Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая энцыкляпэдыя сучасьнікаў ад Аляксандра Тамковіча


26 верасьня ў Менску пройдзе прэзэнтацыя кнігі Аляксандра Тамковіча «Арытмія, альбо код супраціву». Гэта 38 гісторый жыцьця вядомых грамадзкіх актывістаў і культурных дзеячаў.

Пра герояў зборніка нарысаў Тамковіча звычайна кажуць «чалавек з актыўнай пазыцыяй».

«Код супраціву — гэта тыя людзі, якія змагаюцца з арытміяй. Яны як лекі для грамадзтва супраць гэтай арытміі. У іх ёсьць нейкі код супраціву ўнутры. Яны не прымаюць хлусьню, якая сёньня ўсё сабой запоўніла»,— тлумачыць назву кнігі аўтар.

Сярод герояў кнігі:

  • Кіраўнік фонду «Дзецям Чарнобыля» Генадзь Грушавы. За 20 год дзейнасьці фонду больш за 300 тысяч дзяцей з забруджаных раёнаў аздаравіліся за мяжой.
  • Старшыня згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» Алена Макоўская. У рамках кампаніі «Будзьма беларусамі!» актывісты «Бацькаўшчыны» разам са сваімі прыхільнікамі робяць амаль тысячу культурніцкіх імпрэзаў у год.
  • Старшыня добраахвотнага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч. Ягоная арганізацыя склала дакумэнтацыю на сотні аб’ектаў спадчыны і прапанавала Міністэрству культуры ўключыць іх у сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў.

«Праз мой дыктафон за апошнія гадоў пяць прайшлі больш за 300 чалавек, — расказвае Аляксандар Тамковіч. — Я не прыдумляў сюжэтаў. Я не пісьменьнік. Я журналіст. Я проста ўключаю дыктафон і слухаю. А ім ёсьць што расказаць».

Адзін з герояў кнігі, намесьнік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Сяргей Антусевіч. Ён лічыць, што «Арытмія, альбо код супраціву» — гэта энцыкляпэдычны даведнік па сучаснай гісторыі:

«Я думаю, што для нашых нашчадкаў гэта будзе гісторыя і прыклад таго, як пражывалі гэтыя часы мы. Калісьці гэта будзе гісторыяй»,— сказаў Сяргей Антусевіч.

Кніга выдадзеная пра дапамозе Міжнароднага кансорцыюма «ЭўраБеларусь». Прэзэнтацыя адбудзецца 26 верасьня а 17.00 у Галерэі сучаснага мастацтва «Ў». У якасьці вядучай выступіць народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG