Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Л.Донскіс: Літва як добры сьледчы для Беларусі


Леанідас Донскіс

Леанідас Донскіс

Літоўскі філёзаф і палітоляг, дэпутат Эўрапарлямэнту Леанідас Донскіс у інтэрвію парталу bernardinai.lt --> http://www.bernardinai.lt/straipsnis/2012-09-26-leonidas-donskis-lietuvos-uzsienio-politikoje-nebeliko-kurybingumo/88477 аналізуе палітыку Эўразьвязу і Літвы ў дачыненьні да Беларусі.

Bernardinai.lt: Як бы вы ахарактарызавалі палітыку, якую Эўразьвяз праводзіць апошнімі гадамі ў дачыненьні да Беларусі? Часам яна падаецца такой непрадказальнай і да канца няяснай, што ня толькі палітыкі, але і аналітыкі ў найважнейшых эўрапейскіх навуковых цэнтрах ня ведаюць, як найбольш мэтазгодна паводзіць сябе з рэжымам А.Лукашэнкі.

Донскіс: Цяжка адназначна сказаць, бо мы гаворым пра аўтарытарны рэжым. З дыктатурамі насамрэч цяжка, таму што любая мэтодыка, кожны абраны шлях будуць вельмі абмежаваныя і мець свае мінусы.

Можна спрабаваць дэлегітымаваць і дыскрэдытаваць рэжым, аднак калі рэжым на гэта не рэагуе і апрача таго не зьвязаны трывалымі эканамічнымі повязямі, дык такая тактыка можа быць неэфэктыўнай. Беларусь цесна зьвязаная з расейскай эканамічнай прасторай, і любое ўведзенае Эўразьвязам эканамічнае эмбарга, абмежаваньні або санкцыі будуць хоць і балючымі, але, на жаль, не вырашальнымі. Гэта гульня так званай «расейскай картай». Расея, нават ня любячы Беларусі, бо ж Уладзімір Пуцін асабіста ня можа цярпець А.Лукашэнку, заўсёды будзе гуляць у пэўную гульню, імкнучыся зрабіць Беларусь сваім сатэлітам. А А.Лукашэнка хоча быць не расейскім губэрнатарам, а прэзыдэнтам незалежнай краіны, таму, нягледзячы на свой страшны рэжым, ён усяляк ахоўвае Беларусь ад ператварэньня ў губэрню Расеі.

Я б сказаў, што з боку Эўропы назіраецца чаргаваньне палітыкі бізуна і перніка. Пытаньне толькі ў тым, калі каторы акцэнт дамінуе. Доўгі час дамінаваў пернік, калі спрабавалі і сяк і так спакусіць і прыбавіць А.Лукашэнку. Часам бывалі спробы больш жорсткіх дзеяньняў, палітыкі бізуна, але вынік увесь час быў той, што краіна ўсё больш збліжалася з Расеяй, а становішча звычайных грамадзянаў Беларусі ніяк не мянялася.

Мне здаецца, што сытуацыя па сутнасьці можа пачаць мяняцца толькі калі супадуць тры важныя фактары: мусіць адбыцца сапраўднае аб’яднаньне апазыцыі і ўсеагульны нацыянальны ўздым супраць дыктатара; мусіць быць рашучая падтрымка з боку Эўропы; Расея мусіць пагадзіцца з тым, што рэжым ня мае будучыні, і перастаць яго падтрымліваць. Калі б усе гэтыя тры фактары спрацавалі адначасова, рэжыму прыйшоў бы канец. Пакуль гэтыя фактары не супадаюць, рэжым можа жыць столькі, колькі будзе жыць А.Лукашэнка.

Bernardinai.lt: Якая ў гэтай сытуацыі роля Літвы? Ці цяперашняя замежная палітыка Літвы можа прычыніцца да рэальных пераменаў у суседняй краіне?

Донскіс: З сумам мушу сказаць, што наша замежная палітыка страціла творчы характар. Нейкіх пяць-сем гадоў таму яна сапраўды была значна больш рафінаваная, інтэлектуальная і крэатыўная. Можна было спрачацца наконт сцэнарыяў, наконт некаторых «шыльдаў», скажам, наконт канцэпцыі рэгіянальнага лідэрства або іншых рэчаў, але былі прынамсі сур’ёзныя, цікавыя намаганьні, якія прызнавалі Заходняя Эўропа, Амэрыка, іншыя краіны, бо яны бачылі, што літоўская дыпляматыя і палітыка гнуткія і надзвычай эфэктыўныя. Найперш таму, што Літва, гаворачы ад імя Эўропы, можа разам з тым выконваць і функцыю перніка. Інакш кажучы, калі бізуном становіцца Эўразьвяз або Амэрыка, дык, будучы саюзьніцай, Літва была здольная выконваць такую, так сказаўшы, ролю добрага сьледчага. У патрэбны момант пабыць дабрэйшай і так зарабіць частку даверу і прыхільнасьці. Зразумела, такая палітыка мусіць быць цесна каардынаваная і загадзя ўзгодненая з Брусэлем і Вашынгтонам, бо сапраўды нельга было б раптам пачаць, напрыклад, какетаваць з А.Лукашэнкам, не ўзгадніўшы гэтага з Эўропай.

І ўсё ж я думаю, што Літва мусіла быць значна больш прынцыповая ў сваіх спробах працаваць зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю, з дысыдэнтамі. Вялікі ўдар тут нанесла здача А.Бяляцкага — гэта страшны грэх палякаў і літоўцаў. Ня ведаю, што гэта насамрэч было: спалучэньне наіўнасьці і злачыннай неасьцярожнасьці, або наіўнасьці і злой волі, але і палякі, і літоўцы тут аднолькава памыліліся. Гэты крок быў ня толькі сапраўдным падарункам А.Лукашэнку, але і плявок у твар Захаду і Эўропе.

Гэта сьведчыць аб тым, што мы не паглыбляліся, не аналізавалі іншадумства ў Беларусі. Калі б мы гэта рабілі, такіх памылак проста не было б. Мы, паспадзяваўшыся на афіцыйныя міжурадавыя і міжпрэзыдэнцкія дачыненьні, забыліся, што такога складанага і блытанага суседа трэба вывучаць і з зусім іншага гледзішча — цікавіцца і ведаць, што адбываецца ў грамадзтве. Трэба было высьвятляць, якая ў тым грамадзтве моладзь, што і як яна думае, трэба было больш карыстацца выгодамі таго, што Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт працуе ў Літве, а таксама кантактаваць з самімі беларускімі інтэлектуаламі, якія былі вымушаныя зьехаць з краіны і жывуць за мяжою.

Гэтую працу мы не зрабілі, таму спадзявацца на посьпех у такіх абставінах вельмі цяжка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG