Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы пасол: Лукашэнка можа атрымаць сьмяротнае пакараньне


Асноўная прычына чаму Аляксандар Лукашэнка дагэтуль ва ўладзе — гэта тое, што ён кантралюе выбарчы працэс, заявіў былы пасол Вялікабрытаніі ў Беларусі Браян Бэнэт у інтэрвію Бі-бі-сі.

Паводле Браяна Бэнэта, сацыялягічныя апытаньні ў Беларусі праводзіць усё цяжэй, але іх лічбы паказваюць, што Аляксандар Лукашэнка мае падтрымку ад чвэрці да траціны выбарцаў. Пры гэтым шмат хто з тых, хто Лукашэнку не падтрымлівае, баіцца выступаць супраць улады, каб не згубіць працу, магчымасьць вучобы, альбо каб папросту не атрымаць зламаны нос ці нешта горшае. Прыйшоўшы да ўлады ў выніку адзіных у гісторыі Беларусі дэмакратычных выбараў, Лукашэнка фальшаваў усе наступныя выбары, лічыць Бэнэт.

Адказваючы на пытаньне пра сытуацыю ў беларускай эканоміцы, былы пасол адзначыў ролю Расеі ў падтрымцы цяперашняга рэжыму ў Беларусі з дапамогай субсідаваных цэнаў на нафту і газ. Акрамя таго, сказаў Бэнэт, «Лукашэнка пазычае ва ўсіх, у каго хапае дурасьці даць яму грошы, у тым ліку ў Міжнароднага валютнага фонду. Ён не праводзіць прыватызацыю, ён ніколі ня пойдзе на прыватызацыю, але ён з радасьцю прадае невялікія кавалачкі кампаніяў».

Браян Бэнэт таксама заявіў, што Лукашэнка ня толькі любіць уладу, але і ня можа сабе дазволіць яе згубіць, бо некаторыя апанэнты ягонага рэжыму зьніклі ў 1999 і 2000 годзе. «Іх, відавочна, забілі, але гэтыя забойствы не расьсьледавалі. Таму Лукашэнка ня можа сабе дазволіць пайсьці ў адстаўку, бо тады ён можа паўстаць перад судом і атрымаць сьмяротнае пакараньне».

Браян Бэнэт быў паслом Вялікабрытаніі ў Беларусі з 2003 па 2007 год. Сёлета ў сьвет выйшла ягоная кніга «Апошняя дыктатура ў Эўропе — Беларусь пад Лукашэнкам».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG