Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Радыё Швэцыі рыхтуе пастаноўку пра Алеся Бяляцкага


Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Радыётэатар Швэдзкага радыё рыхтуе спэктакль пра Алеся Бяляцкага. Аўтар п’есы — вядомы журналіст і літаратар Дзьмітры Плакс.

Праект Радыётэатру першага канала нацыянальнага радыё Швэцыі, у якім ад Новага году штодзень будуць гучаць спэктаклі пра людзей, якія паўплывалі на жыцьцё сваіх грамадзян ці на ход міжнародных падзеяў, называецца «Ўсясьветная гісторыя ад Радыётэатру». Радыётэатар ладзіць яго ў супрацоўніцтве з Швэдзкім ПЭН-клюбам ды форумам «Жывая гісторыя». 365 п’есаў пішуць тры аўтары, у ліку якіх і беларус зь Менску, які ўжо шмат гадоў жыве і працуе ў Стакгольме, Дзьмітры Плакс. Ён распавядае пра тое, як узьнікла ідэя праекту.

Дзьмітры Плакс

Дзьмітры Плакс

«Ідэя ўзьнікла з таго, што ва ўнівэрсытэце ў Упсале, што непадалёк ад Стакгольму, ёсьць дацэнт Браян Палмэр, які ўсе свае лекцыі цягам пэўнага часу пачынаў з расповеду пра асобу, якая так ці інакш зьвязаная з гэтым днём і якая ў пазытыўным сэнсе паўплывала на жыцьцё ці нейкага чалавека, ці ягоных блізкіх ці краіны, дзе ён жыў, ці, можа, нават на жыцьцё ўсяго чалавецтва. Вось зыходзячы з гэтых караценькіх лекцыяў, Швэдзкі ПЭН-клюб у супрацоўніцтве з арганізацыяй „Жывая гісторыя“, у мэты якой уваходзіць расказваць пра гістарычныя падзеі, якія так ці інакш зьвязаныя з правамі чалавека, — выдалі такі каляндар, дзе на кожны дзень году ёсьць невялічкія тэксты пра тых людзей, якія зьвязаныя з гэтым днём і якія спрыялі захаваньню правоў чалавека».

Гэты каляндар на будучы год ужо выдрукаваны, Алесю Бяляцкаму ў ім адведзеная дата 14 лютага. Магчыма, менавіта ў гэты дзень летась кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» даведаўся, што літоўскія банкі выдалі беларускім уладам зьвесткі пра фінансавую дзейнасьць ягонай арганізацыі. Гэтая навіна, згодна з тэкстам п’есы, засьпела спадара Бяляцкага ў Вільні. Ён разумеў, што наступствам будзе крымінальны перасьлед на радзіме. Дзьмітры Плакс узяў за аснову сваёй п’есы пра Алеся Бяляцкага падзеі гэтага дня, якія, паводле ягоных словаў, дазваляюць найпаўней распавесьці швэдзкай публіцы пра беларускага праваабаронцу за 5 хвілін. Ён прыдумаў дыялёг спадара Бяляцкага з жонкай Натальляй праз скайп.

«Я выбраў вось гэты момант, калі ён яшчэ знаходзіцца ў Вільні. Але вядома ўжо, гэтая інфармацыя перададзеная. Ён мог застацца за мяжою і не вяртацца, але ён выбраў вярнуцца, нягледзячы на тое, што ведаў, чым гэта скончыцца. І вось гэты момант я якраз скарыстоўваю ў п’есе, калі можна яшчэ застацца і не ісьці ў турму, але ён вырашае гэта зрабіць, бо не адчувае сябе вінаватым».

Радыётэатар — гэта найстарэйшая культурная арганізацыя Швэдзкага радыё. Ён узьнік у 1925 годзе. У ім працавалі ўсе вядомыя рэжысэры і акторы краіны, і да сёньня ён мае вялікую папулярнасьць сярод слухачоў. Кожны ягоны спэктакль зьбірае ля прыймачоў амаль паўмільённую аўдыторыю. Спэктакль пра Алеся Бяляцкага прагучыць у Стакгольме 14 лютага наступнага году.
XS
SM
MD
LG