Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 Дабравольскі: «Верхняя палата» ня мае сэнсу


Аляксандар Дабравольскі

Аляксандар Дабравольскі

25 верасьня ў Беларусі – дзень выбараў. І гэта не памылка, хоць выбары ў Палату прадстаўнікоў скончыліся ў нядзелю, 23 верасьня. Сёньня ў Беларусі абіраецца верхняя палата Нацыянальнага сходу – Савет Рэспублікі.

Савет Рэспублікі згодна з дзейнай Канстытуцыяй фармуецца ў складзе 64 чалавек. Кожная вобласьць і Менск вылучаюць па восем прадстаўнікоў. Яшчэ восем асабіста прызначае кіраўнік дзяржавы.

Кандыдатаў у верхнюю палату рэгіструюць у Цэнтральнай выбарчай камісіі. Сёлета іх зарэгістравана 56. А гэта азначае, што абраньне чальцоў Савета Рэспублікі пройдзе на абсалютна безальтэрнатыўнай аснове. Хоць заканадаўства і дазваляе вылучэньне некалькіх кандыдатур на адно месца.

Абіраюць у верхнюю палату на спэцыяльных сэсіях дэпутатаў так званага базавага роўня. У абласны цэнтар звычайна звозяць частку дэпутатаў ад кожнага раёна і яны праводзяць галасаваньне. Пакуль не зафіксавана ніводнага выпадку, калі б кагосьці з кандыдатаў тут, як кажуць, пракацілі.

Верхняя палата ў Беларусі з'явілася пасьля так званага рэфэрэндуму 1996 году. Спасылаючыся нібыта на волю грамадзян, улады стварылі замест аднапалатнага Вярхоўнага Савета двухпалатны Нацыянальны сход.

Для Беларусі абсалютна нармальным было б існаваньне аднапалатнага парлямэнту – лічыць адзін з распрацоўшчыкаў "Малой Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь " Сяргей Альфер:

Сяргей Альфер

Сяргей Альфер

"Частка краін, якія параўнальныя з Беларусьсю па насельніцтву альбо па тэрыторыі, таксама выбіраюць дзьве палаты. Але ж наяўнасьць другой палаты тут зьвязаная выключна з гістарычнымі традыцыямі. А ў сучасны пэрыяд амаль няма краін, якія б спэцыяльна ўводзілі двухпалатны парлямэнт.

Сучаснаму беларускаму парлямэнтарызму крыху болей за 20 гадоў. І мне здаецца, што для Беларусі абсалютна нармальным было б існаваньне аднапалатнага парлямэнту, без верхняй палаты. Тым больш, што яна не адыгрывае ніякай значнай ролі ў палітычным жыцьці краіны".

Дэпутат Вярхоўнага Савета 13 скліканьня Аляксандар Дабравольскі лічыць, што ў Беларусі верхняя палата – гэта штучная, прыдуманая ўстанова:

"З пункту гледжаньня юрыдычнай тэорыі двухпалатныя парлямэнты звычайна бываюць у фэдэрацыях – там, дзе трэба адстойваць правы рэгіёнаў. І там, дзе яны істотна адрозьніваюцца ад інтарэсаў фэдэральнай улады. Беларусь – унітарная дзяржава. І звычайна верхняй палаты парлямэнту ў такіх дзяржавах няма".

Спадар Дабравольскі працягвае:

Дэпутатаў ніхто ня ведае, што яны робяць, ніхто ня ведае.

"Праблема Беларусі ня ў тым, ці патрэбны ёй сэнат, як верхняя палата? Мне здаецца, гэта цацка, у якой няма сэнсу. Там не прымаюцца ніякія рашэньні. Яны толькі фармальна прымаюцца. А рэальна ўсё вырашаецца ў прэзыдэнцкай адміністрацыі. І гэтыя дзьве часткі парлямэнту фактычна ператварыліся ў інструмэнт адміністрацыі. Дэпутатаў ніхто ня ведае, што яны робяць, ніхто ня ведае. Адказнасьці ніякай няма. Было б правільна скасаваць наагул парлямэнт у Беларусі. І гэта адпавядала бы рэчаіснасьці. І не было б тады ніякай шырмы".

Што тычыцца тых васьмі чальцоў Савета Рэспублікі, якіх непасрэдна прызначае Аляксандар Лукашэнка, то ён робіць гэта звычайна пазьней. Да таго ж заўважана, што кіраўнік дзяржавы адразу не выкарыстоўвае ўсю квоту, пакідаючы некалькі вакантных месцаў для розных чыноўнікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG