Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Die Welt: «Эўрапейскаму зьвязу варта рабіць ціск на Беларусь»


Такое меркаваньне выказвае ў артыкуле пра вынікі выбараў у Беларусі нямецкі журналіст Міхаэль Шцюрмэр.


Ні Расеі, ні Эўрапейскаму зьвязу ня варта ісьці на повадзе ў дыктатара пасьля таго, як выбары ў Беларусі прайшлі па чаканым сцэнары. Беларусь засталася верная сваёй рэпутацыі апошняй камуністычнай дыктатуры ў Эўропе.

Выбары ў беларускі парлямэнт прайшлі як па масьле. Не было ніякіх сюрпрызаў, што зусім нядзіўна: апазыцыйнасьць пры рэжыме Лукашэнкі шкодная для здароўя і можа скончыцца сьмяротным зыходам.

110 новасьпечаных дэпутатаў найвышэйшага заканадаўчага органу краіны ні хвіліны не сумняваюцца ў мудрасьці і кіраўніцкіх здольнасьцях свайго правадыра. Аднак трэба мець незвычайную фантазію, каб і сапраўды палічыць, што ўсе гэтыя фальсыфікацыі пайшлі на карысьць беднай і даведзенай да поўнай галечы краіне.

Ніводзін кандыдат ад апазыцыі ня змог стаць уладальнікам дэпутацкага мандату. Магчыма, так атрымалася таму, што лідэры беларускай апазыцыі заклікалі ня ўдзельнічаць у «выбарчым фарсе і падфарбоўваньні фасадаў беларускай дэмакратыі ». Яўка на выбары, паводле дадзеных беларускага Цэнтравыбаркаму, склала 74,3%. Некаторыя крытыкі сьцьвярджаюць, што гэтыя лічбы ўзятыя з паветра , таму што той, хто хадзіў на выбары, альбо быў прыхільнікам рэжыму, альбо зрабіў гэта па прымусу.
Для сучасных дэспатаў гранічна важна мець у краіне дэмакратычныя рытуалы і прыкметы, якія служаць легітымізацыі іх улады. Іншая справа, што гэтыя «сродкі» пустыя і нічога ня значаць.

У «тлустых» ёсьць вялікая перавага — яны ведаюць шляхі і мэтады, як даўжэй захаваць цёплае месцайка, а «маленькія» людзі, якіх пазбаўляюць і так невялікага права на цывілізаванае жыцьцё, застаюцца з носам. Эўрапейцам даўно варта перастаць проста са шкадаваньнем паціскаць плячыма.

Афіцыйны Брусэль павінен зрабіць ціск на рэжым Лукашэнкі, які давёў краіну да поўнага зьбядненьня, што, у выніку, прывядзе да зьмены паводзінаў беларускага лідэра.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG