Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Горш за ўсіх спрацавалі, толькі 60% запісалі...»


Сьведчаньні назіральнікаў з рэгіёнаў пра маштабы фальшаваньня вынікаў выбараў.

Актывіст АГП Аляксандар Кулакоў быў сябрам участковай камісіі № 35 Аршанскай гарадзкой выбарчай акругі. Ён працаваў з выбарцамі — суседзямі з дому, у якім жыве, і кажа, што яўка на выбары была невысокая:

«Я сам сядзеў з гэтым сьпісам выбарцаў з майго дома і сумняваўся. Думаў, 50% ня прыйдзе, меней будзе. Але старшыня паехаў у выканкам, вярнуўся і сказаў, што прагаласавалі 60%. Яшчэ сказаў, што мы горш за ўсіх спрацавалі, што толькі 60% запісалі... Ці ня так запісалі, ці мала выбарцаў прыйшло».


«Я налічыў 535 бюлетэняў, камісія — 1141»


На Гомельшчыне, паводле афіцыйных зьвестак, выбары адбыліся ва ўсіх 17 акругах. Аднак незалежныя назіральнікі не пагаджаюцца з такімі высновамі, і асабліва ў 33 і 34 гарадзкіх акругах.

Назіральнік участку № 42 Гомельскай-Цэнтральнай выбарчай акругі № 33 Сяргей Логвін:

«Я сядзеў, лічыў. Чалавек у скрыню апускае бюлетэнь — я пішу: адзін, другі — другі. Налічыў за дзень — кінулі 535 бюлетэняў. А калі камісія вывесіла пратакол — у ім паставілі 1141. 606 чалавек проста прыпісалі. 535 — гэта 30 адсоткаў, а ім трэба было 53 адсоткі тых, хто прагаласаваў. Вось яны й напісалі 1141 і запісалі за начальніка аддзела адукацыі Цэнтральнага раёну. Старшыня камісіі паглядзела на нас жаласьліва: кшталту, ну што я магу зрабіць? А я ім: вы як з бадуна, у вас дваіцца. Я ім мог з раніцы пратакол напісаць такі, які яны вывесілі — хто выйграе і колькі чалавек прыйдзе. Вось як нам добра — нам ня трэба думаць, каго выбіраць».
Я ім мог з раніцы пратакол напісаць такі, які яны вывесілі — хто выйграе і колькі чалавек прыйдзе

Партыя левых «Справядлівы сьвет» татальна назірала за выбарамі на 25 участках 33-й выбарчай акругі. Сярэдняя яўка на іх склала 40,1 адсотка, а акруговая камісія падае, што прагаласавалі ў акрузе амаль 64 адсоткі выбарцаў.

Падобная сытуацыя і ў Гомельскай-Савецкай выбарчай акрузе № 34. Па выніках татальнага назіраньня на 27 участках акругі прагаласавалі 35,1 адсотка выбарцаў, а камісія падае — 69 адсоткаў.

Назіральніца з участку № 20 Савецкай акругі Людміла Судзілоўская:

«Уражаньне жахлівае. Нават у самым страшным сьне нельга такому спраўдзіцца, як я пабачыла наяве на 20 участку. Па-першае, абсалютная сакрэтнасьць ва ўсім, што тычыцца колькасьці выбарцаў, бюлетэняў. Па выніках назіраньня на ўчастку прагаласавалі 507 выбарцаў, а ў пратаколе было 1149. Розьніца — 642 чалавекі. Ня толькі прыпісалі, але і ў скрыню датэрміновага галасаваньня кінулі столькі бюлетэняў, колькі хацелі».


«Мы пільна лічылі: удзельнічалі ў галасаваньні толькі 42,2% выбарцаў»


На Меншчыне дэмакратычныя актывісты з Барысава арганізавалі адмысловае «татальнае» назіраньне на пяці ўчастках выбарчай акругі № 62.

Старшыня гарадзкой арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Міхаіл Васільеў:

«У сярэднім на гэтых пяці выбарчых участках удзельнічалі ў галасаваньні 42,2% выбарцаў ад агульнай іх колькасьці, якія былі загадзя занесеныя ў сьпісы. Гэта — нашы дадзеныя. Мы пільна ўсё лічылі — і датэрміновае галасаваньне, і вынасныя урны, і наведваньні ў дзень асноўнага галасаваньня...А паколькі гэтае назіраньне адбывалася на розных участках у розных мікрараёнах Барысава, то атрымаўся такі тэрытарыяльны зрэз, цалкам аб’ектыўны».

На кожным зь пяці ўчасткаў былі загадзя вызначаныя па 4 дэмакратычныя назіральнікі, каб яны маглі тут чаргавацца ды ні на хвіліну не пакідаць па-за ўвагай працэс галасаваньня. Натуральна, што ўчастковым камісіям гэтыя «чужыя вочы» не падабаліся, але незалежныя назіральнікі не паддаваліся на правакацыі — паводзілі сябе дысцыплінавана, не заміналі ані выбарцам, ані камісіі.

Міхаіл Васільеў: «Прынамсі, чальцы камісіі не адважыліся ўкідаць у скрыні „лішнія“ бюлетэні. А неабходны працэнт яўкі „вывелі“ за кошт таго, што прыпісалі колькасьць выбарцаў, каб было крышачку больш за 50%».
XS
SM
MD
LG