Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таджыцкія сем’і мусяць мець двухгадовы запас прадуктаў


Кожная сям’я ў Таджыкістане павінна мець двухгадовы запас прадуктаў, каб перажыць будучую суровую зіму і ня быць залежнымі ад ваганьняў цэнаў на сусьветным рынку прадуктаў, заявіў у сераду прэзыдэнт рэспублікі Эмамалі Рахмон.

Раней таджыцкі лідэр ужо рабіў падобныя заявы. Цяперашняя была зроблена Рахмонам падчас рабочай нарады з кіраўніцтвам і актывам Хатлонской вобласьці на поўдні рэспублікі, па якой кіраўнік дзяржавы ажыцьцяўляе рабочую паездку.

«Эмамалі Рахмон нагадаў аб прагнозах мэтэаролягаў адносна таго, што ў гэтым годзе, як і годам раней, асеньне-зімовыя халады могуць прыйсьці рана і быць працяглымі», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы таджыцкага прэзыдэнта.

«У сувязі з гэтым кожная сям’я павінна мець двухгадовы запас харчаваньня і паліўнага матэрыялу», — прыводзіць прэс-служба словы прэзыдэнта.

Паводле дадзеных Сусьветнага банку, 46,7% насельніцтва Таджыкістану жывуць за рысай беднасьці, гэта значыць менш чым на $ 2 за дзень. Сярэдняя заработная плата ў рэспубліцы не перавышае $ 112 за месяц.

«Улічваючы тое, што сёлета ў большасьці краін сабрана параўнальна менш збожжа, у выніку чаго назіраецца рост коштаў на гэты прадукт, кожная пядзя зямлі павінна быць выкарыстана максымальна эфэктыўна для вытворчасьці рознай сельгаспрадукцыі», — падкрэсьліў Рахмон.

Прэзыдэнт таксама нагадаў аграрыям, што ім варта адмовіцца ад савецкай практыкі «дапамогі» баваўнаробам з боку школьнікаў і студэнтаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG