Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Мы на Акрэсьціна таксама выбары байкатавалі"


Belarus - prison Akrescina 2011
Belarus - prison Akrescina 2011

У Менску агітацыйную кампанію за байкот выбараў ўлады спрабавалі спыніць ў тым ліку праз рэпрэсіі. Як меней тры агітатары за байкот дагэтуль застаюцца на Акрэсьціна.

Учора, 25 верасьня з ізалятару на Акрэсьціна выйшлі актывісты Зьміцер Крэмянецкі, Ягор Віняцкі і браты Аляксей і Андрэй Дварэцкія. Актывіста Гавары праўду" Крэмянецкага, які ўдзельнічаў у кампаніі байкоту, затрымалі 21 верасьня на вуліцы, абвінавацілі ў непадпарадкаваньні і расьпіцьці сьпіртных напояў ды пасадзілі на Акрэсьціна на 5 сутак. Трыма днямі раней падчас пікету за байкот выбараў быў затрыманы Ягор Віняцкі, якому далі 7 сутак арышту. Браты Дварэцкія за расклейваньне ўлётак з заклікамі да байкоту за дзень да выбараў атрымалі па 3 дні арышту.

Зьміцер Крэмянецкі, якому я дазваніўся хутка пасьля ягонага вызваленьня, быў з тэмпэратурай болей за 38 градусаў. Распавёў, што зараз на Акрэсьціна вельмі холадна: ноччу тэмпэратура ў камэрах апускаецца да амаль 10 градусаў, бо ацяпленьня няма. "Мне перадалі спальнік, але ўсё роўна я мёрз", -- кажа актывіст. Не гледзячы на рызыку атрымаць дадатковыя суткі Крэмянецкі, а таксама Павал Вінаградаў і Аляксандр Арцыбашаў падчас выбараў адмовіліся галасаваць. Байкатавалі выбары і вязьні тых камэр, дзе яны сядзелі. Зьміцер Крэмянецкі распавёў пра выбары на Акрэсьціна.

"У нядзелю з раніцы да нас ў камэру зайшоў супрацоўнік ізалятару і запытаўся, ці пойдзем галасаваць. Я адказаў, што нашая камэра ўся за байкот. Астатнія вязьні гэта пацьвердзілі. Тады пачалі па аднаму выводзіць з камэры і пытацца, але ўсе зноў адмовіліся. Мяне вывялі апошнім і падвялі да дзядзькі ў акулярах, якія сядзеў побач з гэтай урнай для галасаваньня. Я зноў адмовіўся і ён загадаў вярнуць мяне ў камэру. Потым я даведаўся, што тое ж самае было ў камэры, дзе сядзелі Вінаградаў і Арцыбашаў. Увечары нас трох, мяне, Вінаградава і Арцыбашава вывелі на вуліцу і далі венікі, загадалі месьці двор. Мы адмовіліся і на нас склалі пратакол за непадпарадкаваньне. Сказалі, што на падставе такога пратаколу начальнік установы можа асабіста дадаць кожнаму па 5 сутак. Але я вось сёньня выйшаў – усё абышлося".

Паводле Зьмітра Крэмянецкага ў ягонай камэры было яшчэ 3 чалавекі – ўсе далёкія ад палітыкі. Агітаваць іх за байкот выбараў не давялося, кажа Зьміцер.

Суд над Максімам Вінярскім. праваабаронца Марыя Касьян, Наста Лойка
Суд над Максімам Вінярскім. праваабаронца Марыя Касьян, Наста Лойка
Паводле праваабаронцы з "Вясны" Насты Лойкі ўсяго ў Менску за час кампаніі ба байкоту выбараў былі затрыманыя 8 чалавек, зь іх 7 – арыштаваныя і аднаму далі штраф. Зараз на Акрэсьціна працягваюць сядзець актывісты байкоту Павал Вінаградаў, які мусіць выйсьці ў нядзелю, 30 верасьня, Аляксандр Арцыбашаў, які выйдзе на два дні раней і актывіст руху "Разам" Аляксандр Макаеў. Ён мусіць выйсьці на волю ў суботу. 29 верасьня.

Праваабаронца Наста Лойка адзначае асаблівасьці дзеяньняў сілавікоў супроць актывістаў падчас выбарчай кампаніі.

"Мы адсочваем дастаткова цікавыя тэндэнцыі. Калі раней прыцягвалі да адказнасьці звычайна за дробнае хуліганства, то зараз большая частка актывістаў асуджаная за ўдзел ў масавым мерапрыемстве і за непадпарадкаваньне. А гэта, скажам так, ўжо іншае, бо там не патрабуецца сьведкаў з іншых людзей, а дастаткова сьведкаў-міліцыянтаў. То бок яны цалкам адказнасьць за гэтую хлусьню бяруць на сябе".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG