Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхалевіч пакаштаваў амэрыканскія кайданкі


Алесь Міхалевіч

Алесь Міхалевіч

Кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Алесь Міхалевіч быў затрыманы супрацоўнікамі іміграцыйнай службы ЗША па прылёце ў Нью-Ёркскі аэрапорт імя Кеннэдзі ўвечары 25 верасьня 2012 году і праз 12 гадзінаў быў выпушчаны.

"Праз 12 гадзін адпусьцілі на свабоду. Пакаштаваў амерыканскія наручнікі і вобшук. Вашынгтонскае бюро Інтэрполу мяне са сьпісаў пакуль не зьняло", - паведаміў Міхалевіч у Фэйсбуку.

Адразу пасьля вызваленьня Алесь Міхалевіч паведаміў Радыё Свабода:

"Сёньня пры праходжаньні амэрыканскай мяжы я быў затрыманы, мяне ў наручніках даставілі ў іншае аддзяленьне і патлумачылі, што ў сувязі з тым, што ў Вашынгтонскай базе Інтэрполу ёсьць маё прозьвішча, яны далі запыт і чакаюць - што са мной рабіць. Недзе праз 12 гадзін пасьля таго, як я знаходзіўся ў аэрапорце, мяне проста выклікалі, далі мне дакумэнты, запыталіся, куды і зь якой прычыны я прыехаў, і проста выпусьцілі. Пры гэтым папярэдне мне пачыналі ўжо гаварыць, што ў лепшым выпадку я буду чакаць свайго самалёта назад, але хутчэй за ўсё я буду проста затрыманы і перададзены нейкім кампэтэнтным органам.

Раней генэральны сакратар Інтэрполу казаў, што мяне ў сьпісе Інтэрполу няма, таму я думаю зьвярнуцца да Інтэрполу, каб яны пракантралявалі і выкрасьлілі мяне з усіх нацыянальных базаў дадзеных Інтэрполу. Бо наколькі я ведаю, нават унутры Эўразьвязу я ў большасьці краінаў застаюся ў тых базах дадзеных. Для мяне гэта вельмі непрыемныя моманты. З другога боку прыемна, што ў ЗША, як і ў Польшчы, усё ж такі разабраліся і па выніках ня сталі мяне доўга трымаць.


Алесь Міхалевіч прыбыў у Нью-Ёрк рэйсам з Варшавы ў 16:30 25 верасьня 2012 году і быў выпушчаны каля 4.00 мясцовага часу. Мэта ягонага прыезду — сустрэчы з важнымі чыноўнікамі ААН, з прадстаўнікамі розных амэрыканскіх грамадзкіх арганізацыяў, а таксама з ключавымі прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў ЗША.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG