Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Магчыма, да канца году Нацбанку ўдасца ўтрымаць сытуацыю»


Сяргей Чалы

Сяргей Чалы

Курс даляра 25 верасьня абнавіў гістарычны максымум гэтага году і ўсталяваўся на ўзроўні 8490 беларускіх рублёў. Як уплываюць на курс даляра псыхалягічныя чыньнікі, чаму многія беларусы зараз актыўна чакаюць далейшай дэвальвацыі? Ці ўплываюць на стабільнасьць валюты падвышэньні заробку і розныя падыходы сярод беларускага кіраўніцтва да гэтай праблемы? На гэтыя пытаньні адказвае фінансавы аналітык Сяргей Чалы.

Цыганкоў: «Апошнія дні назіраецца тэндэнцыя да зьніжэньня курсу беларускага рубля. Пра гэта шмат кажуць, людзі актыўна абмяркоўваюць магчымасьць новай дэвальвацыі. Ці ўплываюць псыхалягічныя чыньнікі на курс даляра?»

Чалы: «Так, несумненна, псыхалягічныя чыньнікі зараз, можа, нават асноўныя. І гэта якраз той выпадак, калі псыхалёгія масаў адарвалася ад эканамічнай рэальнасьці, бо аб’ектыўных прычынаў для сур’ёзнай дэвальвацыі няма. Калі казаць пра сытуацыю з замежным гандлем, дык там адбылося вяртаньне да нулявога гандлёвага сальда, што і павінна было быць пры плаваючым курсе.

Проста зараз упартасьць уладаў са сваёй мэтай дацягнуць заробак да 500 даляраў — гэта адзін з чыньнікаў нэрвознасьці. Прычым аб’ём апэрацыяў фізычных асобаў ня надта вялікі, а якраз для юрыдычных асобаў гэта галоўнае пытаньне — наколькі працягнецца макраэканамічная стабільнасьць.

І гэтая няпэўнасьць прыводзіць да руху курсу.

Відавочная супярэчнасьць паміж палітычнымі задачамі, якія ставяцца адміністрацыяй прэзыдэнта па росту заробкаў, — і Нацбанкам, які выступае за стабільнасьць на валютным рынку».

Цыганкоў: «Якая з гэтых пазыцыяў мацнейшая? Ці „стаяць да апошняга“, ці плаўна апускаць курс рубля?»

Чалы: «Тут супярэчнасьць паміж палітыкай і эканомікай. Калі даходы падвышаюцца да незаробленага ўзроўню, то далейшым аслабленьнем курсу гэтыя даходы проста зьядаюцца. Таму тут два варыянты — альбо штосьці мяняць у эканоміцы, каб яна была больш эфэктыўнай, альбо вяртацца да практыкі фіксаванага абменнага курсу.

Другое — гэта пазыцыя, якая падтрымліваецца, хутчэй за ўсё, адміністрацыяй прэзыдэнта. А Нацбанк, наадварот, выдатна разумее, што гэта шлях у нікуды, што гэта крыніца будучых дысбалянсаў. Яны якраз прыхільнікі таго, каб плаўнае аслабленьне беларускага рубля адбывалася. Гэта аб’ектыўна, бо інфляцыя ў нас ужо сёлета дасягнула 15 працэнтаў, а курс застаецца амаль нязьменны.

У мяне адчуваньне, што да канца году Нацбанку ўдасца ўтрымаць сытуацыю пад кантролем, але, зыходзячы з тых плянаў, якія намечаныя да 2015 году, выконваць іх бяз практыкі фіксаванага курсу ня ўдасца. Магчыма, Нацбанк зараз карыстаецца нэрвовасьцю насельніцтва, каб дабіцца таго курсу, які падабаецца ім болей. Бо яны заўсёды былі праціўнікі празьмернага ўмацаваньня рубля».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG