Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра такую кнігу марыць кожны горад. Тысячагадовая гісторыя раскладзеная па палічках параграфаў, падсьветленая, нібы ліхтарыкамі ўпоцемку, каляровымі ілюстрацыямі. Вынесеныя за асноўны тэкст і графічна вылучаныя цытаты з аўтарытэтных крыніцаў, пытаньні, якія скіроўваюць да развагаў, унікальныя архіўныя фотаздымкі… У выніку энцыкляпэдычны па колькасьці фактаў тэкст засвойваецца лёгка, як школьны ўрок. Як на добры розум, сыгнальны асобнік «Гродназнаўства» павінен быў ляжаць у гарадзенскай мэрыі на самым відным месцы, а дзяжурны чыноўнік штодня мусіў бы зьдзьмухваць з каштоўнага выданьня пыл.

Спачатку здавалася, што «гісторыя эўрапейскага гораду» (з такім падзагалоўкам кніга пабачыла сьвет) і насамрэч усім прыйшлася даспадобы – і чытачам, і ўладам. «Гродназнаўства» з задавальненьнем бралі на рэалізацыю нешматлікія гарадзенскія кнігарні, ціхамірна прайшла і прэзэнтацыя кнігі, наклад яе амаль разышоўся.

І тут, як гром зь яснага неба, прастору байнэту абляцела вестка: «Гродназнаўства» гарадзенскімі ўладамі прызнанае крамольнай кнігай, яе сканфіскоўваюць з кнігарняў і бібліятэк, аўтараў выклікаюць на допыты супрацоўнікі КДБ. Адзін з аўтараў, малады гісторык Андрэй Чарнякевіч пасьля размовы з таямнічым Сан Санычам у рэктараце быў нават пасьпешліва звольнены з Гарадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы.

Проста фантасмагорыя нейкая, сюжэт для другога тому «Параноі» Віктара Марціновіча. Зразумела, што кніга-скандалістка ў адзін момант набыла незвычайную папулярнасьць, і кожны другі камэнт да публікацыяў на азначаную тэму прадказальна фармуляваўся ў пытаньне: дзе можна набыць тое забароненае «Гродназнаўства»? З той самай крыніцы выплыла і падказка: яго можна адшукаць на гарадзенскім рынку «Паўднёвы», праўда, за даволі кусьлівы кошт.

Як шчасьлівы ўладальнік гэтай самай запатрабаванай у Горадні кнігі, я доўга ня мог уцяміць, у чым яе крамола. А потым да мяне дайшло – проста трэба прачытаць яе вачыма чыноўніка або таго самага чалавека ў футарале – Сан Саныча. Аб’яднаем іх для зручнасьці пад адным імем, прыкладам, Чын Саныча, паколькі едуць яны на адной дзяржаўнай машыне і вызнаюць адну і тую ж ідэалёгію.

Вось Чын Саныч прыходзіць раніцай на працу, сядае за свой грувасткі стол пад партрэтам правадыра і ў стосе тэчак з дакумэнтамі на подпіс выяўляе прыгожа аздобленую кнігу. Адклаўшы ўбок сумныя дакумэнты, ён заўважае на кнізе лэйбл «Гарадзенскай бібліятэкі» і зьлёгку насьцярожваецца. Чын Саныч – чалавек пільнавокі і чуйнавухі, і без падказкі сакратаркі прыгадвае, што ў гэтай самай сэрыі адносна нядаўна выходзілі сумнеўныя з гледзішча партрэта за яго сьпіной кнігі Васіля Быкава і Ларысы Геніюш.

Пакруціўшы кнігу ў руках, Чын Саныч насьцярожваецца яшчэ больш – на тыльным баку вокладкі проста з моста ў Нёман скача заўсёды ваяўнічая, халера на яе, Пагоня, мабілізуючы ў паспалітае рушаньне за сабой месьцічаў на беразе і аленя сьвятога Губэрта, які спатольваў смагу на водмелі. Туды ж, відаць, скіруецца і полк жаўнераў з сучаснага войска, якія прысягалі пад бел-чырвона-белым сьцягам на апошніх старонках кнігі.

Чын Саныч для супакаеньня нэрваў прыпальвае цыгарэту, уважліва гартае кнігу і пачынае прафэсійна ўчытвацца ў яе зьмест.

У разьдзеле «Гродна ў складзе Расейскай імпэрыі» яму кідаецца ў вочы знаёмы партрэт, неаднойчы бачаны ім у Новым Замку ў галерэі гарадзенскіх губэрнатараў. Так, той самы Міхаіл Мураўёў, які ў сучасных падручніках па гісторыі Беларусі названы «таленавітым адміністратарам». Але подпіс пад партрэтам у кнізе – Мураўёў-Вешальнік!

Яшчэ студэнтам Чын Саныч бываў у Полацку на экскурсіі і з тае пары запомніў невысокі будынак на беразе Дзьвіны. Экскурсаводка зь непрыхаваным піетэтам называла яго дамком Пятра І, а гасудар імпэратар (Чын Саныч, вядома ж, у курсе) летась перамог на расейскім тэлерэфэрэндуме і стаў гістарычнай асобай №1. Калі ён асоба №1 у Расеі, то і на тэрыторыі ўсёй «саюзнай дзяржавы» павінен уваходзіць у непарушны арэапаг – лягічна разважаецца Чын Санычу. Ён знаходзіць у «Гродназнаўстве» адпаведны параграф і са зьдзіўленьнем чытае: «Пётар І… у Беларусі вызначыўся тым, што ў 1705 г. па яго загадзе было зьдзейсьнена забойства ўніяцкіх манахаў у Полацку, а ў 1708 г. была зруйнаваная адзіная цытадэль праваслаўя ў Рэчы Паспалітай – горад Магілеў”.

Пасьля такой праўды пра цара-героя Чын Саныч канчаткова насьцярожыўся і нават ня стаў удакладняць, а чым вызначыўся Пётар І ў Горадні. Ліхаманкава гартануўшы старонкі, ён спыняецца на рубрыцы «Пытаньні і заданьні». «Як зьмянілася жыцьцё гарадзенцаў з прыходам бальшавікоў?» – павеяла ад пытаньня больш блізкай гісторыяй, у якой Чын Саныч лічыў сябе як мае быць абазнаным. Адказ на старонках «Гродназнаўства» даваўся ад імя гісторыка Юзафа Ядкоўскага, які напісаў пра Горадню ажно дванаццаць кніг: «Бальшавіцкае нашэсьце прымусіла польскія ўлады пакінуць Горадню. Амаль дзесяць тыдняў горад заставаўся ў сфэры бальшавіцкага «раю». Дзясяткі расстраляных, сотні вывезеных, зьдзекі з насельніцтва, разбураная гаспадарка, разрабаваньне ўсяго, што можна было разрабаваць на працягу гэтага часу…»

Далей у кнізе гаварылася пра зьнішчэньне ў 1961 годзе Фары Вітаўта. Шчыра кажучы, гэты акт вандалізму асуджаў і Чын Саныч. Калі б старажытны касьцёл не ўзарвалі, у Горадню багатыя турысты з Эўропы сёньня ехалі б куды ахвотней. Недальнабачна паступілі таварышы. Каб залішне не хвалявацца з гэтай нагоды, Чын Саныч нават прыдумаў хітры ход – пераклаў віну за зьнішчаны храм на… палякаў. І праўда, калі б яны не перавезьлі з Фары Вітаўта на кракаўскі Вавэль цела пахаванага ў Горадні караля Стэфана Баторыя, тым самым парушыўшы яго апошнюю волю, то хто б адважыўся ўзрываць сьвятыню разам з парэшткамі венцаноснай асобы? А так адважыліся. Але чакайце – навошта публікаваць прозьвішчы членаў выканкаму, якая санкцыявалі тую ганебную акцыю? Воронов, Чернышев, Романов, Сахарова, Солодилов… Іх нашчадкі могуць жыць у Горадні, і абнародаваньне падобных дакумэнтаў можа нанесьці ім маральную шкоду – небеспадстаўна затрывожыўся Чын Саныч.

Ня выклікалі ў яго энтузіязму і старонкі кнігі, дзе зь відавочнай сымпатыяй паведамлялася пра гарадзенскага дысыдэнта Браніслава Ржэўскага, які за крытыку нацыянальнай палітыкі ў БССР шэсьць гадоў адбыў у Гулагу, а вярнуўшыся на пачатку 60-х у Горадню, так і ня змог аднавіцца на месцы ранейшай працы ў пэдінстытуце. Чын Саныч па абавязку сваёй службы ведаў, што ў новых навучальных праграмах (унівэрсытэцкіх і школьных) чорным па белым напісана: мінімізаваць тэму рэпрэсіяў пры савецкай уладзе. Відаць, аўтары «Гродназнаўства» праігнаравалі гэтае патрабаваньне, бо зь яго старонак чытачам настойліва падсоўваюцца менавіта факты рэпрэсіяў. Ну навошта было даставаць на белы сьвет забытую справу студэнта таго ж пэдінстытуту Іосіфа Клышэвіча, які ў 1950 годзе на студэнцкіх сходках выступаў за стварэньне незалежнай беларускай дзяржавы і атрымаў за гэта 25 гадоў лягеру? А яшчэ адзін студэнт тае ж ВНУ – Мікалай Стрэльчык – атрымаў столькі ж толькі за тое, што даў пачытаць аднакурсьніку выдадзеную за часы нямецкай акупацыі кнігу Ларысы Геніюш «Ад родных ніў».

Ад аднаго ўпамінаньня імя Ларысы Геніюш у Чын Саныча звычайна пачынала пабольваць галава. З паэткай яму заўсёды хапала клопату – то помнік ёй бязь ведама абласнога начальства ў Зэльве ўсталююць, то мэмарыяльную шыльду несанкцыявана на доме павесяць, то мясцовы бацюшка праявіць празьмерную актыўнасьць і музэй Геніюш проста ў царкве адчыніць. А яна ж да гэтага часу нерэабілітаваная, бо – тут Чын Саныч мае дакладныя інструкцыі – ліставалася з Гітлерам… То якія тут могуць быць помнікі, шыльды, музэі?

Але найбольшая неспадзяванка чакала Чын Саныча на стар. 317 таго ж «Гродназнаўства». Прабегшы вачыма зьмешчаную там стэнаграму галасаваньня ў Вярхоўным Савеце за прыняцьце дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі, ён ажно прыўзьняўся з крэсла і інстынктыўна захінуў сабой кнігу ад суровага позірку з партрэта за сьпінай. У стэнаграме было напісана, што дэпутат Аляксандар Лукашэнка не галасаваў за дэклярацыю. Навумчык галасаваў, Лябедзька галасаваў, нават Зянон Ломаць галасаваў, а Лукашэнка – не.

Нюхам спрактыкаванага апаратчыка Чын Саныч адчуў, што ў ягоным кар’ерным росьце могуць узьнікнуць праблемы, і неадкладна зьвязаўся зь непасрэдным выканаўцам сваіх мудрых рашэньняў. З падначаленымі ён любіў паказаць сваю літаратурную эрудыцыю і найперш пацікавіўся, ці ведае выканаўца, што калісьці ў Гарадзенскай губэрні служыў паэт Аляксандар Сяргеевіч (ды ня Пушкін, невук) – Грыбаедаў. Дык вось, ён напісаў актуальныя на ўсе часы радкі, проста гатовую інструкцыю да дзеяньня: «Чтоб вольномыслие пресечь – взять книги все и сжечь». Ёсьць тут у мяне адна кніга… Так точна, Чын Саныч, мы гатовы – прагучала са слухаўкі, адкуль іншага гучаць не магло.

І закруцілася машына, якая ў нашай краіне стаіць заўсёды напагатове – мэханізм змазаны, экіпаж ніколі ня сьпіць.

Вось так маглі разьвівацца падзеі ў эўрапейскім горадзе Горадні вакол адной нядаўна выдадзенай кнігі. А магло ўсё адбывацца і па-іншаму. Вось жа ў хвіліны, калі дапісваецца гэты тэкст, з Гарадзенскага ўнівэрсытэту прыйшла вестка, што дацэнт Андрэй Чарнякевіч адноўлены на працы. Нібыта ўлада зразумела сваю памылку. А як быць з маральнай шкодай? І тут я хачу параіць Чын Санычу неардынарны крок: у якасьці кампэнсацыі аўтарам «Гродназнаўства» Андрэю Чарнякевічу, Алесю Госьцеву, Аляксандру Дабрыяну, Віталю Карнелюку, Сьвятлане Марозавай і Вячаславу Швэду прысвоіць званьні ганаровых грамадзянаў Горадні. За іх самаадданую працу па дасьледаваньні гарадзенскай гісторыі. А ўсім вышэйназваным – мая чытацкая ўдзячнасьць і парада: на меншае не згаджайцеся.
XS
SM
MD
LG