Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нарвэскі назіральнік: «Беларусь — сучасная краіна»


Эрлінг Сандэ

Эрлінг Сандэ

Сярод назіральнікаў за парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі — сябра ПА АБСЭ, дэпутат нарвэскага парлямэнту, палітык-цэнтрыст Эрлінг Сандэ.

У інтэрвію, якое ён даў уначы карэспандэнту выданьня Аftenposten, палітык адзначыў, што пакуль ня будзе гатовая справаздача місіі АБСЭ, ён можа дзяліцца толькі вонкавымі ўражаньнямі — і як чалавек, і як палітык. Беларусь, дарэчы, ён наведаў упершыню.

Паводле Эрлінга Сандэ, учорашні дзень выбараў у краіне «прайшоў мірна, але адна рэч — само галасаваньне, а іншая — тое, што адбывалася напярэдадні выбараў».

«У дзень выбараў мы імкнуліся назіраць за ўсім „нэўтральнымі вачыма“. А далей да раніцы мы ўсё разам абмяркуем, прааналізуем і дамо аб’ектыўную справаздачу».

На пытаньне, якія яго ўражаньні ад першага наведаньня Беларусі, Эрлінг Сандэ адказвае:

«Я б сказаў, што гэта сучасная краіна. Калі зыходзіць з інфраструктуры ды будынкаў, дык тут вельмі падобна да таго, што і ў суседніх краінах. Хоць ёсьць тут і спэцыфічныя сацыяльныя структуры кшталту калектыўнай сельскай гаспадаркі ды дзяржаўных прадпрыемстваў. Гэта вялікая частка беларускай эканомікі».

Што да ўражаньняў ад паводзінаў прэзыдэнта Лукашэнкі на публіцы, то, паводле нарвэскага палітыка, ён трымаецца інакш, чым вышэйшыя асобы іншых краінаў.

Аftenposten: «Вы ня можаце ня думаць пра тое, што назіраньне за выбарамі з боку ПА АБСЭ — гэта іх легітымізацыя...»

Сандэ: «Я разумею ваша пытаньне і тое, што вы маеце падставы так меркаваць. Аднак я прадстаўляю АБСЭ. Нарвэгія ўваходзіць у гэтую арганізацыю і паслала на выбары сваіх парлямэнтароў. Назіраючы „нэўтральнымі вачыма“ за ходам выбараў, заўсёды зьвяртаеш увагу на сытуацыю з правамі чалавека і дэмакратыяй. Нас шмат хто крытыкуе, але ёсьць і тыя, нават сярод апазыцыі, хто падтрымлівае гэта».
XS
SM
MD
LG