Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: не было кандыдата ад улады — ня выбралі й дэпутата


У Гомельскай-Навабеліцкай выбарчай акрузе № 36, адзінай акрузе ў Беларусі, дзе не было праўладнага кандыдата, выбары адбыліся, але дэпутат не абраны.

Акруговая камісія падае, што Сяргей Мельнікаў, энэргетык прыватнага прадпрыемства, вылучэнец Ліберальна-дэмакратычнай партыі, не набраў патрэбнай колькасьці галасоў па выніках датэрміновага й асноўнага галасаваньня:

«Кандыдат у акрузе не набраў патрэбнай колькасьці галасоў. Большасьць выбарцаў прагаласавала супраць».

Сам кандыдат Мельнікаў пасьля заканчэньня галасаваньня на тэлефонныя званкі не адказваў. Аднак тры дні таму, калі ўжо ішло датэрміновае галасаваньне й па зьбегу абставін Мельнікаў застаўся адзіным кандыдатам, свае шанцы на абраньне ён ацэньваў ня надта высока:

«Пяцьдзесят на пяцьдзесят — ня больш і ня менш. Тут пытаньне ў тым, ці прыйдуць выбарцы на ўчастак. Другі варыянт. Можа так скласьціся, што большасьць выбарцаў будзе супраць».

Рэгіянальны каардынатар кампаніі «За справядлівыя выбары» Ўладзімер Кацора так камэнтуе вынікі выбараў у Навабеліцкай акрузе № 36:

«З самага пачатку было зразумела, што цуду не адбудзецца, што ўлады, хутчэй за ўсё, прыдумаюць варыянт, як не прапусьціць лібэрал-так-званага-дэмакрата ў парлямэнт. Сцэнар, які яны ажыцьцявілі, самы ўдалы для ўлады: выбары адбыліся, але дэпутат не абраны. Народ не аказаў давер кандыдату ад ЛДПБ. Цалкам усё прыгожа. І так будзе й надалей працягвацца, калі ня будзе справядлівых выбараў. Але пры Лукашэнку такіх выбараў ня можа быць увогуле».
Сцэнар, які яны ажыцьцявілі, самы ўдалы для ўлады: выбары адбыліся, але дэпутат не абраны

Прадстаўнік ЛДП у Навабеліцкай акрузе застаўся адзін пасьля таго, як з выбараў зьняліся вылучэнец Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Няпомняшчых, а за ім перад самым датэрміновым галасаваньнем яшчэ й праўладны кандыдат, памочнік прэзыдэнта — галоўны інспэктар па Гомельскай вобласьці Ігар Пракапенка, якога пасьля рэгістрацы кандыдатам Аляксандар Лукашэнка вызваліў ад пасады.

Блізкія да ўладаў крыніцы зьвязваюць нечаканы сыход Пракапенкі і адстаўку старшыні Гомельскага гарвыканкаму Віктара Піліпца са справай пра махінацыі з кватэрамі, на якіх пагарэлі ўжо кіраўнікі гарадзкой ўправы капітальнага будаўніцтва.

На гэтую тэму нядаўна выказаўся й сам Аляксандар Лукашэнка: «Некаторыя чыноўнікі, як гэта здарылася ў Гомелі, бралі дзясяткамі кватэры й перапрадавалі, а грошы клалі сабе ў кішэню. Сёньня крымінальная справа заведзеная, і не адзін чыноўнік з сваімі сваякамі і набліжанымі сядуць на лаву падсудных».

Згаданая сытуацыя й спрычынілася да таго, што Гомельская-Навабеліцкая акруга № 36 стала безальтэрнатыўнай і без ўладнага кандыдата, а ўрэшце — і без дэпутата парлямэнту.
XS
SM
MD
LG