Лінкі ўнівэрсальнага доступу

24 верасьня старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына на прэсавай канфэрэнцыі пацьвердзіла: у склад Палаты прадстаўнікоў пятага скліканьня абраныя 109 са 110 дэпутатаў.

Сярод іх няма ніводнага вылучэнца ад апазыцыйных партыяў. Як і раней, дэпутатамі сталі пераважна чыноўнікі і «крэпкія гаспадарнікі».

Без свайго дэпутата застаюцца толькі выбарцы з Навабеліцкай акругі № 36. Яны забясьпечылі неабходную яўку, але безальтэрнатыўны кандыдат ад Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Мельнікаў, па словах Лідзіі Ярмошынай, не набраў неабходнай колькасьці галасоў. У іншых 15 безальтэрнатыўных акругах, дзе балятаваліся праўладныя кандыдаты, галасоў для абраньня, паводле афіцыйных падлікаў, хапіла.

На пытаньне, ці трапіў хтосьці з апазыцыянэраў у склад Палаты прадстаўнікоў, сакратар ЦВК Мікалай Лазавік даў наступны адказ:

«Мы палічылі, што пяць прадстаўнікоў палітычных партыяў увайшлі ў склад парлямэнту. Сярод іх прадстаўнікі аграрнай, камуністычнай партыяў і Партыі працы і справядлівасьці». Усе гэтыя партыі — праўладныя.

Віктар Чарноў

Віктар Чарноў

Такім чынам, марнымі аказаліся надзеі правесьці сваіх вылучэнцаў у апазыцыйных партыяў «Справядлівы сьвет» і БСДП (Грамада), якія ішлі ў гэтай выбарчай кампаніі да канца. «У іх не было ніякіх рэальных шанцаў», — канстатуе палітоляг Віктар Чарноў:

«Мроі былі толькі ў палітыкаў, якія альбо ня маюць цьвярозага мысьленьня, альбо якія выкарыстоўвалі гэтыя выбары ў сваіх інтарэсах. Альбо ў вельмі наіўных людзей. Найхутчэй, усё ж у тых, хто дзейнічаў падчас гэтай кампаніі ў сваіх інтарэсах».

На думку палітоляга, найбольш рацыянальна павялі сябе падчас выбарчай кампаніі тыя партыі, якія выкарыстоўвалі тактыку актыўнага байкоту выбараў:

«Яны паспрабавалі ўсё ж скарыстаць гэтыя выбары як трыбуну, як легальную магчымасьць данесьці да людзей ідэю байкоту выбараў. Гэта вельмі важна. Бо насамрэч яе бальшыня насельніцтва не падзяляе. Гэта вялікая аблуда, калі палітыкі кажуць, што людзі і так ведаюць, што выбараў няма, і таму самі на іх ня пойдуць. Гэта — ня так. Я асабіста эмпірычна назіраў, як многія па-ранейшаму вераць, што ад іх голасу нешта залежыць. І таму ішлі на гэтыя выбары».

Сярод тых, хто ішоў да канца і змагаўся за перамогу на выбарах, — і старшыня аргкамітэту дзеля стварэньня Партыі свабоды і прагрэсу Ўладзімер Навасяд. І хоць ён ня стаў дэпутатам, але ня лічыць патрачаныя высілкі дарэмнымі:

Уладзімер Навасяд

Уладзімер Навасяд

«Усё ж такі грамадзтва патрабуе нейкіх дзеяньняў. А байкот у дадзенай сытуацыі — гэта бязьдзеяньне. Не было назіральнікаў ад тых, хто байкатаваў, каб устанавіць факты фальсыфікацыі.

А па-другое, у нас застаецца мажарытарная сыстэма выбараў. І таму, калі мы вядзем размову пра пэрспэктывы партыйнай сыстэмы, то трэба мець у акругах пэрсон, на якіх бы раўняліся выбарцы. Таму і неабходныя канкрэтныя дзеяньні ў канкрэтных выбарчых кампаніях».

Уладзімер Навасяд кажа, што ягоная каманда складае скаргі ў ЦВК і пракуратуру. Па-першае, насуперак афіцыйным дадзеным, выбары ў акрузе не адбыліся, бо ў іх рэальна ўдзельнічалі толькі 40% выбарцаў. Па-другое, як цьвердзіць спадар Навасяд, перамог ён, а не праўладны кандыдат.

Лідзія Ярмошына сёньня сказала, што падчас галасаваньня на адрас Цэнтральнай выбарчай камісіі прыйшло 110 скаргаў, 11 зь якіх не зьвязаныя з галасаваньнем:

«Сёньня ўначы па электроннай пошце ў ЦВК прыйшло яшчэ 20 скаргаў. Аднак, я думаю, гэта яшчэ не мяжа. Таму гэты тыдзень для нас будзе апэляцыйным: мы будзем разглядаць скаргі і звароты».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG