Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​Экс-дэпутат Южык: Пэнсію атрымаю «па поўнай праграме»


Палата прадстаўнікоў

Палата прадстаўнікоў

Са 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў 4 скліканьня 90 чалавек цягам месяца мусяць вызваліць свае месцы ў Авальнай зале. А іншагароднія павінны пакінуць яшчэ і службовыя кватэры ў Менску. На дадатковы тэрмін затрымаецца 21 дэпутат — гэта найменшая колькасьць за ўсе папярэднія гады, бо зазвычай на другі заход ішла амаль палова ахвотных. Як паклапацілася дзяржава пра дэпутатаў, вызваленых ад заканатворчай дзейнасьці?

Зь якімі ўшанаваньнямі праводзілі ўлады з Авальнай залі дэпутатаў, якія, як лічаць экспэрты, заканатворчымі ініцыятывамі сябе не абцяжарвалі? Падлічана: з 400 заканадаўчых актаў уласна дэпутаты за 4 гады ініцыявалі толькі 3, усё астатняе было спушчана Саветам міністраў і прэзыдэнцкай адміністрацыяй.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў 4 скліканьня Пётар Южык апошнія гады выконваў функцыі намесьніка старшыні камісіі па ахове здароўя, фізычнай культуры, справах сям’і і моладзі. Абраньніка па Полацкай гарадзкой выбарчай акрузе № 28 я засьпеў якраз па дарозе на малую радзіму — у Залесьсе на Смаргоншчыне, дзе сёньня адзначаецца дзень нараджэньня славутага прадстаўніка гэтых мясьцінаў Міхала Клеафаса Агінскага:

«Так, якраз у дарозе. Дарэчы, едзем разам з заслужаным артыстам Беларусі, прафэсарам, сьпеваком Віктарам Скорабагатавым — на дзень нараджэньня Міхала Клеафаса Агінскага. Трэба адзначыць. У школе будзе сьвяточная імпрэза, зьбяруцца музыкі, дзеці, якія вучацца ў музычнай школе, настаўнікі, грамадзкасьць, інтэлігенцыя. Пабудзем там, сустрэнемся са старымі знаёмымі, кветкі ўскладзем, дрэўцы пасадзім…»


Пётар Южык

Пётар Южык

Спадар Южык неўзабаве зьбіраецца пераехаць на радзіму канчаткова. Іншыя ягоныя калегі па-рознаму разьвітваюцца з дэпутацкім мандатам. Многія зьвяртаюць увагу на тое, што трымацца асабліва няма за што, бо ранейшыя прывілеі ў бальшыні сваёй скасаваныя. Так, апошняму скліканьню дзеля эканоміі дзяржаўных сродкаў не кампэнсавалася ані дарога ў ведамасныя санаторыі, ані сам адпачынак, хоць раней прадугледжвалася 50-працэнтная зьніжка. Няма магчымасьці ня толькі атрымаць бясплатнае жыльлё ў сталіцы, а нават скарыстаць ільготны крэдыт. Застаўся толькі службовы транспарт, дый то ў абмежаванай колькасьці — для старшыняў камісіяў:

«Хто як вырашае, чым займацца. Я, напрыклад, пайду цалкам у адстаўку, ніякіх больш дзяржаўных спраў. Дый мне ўжо гады такія ладныя. Прыеду і буду займацца той справай, па якой мы і сёньня едзем зь Віктарам Іванавічам — разам адзначыць угодкі нашага славутага земляка. Зіму яшчэ перазімую ў сталіцы, а ўжо зь вясны пераеду і буду жыць пастаянна на радзіме. Гэта ўжо вырашана. Буду працаваць на ўчастку, прыводзіць да ладу бацькоўскую хату; трэба абабіць сайдынгам лазьню, хатку, якая ад маці яшчэ стаяла — нізенькая, з маленькімі вакенцамі. Вось будзе занятак на пэнсіі. А больш — нікуды».

Да 1 сьнежня іншагароднія дэпутаты абавязаныя вызваліць службовыя кватэры ў Менску зь відам на Сьвіслач. Суразмоўца зазначае, што фактычна гэта «інтэрнат падвышанай камфортнасьці», дзе жывуць шмат якія чыноўнікі, а ўсе выдаткі на ўтрыманьне жыльля перакладзеныя на часовых жыльцоў:
Дарэмна гавораць, што мы там жыравалі. Відаць, раней, можа, так і было, але мне цяжка нешта казаць

«Гэта службовыя кватэры, мы павінны здаць іх да 1 сьнежня. Вось і ўсё. Потым туды прыедуць новыя дэпутаты, таксама будуць жыць там, як дагэтуль і мы. Кватэры мэбляваныя, так што пра гэта думаць ня трэба. За кватэру плацім, як і ўсе сьмяротныя, таму ніякіх прывілеяў няма. У каго была патрэба — той пабудаваў кватэру на агульных падставах. Бралі крэдыты людзі камэрцыйныя, бо ніякіх ільготаў няма таксама. Таму дарэмна гавораць, што мы там жыравалі. Відаць, раней, можа, так і было, але мне цяжка нешта казаць, бо раней я дэпутатам ня быў. Але цяпер нічога незвычайнага няма, я не хлушу».

Народныя абраньнікі ўпарта хаваюць, якія мелі заробкі падчас працы ў парлямэнце. Ёсьць зьвесткі, што дэпутацкія аклады прывязаныя да 1000 даляраў, але зьверху дабаўляецца амаль такая ж сума ў выглядзе прэміяльных ды іншых матэрыяльных стымулаў. Некаторым, у тым ліку і Пятру Южыку, чатырохгадовы дэпутацкі тэрмін прынёс добры дадатак да пэнсіі:

«Я буду атрымліваць пэнсію, як кажуць, па поўнай праграме. Таму што я маю стаж дзяржаўнай службы ажно 40 гадоў! Такога рэлікта, напэўна, болей ужо няма. У мяне 16 кастрычніка будзе 50 гадоў працоўнага стажу, а ў лістападзе з гэтай паўсотні — 40 гадоў дзяржаўнай службы. Таму будзе ўсё, што і паложана законам аб дзяржслужбе — то бок, добрая пэнсія. А што тычыцца дэпутацкай… Хто трапіў у гэты сьпіс, хто выходзіць на пэнсію (а такіх там колькі — можа, 5–10 чалавек), той атрымае добра. А маладым жа нічога не прадугледжана. Тэрмін паўнамоцтваў скончыўся — усё, ідзі, працуй, як і працаваў раней. Ніякай ні пэнсіі, нічога. Гэта тычыцца толькі тых, хто застаў, што ў гэтым скліканьні пабыў у парлямэнце і выйшаў у гэты час на пэнсію. Вось тады яму па поўнай праграме — калі ёсьць дзяржслужба. А няма — дык і няма. У кожнага свой выпадак».

Былыя дэпутаты — цяперашнія пэнсіянэры — не падпадаюць пад звычайнае пенсійнае заканадаўства Беларусі. Згодна з адмысловымі інструкцыямі, іх пэнсія складае 70% заробку дзейнага дэпутата. Як толькі падвышаецца заробак — аўтаматычна павялічваецца і пэнсія. Адпаведна, калі заробак насамрэч прывязаны да 1000 даляраў, то пэнсія ў эквіваленце складае блізу 700 даляраў.

З прычыны немалых па беларускіх мерках матэрыяльных стымулаў ахвотных трапіць у лік парлямэнтароў дастаткова. Сярод тых, каго ўлады не без дапамогі адміністрацыйнага рэсурсу прывялі ў Палату прадстаўнікоў 5 скліканьня, амаль чатыры дзясяткі чыноўнікаў і «моцных» гаспадарнікаў, зь дзясятак сілавікоў, а таксама прэзыдэнцкія дарадцы, судзьдзі, пракуроры, прафсаюзныя і ідэалягічныя работнікі. Многія зь іх дасягнуць пэнсійнага ўзросту якраз падчас выкананьня дэпутацкіх абавязкаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG