Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнікі апазыцыі: «Актыўны байкот адбыўся»


Прадстаўнікі апазыцыйных структур, якія выступалі за байкот выбараў, заявілі на сумеснай прэсавай канфэрэнцыі, што байкот адбыўся і яны пачынаюць кампанію інфармаванньня пра гэта выбарцаў.

У офісе незалежнага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці 25 верасьня адбылася сумесная прэсавая канфэрэнцыя прадстаўнікоў рухаў і партыяў, якія выступалі за байкот выбараў. Старшыня АГП Анатоль Лябедзька адразу заявіў, што байкот адбыўся:

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«Выбарчая кампанія, якая праходзіла ў Беларусі і завяршылася, ня можа лічыцца выбарамі. Гэта псэўдавыбары ў ілжэпарлямэнт. Нашы прадстаўнікі актыўна ўдзельнічалі ў назіраньні, некаторыя мелі магчымасьць працаваць у выбарчых камісіях, і паводле тых дадзеных, якія мы атрымалі ад прадстаўнікоў нашых структур, кааптаваных у розныя сеткі назіраньня, мы канстатуем, што больш за палову выбарцаў у Беларусі ня бралі ўдзелу ў галасаваньні. Гэта азначае, што насамрэч байкот меў месца. На другі плян адыходзіць пытаньне, колькі людзей зрабілі гэта на заклік, а колькі праз інтуіцыю ці ляноту. Галоўнае, што легітымнага парлямэнту ў нас няма, на ягоным месцы — чорная дзірка».

Паводле Анатоля Лябедзькі, незалежным назіраньнем было ахоплена каля 1300 выбарчых участкаў і агульная выснова пра байкот выбараў насельніцтвам зробленая на рэпрэзэнтатыўнай падставе.

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі адзначыў, што ўдзельнікі сямі палітычных структураў пачынаюць інфармацыйную кампанію, каб праінфармаваць выбарцаў, што выбары не адбыліся, а таксама пра наяўнасьць у краіне палітвязьняў і неабходнасьць іх вызваленьня.

Зараз пытаньне пра вызваленьне палітвязьняў робіцца асноўным, лічыць і актывіст «Маладога фронту» Мікалай Дземідзенка:

Мікалай Дземідзенка

Мікалай Дземідзенка

«Безумоўна — гэта зараз прыярытэт. Мы нядаўна прэзэнтавалі сайт, дзе кожны літаральна за адну хвіліну можа паставіць свой подпіс у падтрымку палітвязьняў. Кампанія за вызваленьне палітвязьняў будзе працягвацца. А другім важным момантам інфармацыйнай кампаніі будзе тое, што намі кіруе нелегітымны ўрад, што выбары не адбыліся».

Паводле аднаго зь лідэраў «Беларускага руху» Віктара Івашкевіча, дзьве траціны выбарцаў Менску ў выбарах удзелу ня бралі.

«На прыкладзе Менску бачна, як гараджане паставіліся да выбараў, а гараджан у нас — 75%», — падкрэсьліў палітык:

«Сацыяльна-эканамічная сытуацыя пагаршаецца, пасьля выбараў зноў пачынаюцца праблемы з валютай, растуць розныя сацыяльныя канфлікты. І нашы структуры будуць спрыяць таму, каб выступленьні людзей за свае правы насілі больш масавы характар. Спадзеву на лібэралізацыю рэжыму ў нас ніякіх няма, і можа яго адхіліць толькі масавы народны рух».

Старшыня Менскага гарадзкога прафсаюзу РЭП Ігар Комлік адзначыў, што ў новым скліканьні Палаты прадстаўнікоў кваліфікаваную большасьць складаюць чыноўнікі, сілавікі, былыя дэпутаты, дырэктары прадпрыемстваў і навучальных установаў:

«А гэта якраз тыя людзі, чыімі рукамі робіцца фальсыфікацыя. Амаль нікога, хто мог бы прадстаўляць інтарэсы простага працаўніка, у новым складзе палаты прадстаўнікоў няма. Гэта нонсэнс для краіны, у якой налічваецца амаль 4,5 мільёна працаўнікоў, але няма іх прадстаўнікоў у парлямэнце».

На просьбу журналістаў удзельнікі канфэрэнцыі пракамэнтавалі тое, як асьвятляў беларускія выбары тэлеканал «Эўраньюс». Віталь Рымашэўскі:

Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі

«Альбо гэта адмысловая палітыка расейскай вэрсіі канала „Эўраньюс“, альбо проста недасканалая праца журналістаў пры асьвятленьні выбарчай сытуацыі ў Беларусі».

Пры гэтым Анатоль Лябедзька назваў аб’ектыўнай працу незалежных мэдыяў Беларусі падчас мінулай выбарчай кампаніі.

Мне асабіста давялося назіраць за выбарамі на 368 участку 101-й выбарчай акругі ў Менску. Я быў там з 9 раніцы да 15 гадзіны і бачыў, як павялічваўся разрыў паміж дадзенымі яўкі выбарцаў, якія давалі незалежныя назіральнікі, і тым, што паведамляў старшыня ўчастковай камісіі Вадзім Буднік. Паводле яго, на 11 гадзіну на ўчастку прагаласавала 212 чалавек, але назіральнікі ад БНФ казалі толькі пра 54 чалавекі, што адпавядала і маім назіраньням. Адметна, што назіральнікі ад БРСМ, Спартовай партыі і Фонду міра сказалі, што яны ня лічаць выбарцаў, а толькі глядзяць за тым, «як ідуць выбары».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG