Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Байкот-101» аспрэчвае афіцыйныя лічбы


Каардынатары кампаніі байкоту выбараў у Палату прадстаўнікоў у Фрунзенскай выбарчай акрузе № 101 Менску заявілі пра намер падаць скаргу аб непрызнаньні вынікаў выбараў у Цэнтравыбаркам, а потым і ў Вярхоўны суд.

Паводле афіцыйных дадзеных, на байкотнай 101-й акрузе ў Менску прагаласавала 58,8% выбарцаў. Аднак байкотныя назіральнікі сьцьвярджаюць, што, паводле іх падлікаў, прагаласавала 35,69% выбарцаў. Арганізатары кампаніі байкоту і назіраньня сьцьвярджаюць пра відавочную фальсыфікацыю яўкі. Намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч адзначыў, што спраўдзіць пэўныя лічбы даволі проста:

Юрась Губарэвіч

Юрась Губарэвіч

«На 62-тысячную акругу знайшлося практычна дзесяць тысяч чалавек разыходжаньня — паміж тым, што бачылі на свае вочы назіральнікі, і тым, што дэкляруюць камісіі. Гэта якраз выдатны момант, каб праверыць гэтыя выбары на сапраўднасьць і давесьці фальсыфікацыі. І ўлада, калі б яна была зацікаўленая, каб зьняць усе абвінавачаньні з боку незалежных назіральнікаў, якія, паводле Ярмошынай, нібыта з галавы ўзялі гэтыя нізкія лічбы яўкі, — яна мае цудоўную магчымасьць для праверкі дзеяньняў участковых камісіяў. А менавіта — праверыць рэгістрацыйныя аркушы. Альбо наяўнасьць гэтых подпісаў: калі яны сфальшаваныя, а сфальшаваны кожны другі, можна элемэнтарнай празвонкай пацьвердзіць наяўнасьць фальшаваньня і завышэньня яўкі. Гэта зрабіць вельмі проста».

Адзін з кіраўнікоў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Аляксандар Фядута адзначыў, што на 101-й акрузе было найбольш моцнае незалежнае назіраньне, былі закрытыя амаль што ўсе ўчасткі. Менавіта гэтая акруга была найбольш моцна закіданая ўлёткамі з заклікамі да байкоту. Таксама Фядута адзначыў моцны крэатыўны складнік і ролю моладзевай арганізацыі «Зьмена», лідэр якой Павал Вінаградаў арыштаваны і выйдзе на волю толькі 30 верасьня.

Аляксандар Фядута

Аляксандар Фядута

«Вынікам гэтага была тая лічба, якую мы атрымалі. Яна ніжэйшая за сярэдні паказчык па Менску. Я ня маю на ўвазе тыя лічбы, якія былі агучаныя спадарыняй Ярмошынай і кіраўнікамі акруговых камісіяў. Я маю на ўвазе тую лічбу, якую агучвала незалежнае назіраньне. І тое, што гэтая лічба меншая, сьведчыць пра тое, што праца нашая як прыхільнікаў байкоту ў 101-й акрузе была больш моцная,чым, на жаль, праца нашых калегаў. Тых, хто ўзяў на сябе адказнасьць за правядзеньне кампаніі байкоту ва ўсёй краіне. Байкот павінен быць актыўным».

Ігар Лялькоў

Ігар Лялькоў

Арганізатары байкоту ў адной акрузе зьбіраюцца скарыстаць назапашаны досьвед для будучых электаральных кампаніяў. Паводле намесьніка старшыні Партыі БНФ Ігара Лялькова, гэта быў прыклад яднаньня ў дзеяньні:

«Я думаю, што надалей дэмакратычныя сілы павінны ўлічваць гэты досьвед і павінны імкнуцца да таго, каб дэклярацыі пра адзінства не былі проста пустымі дэклярацыямі, як бы прыгожа яны ні былі напісаныя, а яны падмацоўваліся рэальнымі агульнымі дзеяньнямі, як гэта было падчас кампаніі «Байкот-2012».
XS
SM
MD
LG