Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Беларускай праваслаўнай царкве заяўляюць, што нічога ня ведаюць пра ініцыятыву правядзеньня рэфэрэндуму аб узьяднаньні Беларусі, Украіны і Расеі.

Пра такую ініцыятыву паведаміў кіраўнік сынадальнага аддзелу Маскоўскага патрыярхату па ўзаемаадносінах царквы і грамадзтва протаярэй Усевалад Чаплін.

У размове з карэспандэнтам «Свабоды» протаярэй Усевалад Чаплін заявіў, што правядзеньне рэфэрэндуму — ініцыятыва не Расейскай праваслаўнай царквы, а нейкага саюзу грамадзкіх арганізацый. Пры гэтым айцец Усевалад не назваў гэтыя арганізацыі.

«Я ня маю дачыненьня да гэтай ініцыятывы. Да мяне яна мае дачыненьне толькі таму, што людзі прыйшлі памаліцца ў храм, дзе я служу, перад тым як пачаць збор подпісаў. Мы вывучаем гэтую ініцыятыву. Пабачым, як яна будзе ажыцьцяўляцца».

На пытаньне, ці ўзгаднялася правядзеньне такога рэфэрэндуму з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, протаярэй Усевалад Чаплін сказаў:

«Гэта пытаньні да гэтых грамадзкіх арганізацый. Пра тое, як яны вялі сваю працу, нічога ня ведаю. Відавочна, што сярод жыхароў Украіны, Беларусі і Расеі многія імкнуцца да максымальнага адзінства нашых народаў. Ну, а як будзе ажыцьцяўляцца гэтая ініцыятыва — пажывем, пабачым».

Прэс-сакратар Менскай эпархіі протаярэй Сяргей Лепін паведаміў, што Беларуская праваслаўная царква не зьбірае подпісаў за рэфэрэндум:

«Мне не падабаецца такая ініцыятыва. Тое, што ў Беларусі гэты збор не пачаўся, то гэта адназначна. Па-першае, гэта ня факт, што гэта будзе праходзіць. Айцец Чаплін шмат гаворыць, але як яно будзе насамрэч, ніхто ня ведае. У мяне няма ніякай удакладняльнай інфармацыі».

Прэс-сакратар Гарадзенскай эпархіі айцец Аляксандар сказаў, што ўпершыню чуе пра рэфэрэндум аб узьяднаньні Беларусі, Украіны і Расеі. Маўляў, ні ад патрыярхіі, ні ад экзархату ніякіх папер на гэты конт не атрымлівалі.
Патрыярх Кірыл казаў, што незалежнасьць дзяржаў, якія зараз існуюць, — гэта справа, якая не падлягае сумненьню. І мы павінны з гэтага зыходзіць

«Гэта пытаньне палітычнае. І наколькі царква і клірыкі могуць удзельнічаць у палітычных справах, гэта агаворана ў „Асновах сацыяльнай канцэпцыі РПЦ“. Патрыярх Кірыл казаў, што незалежнасьць дзяржаў, якія зараз існуюць, — гэта справа, якая не падлягае сумненьню. І мы павінны з гэтага зыходзіць».

Паводле палітоляга, рэдактара інтэрнэт-парталу «Царква» Наталкі Васілевіч, ініцыятыва, якую падтрымаў протаярэй Усевалад Чаплін, ня мае ніякай фармальнай, юрыдычнай і канстытуцыйнай падставы.

«Што яны там у Расеі робяць — гэта іх справы. Калі я заўтра арганізую збор подпісаў у царкве, каб адправіць Усевалада Чапліна ў складзе нейкай касьмічнай экспэдыцыі, я ня думаю, што людзі моцна зацікавяцца. Статус будзе такі ж самы, што Ўсевалад Чаплін у сябе ў храме зьбірае подпісы за тое, што яму здаецца належным. Гэта проста піяр-акцыя Ўсевалада Чапліна. У Беларусі таксама ёсьць сілы, якія былі б ня супраць працэсу аб’яднаньня, і яны маюць такі маргінальны характар. Але калі мы паглядзім сацыялягічныя дасьледаваньні, то ніякай такой падтрымкі мы ня знойдзем. Калі беларускі рэжым захоча правесьці такі рэфэрэндум, то тут, магчыма, будзе пра што гаварыць. А пакуль гэта ўсё глупства. Калі б гэта была ініцыятыва пуцінскага кіраўніцтва, то яны ініцыявалі б рэфэрэндум іншымі мэханізмамі, апроч скандальнага протаярэя».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG