Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: актыўны байкот адбыўся


Паводле афіцыйнай інфармацыі, выбары ў Палату прадстаўнікоў адбыліся ва ўсіх 110 акругах. Паводле апошняй інфармацыі, удзел у выбарах узялі 74,3% выбарцаў. Арганізатары байкоту заяўляць, што выбары ў Беларусі не адбыліся, бо яўка склала 38,7% выбарцаў.

Паводле назіральнікаў ад Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, акрэдытаваных на некалькіх сотнях выбарчых участкаў па ўсёй краіне, яўка на выбары склала 38,7% выбарцаў. Дадзеныя сабраныя за 15 хвілін да закрыцьця выбарчых участкаў. Назіральнікі БХД заяўляюць, што, паводле іх падлікаў, у датэрміновым галасаваньні ўзялі ўдзел 18% выбарцаў. Але ўлічваючы тое, што на датэрміновае галасаваньне людзей пераважна заганялі, то гэтую лічбу можна адняць. Як заявіў «Свабодзе» сакратар аргкамітэту БХД Дзяніс Садоўскі, выбары не адбыліся на пераважнай бальшыні ўчасткаў. Адзін зь лідэраў БХД Віталь Рымашэўскі так пракамэнтаваў лічбы, якія падаў Цэнтравыбаркам:

Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі

«ЦВК бессаромна хлусіць, бо гэтыя лічбы радыкальна разыходзяцца з назіральнікамі. І ня толькі з кампаніяй байкотнага назіраньня „Народны кантроль“, але і агульнага назіраньня. У Менску, практычна ва ўсіх буйных гарадах байкот адбыўся. І гэты факт істотны. Ужо ня так істотна, што там намалюе Ярмошына. Дагэтуль усе 15 гадоў беларускія выбары не прызнавала дэмакратычная супольнасьць, апазыцыя і міжнародная дэмакратычная супольнасьць. Гэта першыя так званыя выбары ў Беларусі, якія ўжо сёньня не прызнаў беларускі народ. Я лічу, што гэта маленькая перамога. І першы крок да свабодных выбараў, да свабоды ў Беларусі».

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька заявіў, што актыўны байкот выбараў у Палату прадстаўнікоў адбыўся. І ня толькі ў вялікіх гарадах, а і ў цэлым па Беларусі. Лябедзька сказаў, што задаволены тым, як прайшла кампанія байкоту.

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

«Фактычна мы маем сытуацыю вотуму недаверу ня толькі да выбарчай сыстэмы, але і да ўлады, якая арганізоўвае выбарчую сыстэму. Я сам схадзіў без дваццаці восем вечара на выбарчы ўчастак, чым вельмі зьдзівіў тых людзей, якія там знаходзіліся. Я паглядзеў ліст, дзе прыкладна 15 выбаршчыкаў, толькі чатыры зь іх прынялі ўдзел у галасаваньні. Гэта была мая мэта, я сказаў дзякуй і забраў пашпарт. Адзін з кіраўнікоў камісіі мне ў сэрцах кінуў — гэта вы вінаватыя, што людзі не прыйшлі. Я кажу, я вінаваты? Яны кажуць, так, гэта ж вы зьнялі сваю кандыдатуру. І тады мне прыйшлося там сказаць усё,што я думаю пра гэту сытуацыю. Вось гэты мой канкрэтны выпадак і што мы атрымалі ад незалежных назіральнікаў гаворыць, што дэ-факта, рэальна гэтых выбараў не адбылося».

Анатоль Лябедзька пракамэнтаваў лічбы, якія падаў Цэнтравыбаркам, згодна зь якімі выбары адбыліся. Ён сказаў, што лічбы ў Беларусі маляваць можна і за іх не караюць:

«Практыка хлусьні стала ўжо візытнай карткай уладаў. Гэта хлусьня, маніпуляцыі, фальсыфікацыі. І гэта адказ на пытаньне, чаму не пускаюць у выбаркамы сваіх апанэнтаў, чаму палітычная цэнзура не дазваляе нават гэтыя 5-хвілінныя выступы на радыё і тэлебачаньні. Гэта поўная дыскрэдытацыя выбарчай сыстэмы ў Беларусі. Гэта тупік».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG