Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні на 89-ым годзе жыцьця памёр Мікалай Мельнікаў, былы выкладчык літаратуры ў Гарадзенскім унівэрсітэце імя Янкі Купалы, стваральнік грамадзкага музэю Васіля Быкава, удзельнік Другой Сусьветнай вайны, сябра Саюза беларускіх пісьменьнікаў.

Мікалай Мельнікаў паходзіць з Чавускага раёна Магілёўскай вобласьці. У Горадню ён трапіў пасьля вайны, працаваў выкладчыкам на факультэце філялёгіі ў Гарадзенскім унівэрсытэце.

У 2004 годзе дзякуючы найперш ягоным намаганьням у Горадні быў створаны грамадзкі музэй Васіля Быкава — адзінае месца, дзе жыхары і госьці горада могуць пазнаёміцца з жыцьцём і творчасьцю знакамітага беларускага пісьменьніка.

У спадчыну Мельнікаў пакінуў некалькі аўтабіяграфічных кнігаў, у тым ліку «Адчай, боль і горыч», у якой распавёў гісторыю пра раскулачваньне ягонай сям’і, пра гвалт новай улады над беларускім сялянствам і разбурэньне іх гаспадаркі. Мельнікавых вывозілі ў канцлягер таварным эшалёнам, куды сагналі людзей з усяго Чавускага раёну, а хаты задарма забірала новая ўлада.

Апошнія гады Мікалай Мельнікаў практычна ўвесь час знаходзіўся ў сваёй невялічкай кватэрцы на вуліцы Горкага — хадзіў ужо мала, імкнуўся чытаць, дасылаў допісы і лісты ў розныя выданьні, рупіўся пісаць літаратуру, але перашкодай была хвароба... У гэты час частым ягоным госьцем была гарадзенская пісьменьніца Данута Бічэль.

Яна кажа, што ён быў адзін з нямногіх, хто гуртаваў вакол сябе людзей па дружбе і па сяброўству. Ён шмат страху перажыў у дзяцінстве, калі ў 5-гадовым узросьце разам з сям’ёю быў вывезены ў лягеры, шмат бачыў сьмерці і людзкіх пакутаў. Гэты дзіцячы страх, паводле Дануты Бічэль, не даваў яму магчымасьці самарэалізавацца, але ён увесь час цярпліва працаваў, каб зрабіць сабе імя і мець нармальную сям’ю.

Данута Бічэль

Данута Бічэль

Данута Бічэль: «І нарэшце ў гэтым стагоддзі, ужо ў апошнія гады свайго жыцьця ён рэалізаваў сябе тым, што скінуў вось гэты свой страх, напісаў, як мог, пра сваю сям’ю. І ўсё там ёсьць у ягоных кнігах, усё там можна прачытаць пра лёс усіх Мельнікавых».

Прафэсар Аляксей Пяткевіч сябраваў з Мікалаем Мельнікавым з 1957 года, разам працавалі ў гарадзенскім унівэрсітэце, блізка сябравалі, дзяліліся самым запаветным. Пяткевіч ведаў яго як сумленнага і пасьлядоўнага чалавека ў грамадзянскіх адносінах. Але, паводле Пяткевіча, асаблівы крок у сваім жыцьці ён зрабіў у гады перабудовы.

Аляксей Пяткевіч

Аляксей Пяткевіч

Пяткевіч: «Ён нечакана для мяне нават павярнуўся да беларушчыны, прычым, павярнуўся вельмі рэзка, вельмі шмат рабіў з гэтае пары на глебе прапаганды беларускасьці. А ў апошні час стварыў у Горадні музэй Быкава і наколькі хапала сіл і здароўя фарміраваў гэты невялічкі, пакуль неафіцыйны, але бясспрэчна пэрспэктыўны музэй у Горадні».

За дзейнасьць у справе захаваньня гарадзенскай спадчыны Васіля Быкава Мікалай Мельнікаў ад беларускага Пэн-цэнтра быў уганараваны прэміяй імя Алеся Адамовіча.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG