Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Коммерсантъ»: Беларусам падабаецца жыць у «жорсткага старшыні калгасу»


Канстанцін Эгерт

Аглядальнік расейскай газэты «Камэрсант» Канстанцін Эгерт лічыць, што па выніках датэрміновага галасаваньня Беларусь дасягнула лічбаў, якія «здаецца, ня сьніліся нават нашаму Паўночнаму Каўказу».

Эгерт піша:

«Эўрапарлямэнт і АБСЭ легітымнасьць выбараў, натуральна, не прызналі. Група назіральнікаў ад СНД на чале з выканаўчым сакратаром Садружнасьці, былым кіраўніком расейскай выведкі Сяргеем Лебедзевым, наадварот, па традыцыі, рассыпалася ў пахвалах «дэмакратызму» гэтай тэатральнай пастаноўкі. На самай справе, усё гэта сумна і наводзіць сум.

Выбары, пры ўсёй іх фальшывасьці, на жаль, у цэлым адлюстроўваюць погляд народу суседняй краіны на жыцьцё. Усе, хто займае больш-менш актыўную пазыцыю, адтуль зьехалі ці імкнуцца зьехаць. Такіх няшмат. Астатнія беларусы гатовыя жыць у ролі прыгонных у паўпісьменнага, хітрага і жорсткага старшыні калгасу, які забраўся на вяршыню ўлады.

У іх, тых, хто ня зьехаў, мазгі даўно і начыста прамытыя апавяданьнямі мясцовага тэлебачаньня пра жахі прыватызацыі і дэмакратызацыі ў Расеі і іншых краінах постсавецкай прасторы. Таму што, з пункту гледжаньня Лукашэнкі, нават пуцінскі стыль кіраваньня залішне дэмакратычны.

Масква, якая авалодала асноўнымі беларускімі актывамі, натуральна, нічога мяняць у жыцьці свайго заходняга пратэктарату ня хоча. Наадварот, у Крамлі марылі б паўтарыць досьвед Аляксандра Рыгоравіча, але расейцы ўсё ж круцейшыя за беларусаў, дый маштаб краіны іншы.

Эўразьвяз настолькі слабы, што ня мог нават адклікаць амбасадараў усіх 27 краінаў-сябраў, калі іх калегу, амбасадара Швэцыі, Лукашэнка выкінуў зь Менску. А тут яшчэ і крызыс эўра перашкаджае засяродзіцца на зьнешняй палітыцы. І наогул, у эўрапейцаў, як вядома, адны каштоўнасьці для сябе, а іншыя – на экспарт.

Пра Злучаныя Штаты я наогул не кажу. Падазраю, што Барак Абама ня вельмі цьвёрда памятае, дзе знаходзіцца Беларусь, а Міт Ромні пакуль яшчэ ня ведае, што такая краіна існуе. Так што Лукашэнка можа выступіць з прамовай перад марыянэткамі з Нацыянальнага сходу і выдзеліць ім па адрэзу на паліто ці што там яшчэ выдаюць у менскіх спэцразьмеркавальніках. Ён таксама можа дазволіць сабе цешыцца марай пра тое, як рана ці позна перадасьць уладу сыну Віктару і рэалізуе нерэалізаваную мару Кадафі і Мубарака аб спадчынным прэзыдэнцтве – прычым проста ў цэнтры Эўропы. Ці я ўсё ж згушчаю фарбы?»

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG