Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Калі б апазыцыя аб’ядналася — палітвязьні былі б на волі»


Натальля Пінчук

Натальля Пінчук

Палітычныя вязьні і іх сем’і заяўляюць, што падчас выбарчай кампаніі тэме палітзьняволеных было прысьвечана мала ўвагі. Выбары для апазыцыйных дэмакратычных сілаў яны называюць безвыніковымі.

Натальля Пінчук — жонка кіраўніка праваабарончага цэнтру «Вясна» і палітвязьня Алеся Бяляцкага — кажа, што тэма палітвязьняў павінна заставацца актуальнай ня толькі падчас выбараў. А пра тое, што ёй надаецца недастаткова ўвагі, сьведчаць цяперашнія сустрэчы спадарыні Пінчук з праваабаронцамі эўрапейскіх краін:

«Што тычыцца тэмы палітвязьняў, то яна не павінна ніколі страчваць актуальнасьць і ўвагу актыўнай грамадзкасьці. Зараз я на міжнародным круглым стале, і атрымліваецца, што пра беларускіх палітвязьняў хіба ў Польшчы толькі ведаюць. Прадстаўніца Францыі сказала, што ўпершыню пра гэта чуе і лічыць важным распаўсюджваць гэтую інфармацыю ў іншых краінах. Таму гэтая тэма павінна заставацца актуальнай да тае пары, пакуль апошні палітвязень застаецца за кратамі».

Пра недастатковую ўвагу дэмакратычнай супольнасьці да праблемы палітзьняволеных намесьніца старшыні Маладога Фронту і нявеста палітвязьня Зьмітра Дашкевіча Наста Палажанка заяўляла і раней. Нізкая эфэктыўнасьць выбарчай кампаніі і сталася вынікам разьяднанасьці апазыцыі ў многіх пытаньнях, у тым ліку ў пытаньні палітзьняволеных, кажа Наста Палажанка:

Наста Палажанка

Наста Палажанка

«Безумоўна, гэтай тэме можна было надаваць больш увагі і мацней яе ўздымаць, прычым неаднаразова. Да прыкладу, у кожнай улётцы можна было разьмясьціць інфармацыю пра палітвязьняў, надзяваць майкі з выявамі палітвязьняў на дэбатах, на пікетах, сустрэчах і гэтак далей. А эфэктыўнасьць выбарчай кампаніі ў Беларусі зараз можа быць толькі пры больш-менш еднай пазыцыі дэмакратычных сілаў. Калі гэтай еднасьці няма, калі нестае волі да аб’яднаньня, то такую выбарчую кампанію нельга лічыць эфэктыўнай. Згодная толькі з апошнім мэсыджам Някляева, які сказаў, што калі беларуская апазыцыя ня здолее аб’яднацца і паказаць гэта, то трэба сыходзіць з палітычнага поля».

Адзін зь лідэраў партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец таксама перакананы, што апазыцыйныя дэмакратычныя сілы мусяць аб’яднаць свае высілкі і ў пытаньнях выбарчай палітыкі, і ў пытаньнях вызваленьня палітвязьняў:

Павал Севярынец

Павал Севярынец

«Найперш, калі б уся апазыцыя дамовілася адносна байкоту, то думаю, што ўсе палітвязьні былі б вызваленыя яшчэ да сёньняшняга дня, да заканчэньня так званай выбарчай кампаніі. Таму галоўным спосабам паўплываць на гэтую сытуацыю было б падтрыманьне байкоту, на маю думку. Што тычыцца самой кампаніі, то, на жаль, ня меў магчымасьці бачыць выступы кандыдатаў. Але паводле іншых сродкаў масавай інфармацыі бачу, што тэма палітвязьняў моцна не закраналася. Што тычыцца хрысьціянскіх дэмакратаў, то на гэтым увагу яны канцэнтравалі заўсёды: быў арганізаваны „Маратон салідарнасьці“ з групай „За волю“, сабралі некалькі тысяч подпісаў за вызваленьне палітвязьняў. Увага адчувалася, вядома».
XS
SM
MD
LG