Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад адмаўляецца супрацоўнічаць з Камітэтам па правах чалавека ААН


Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі
Урад Беларусі адказаў на скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН, якая была пададзеная па даручэньні Алеся Бяляцкага яго жонкай Натальляй Пінчук, а таксама падпісаная Антуанам Бэрнарам, генэральным дырэктарам Міжнароднай Фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH), віцэ-прэзыдэнтам якой зьяўляецца Алесь Бяляцкі. Пра гэта паведамляе праваабарончы сайт «Вясна».

Упраўленьне Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН накіравала заяўнікам ноту Пастаяннай місіі Рэспублікі Беларусь пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэнэве. У дакумэнце сказана, што Беларусь, з свайго боку, спыняе працэдуру па дадзеным паведамленьні і ня будзе лічыць сябе зьвязанай абавязацельствамі па рашэньні, якое будзе прынята Камітэтам па правах чалавека ААН па гэтай справе. У ноце заяўлена, што для разгляду скаргі Алеся Бяляцкага адсутнічаюць прававыя падставы. Беларускі ўрад спасылаецца на сваю пазыцыю, выказаную ў 2010-11 гадах па скаргах, пададзеных у дачыненьні да Беларусі: дзяржава не прызнае Правілы працэдуры Камітэту, таму ўсе паведамленьні будуць адхіленыя ўрадам без камэнтароў, а рашэньні Камітэту па такіх паведамленьнях будуць разглядацца дзяржавай як несапраўдныя.

Намесьнік старшыні Праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч: «Такая адмова зьяўляецца парушэньнем міжнароднай дамовы, падпісанай і ратыфікаванай Рэспублікай Беларусь, — Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і Факультатыўнага пратакола да яго.
Адмова дзяржавы ад перапіскі па справе Алеся Бяляцкага, відавочна, дэманструе няздольнасьць ураду абвергнуць скаргу па сутнасьці

У тым выпадку, калі дзяржава паказвае на адсутнаьсць прававых падстаў скаргі па справе Алеся Бяляцкага, то яна павінна прыводзіць свае пярэчаньні ў рамках гэтай працэдуры, але не спыняць камунікацыю. Адмова ж дзяржавы ад перапіскі па справе Алеся Бяляцкага, відавочна, дэманструе няздольнасьць ураду абвергнуць скаргу па сутнасьці. Тым ня менш, скарга ад імя Алеся Бяляцкага будзе разгледжана Камітэтам па правах чалавека».

Прафэсар права Антуан Бэрнар, генэральны дырэктар Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека (FIDH): «Беларусь неаднаразова дэманстравала грубыя парушэньні 26-га артыкулу Венскай канвэнцыі і Пакту і Факультатыўнага пратаколу… Пазыцыя, занятая па справе Алеся Бяляцкага, на жаль, працягвае гэтую тэндэнцыю. Гэта канчаткова падрывае аўтарытэт дзяржавы, якая парушае як правы сваіх грамадзян на ўнутраным узроўні, так і свае абавязальніцтвы на ўзроўні міжнародным».

Суэр Бэлхасен, Прэзыдэнт FIDH: «Напярэдадні юбілею, які наш калега будзе адзначаць за калючым дротам (25 верасьня Алесю споўніцца 50 гадоў), мы яшчэ раз падкрэсьліваем адназначна палітычны характар ягонага перасьледу. І адмова Беларусі супрацоўнічаць з ААН па яго справе, і сыстэматычны ціск і ізаляцыя Бяляцкага ў зьняволеньні яшчэ раз пацьвярджаюць гэта».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG