца вытворчасьцю такой прадукцыі».

Беларускі бок доўгі час спрабаваў абвяргаць усялякую датычнасьць да махінацыяў з нафтапрадуктамі. Але ня так даўно прэм’ер-міністар Міхаіл Мясьніковіч запэўніў, што Беларусь пад ціскам Расеі цалкам спыніла экспарт растваральнікаў і разбаўляльнікаў. І ўдакладніў, што апошні вагон на Захад адышоў на пачатку жніўня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG