Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шурхая распранулі на мяжы


Зьміцер Шурхай

Зьміцер Шурхай

Актывіста «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Дзьмітрыя Шурхая пяць гадзін трымалі на беларуска-польскай мяжы.

Пра гэта БелаПАН паведаміў сустаршыня аргкамітэту па стварэньні БХД Дзяніс Садоўскі.

Паводле яго слоў, Шурхай накіроўваўся ў Польшчу па асабістых справах.

«Яго на машыне каля 5 гадзін раніцы спынілі на памежным пераходзе „Варшаўскі мост“. Памежнікі не сказалі, з чым гэта зьвязана, аднак пільна аглядалі машыну. Пазьней яны адправілі Шурхая на асабісты агляд, распранулі практычна да ніжняй бялізны, але нічога незаконнага так і не знайшлі. Шурхаю пры гэтым растлумачылі, што шукаюць у яго электронныя носьбіты інфармацыі і грошы», — паведаміў Садоўскі.

Пры надглядзе прысутнічалі людзі ў цывільным, якія прадставіліся супрацоўнікамі міграцыйнай службы.

Шурхай змог перасекчы мяжу толькі а 10 гадзіне.

«Мы гэта зьвязваем, безумоўна, з актыўнай кампаніяй байкоту парлямэнцкіх выбараў у Берасьці, каардынацыяй якой займаўся Шурхай. У пятніцу, 21 верасьня, была спроба яго прэвэнтыўнага арышту, але ён змог схавацца і да сёньняшняга дня знаходзіўся ў сяброў, каб ня быць арыштаваным», — заявіў Садоўскі.
XS
SM
MD
LG