Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарцаў сустракалі саўндтрэкам з эратычнага фільму «Эмануэль»


Тацяна Караткевіч: «Ад заўтра я не кандыдат»

Тацяна Караткевіч: «Ад заўтра я не кандыдат»

Тацяна Караткевіч, 35-гадовая кандыдатка ў парлямэнт ад «Гавары праўду», вырашыла наведаць свае выбарчыя ўчасткі. Зь ёю разам — іншыя кіраўнікі ГП Андрэй Дзьмітрыеў і Аляксандар Фядута, а таксама пара журналістаў. Тацяна вылучаецца па 104-й выбарчай акрузе ў Фрунзенскім раёне Менску.

Тацяна Караткевіч кажа, што гэта апошні дзень, калі яна мае «статус»: «Я з заўтрашняга дня не кандыдат. Асноўны вынік нашай палітычнай кампаніі: улада паказала, што яна баіцца і будзе працягваць сваю схему выбараў — фальсыфікацыі. Укідваньне, карусэлі, выдаленьне назіральнікаў з участкаў. Гэта для мяне і прыкмета таго, што я ня стану дэпутатам».

У Гімназіі № 29 выбарчых участкаў адразу тры. Усе сталы ўпрыгожаныя багатымі букетамі гваздзікаў. Тацяна ідзе да старшыні камісіі, пытаецца, як праходзяць выбары:

Тацяна Караткевіч: «Я вельмі адрозьніваюся ад свайго суперніка. Вось я пабачыла старшыняў камісій, я бачу, што ім прыемна, што кандыдат надаў ім увагу, проста павітаўся. Яны шчыра сказалі: „Мы вельмі радыя вас бачыць“».

Ахвотных прагаласаваць надзвычай мала. На двух з трох участкаў няма ніводнага выбарца.

Фатаграфаваць забараняюць, затое запрашаюць наведаць буфэт.

У буфэце шмат усяго цікавага. Пры спробе зрабіць фатаздымак падлятае ўсхваляваная жанчына: «Вам пірог спадабаўся? Дык яго ж купіць можна. Ён і недарагі — дзевяць тысяч усяго». Пірог адкрыты зь яблыкамі, праўда, недарагі, як і ўсё, што прапануецца пад’есьці і забраць з сабой.

Юля Сьмірнова, журналістка нямецкай газэты Welt, адразу зьдзіўляецца, што ў школьным буфэце такі вялікі выбар сьпіртнога і ўсё на разьліў. Мы настолькі да гэтага звыклыя, што не надаем увагі. А выбаршчыкі, нягледзчы на тое, што час яшчэ не пераваліў за першую гадзіну, бяруць сабе па шклянцы. Юлю тут увогуле шмат чаго зьдзіўляе. Яна была ў Менску, у Горадні і Шчучыне:

«У Шчучыне мне работнікі масласырзаводу распавялі, што іх прымушаюць ісьці на выбары. Я падышла да будынку заводу і паспрабавала проста звонку завод сфатаграфаваць. Да мяне тут жа падышлі супрацоўнікі бясьпекі масласырзаводу, кіраўнік па ідэалёгіі, чатыры міліцыянты. Праверылі ў мяне дакумэнты. У Расеі ня так. Я ня думаю, што гэта нармальна».

Па 104-й выбарчай акрузе, апроч Тацяны, вылучаюцца кандыдат ад ЛДПР, камуніст і галоўны супернік — старшыня Менскага гарадскога савету дэпутатаў.
Дэпутат Станіслаў Багданкевіч зьняў сваю кандыдатуру і яго заклеілі

Дэпутат Станіслаў Багданкевіч зьняў сваю кандыдатуру і яго заклеілі


Андрэй Дзьмітрыеў упэўнены, што іхныя кандыдаты ў дэмакратычных умовах мелі б усе шанцы на абраньне: «Сёньня я амаль ня ведаю акругаў, дзе ў нас не было б шанцаў. Гэтыя выбары паказалі — ва ўлады няма кандыдатаў. Ёсьць дактары, кіраўнікі прадпрыемстваў — тыя, дзе людзі будуць галасаваць „за статус“. Але сапраўдных кандыдатаў, за якімі б людзі пайшлі, няма».

Участак у школе на вуліцы Сердзіча. Назіральнік Дзмітры Казак, побач зь ім яшчэ назіральніца — настаўніца гэтай жа школы. «Дзе іншыя назіральнікі?» — пытаецца Тацяна. «Пайшлі на канцэрт. У актавай залі тут канцэрт, школьнікі паказваюць, вось яны пайшлі паслухаць. А я сяджу». Дзмітры выкладае ў БНТУ. Сам скончыў той жа ўнівэрсытэт. Кажа, што ніякіх парушэньняў не заўважыў, але людзей ідзе зусім мала.
Дзмітры Казак: «Іншыя назіральнікі на канцэрт пайшлі»

Дзмітры Казак: «Іншыя назіральнікі на канцэрт пайшлі»


Побач зь Дзьмітрыем сядзіць маладая дзяўчына, настаўніца гэтай жа школы. Таксама назірае. Як толькі мы пачалі зь ёю размаўляць, падбегла старшыня камісіі і настойліва запрасіла зарэгістравацца ў журнале «прэса». «Вы ў мяне першая», — кажа яна, запісваючы маё пасьведчаньне акуратным настаўніцкім почыркам. Вельмі просіць яе не фатаграфаваць і інтэрвію ня браць. Але апавядае, што выкладае ў гэтай жа школе матэматыку, і ў выбарчых камісіях удзельнічае ўпершыню.

У гэтай жа школе на іншым участку «назірае» Сяргей. Кажа, што на сярэдзіну дня прагаласавала трохі болей за 7% выбарцаў. «Спакойна працую, народ фактычна не ідзе. На 13:30 толькі 100 чалавек. Гэта 7,6%. Калі з датэрміновым браць, то 28% прагаласавал. Камісія нармальна ставіцца, прапануе гарабату, каву».

Арцёму 21 год, вучыцца на завочным у БДТУ: «Вельмі «дарослы» кантынгент ідзе. Сорак — і вышэй. Ня бачаць нават, куды ісьці. Вось такія савецкія меркаваньні, што на выбары трэба ісьці. Байкот ня вельмі пракатвае, бо яны ўсё гэта робяць у інтэрнэце. А гэты кантынгент не глядзіць жа інтэрнэт. Бабулі з кіёчкамі прыходязць — і іх вельмі шмат.
Арцём: «На выбары ідуць толькі старыя»

Арцём: «На выбары ідуць толькі старыя»


Для Аляксандра Фядуты, намесьніка кіраўніка «Гавары Праўду», гэта дваццатая выбарчая кампанія. Ён кажа, што ўсе беларускія кампаніі падобныя адна на адну. Апроч кампаніі 1994 году, калі «нічога не было вядома»:

«Трэба вырашаць пытаньне 2015 году. Сытуацыя мяняецца. Але чым горш робіцца ў краіне, тым горш робіцца і ў апазыцыі. На пачатку гэтай кампаніі фактычна ніводная палітычная сіла ня мела людзей, якіх можна было б паставіць на кожную перадвыбарчую акругу. Напярэдадні гэтай кампаніі амаль што ва ўсіх раёнах быў адчувальны дэфіцыт валанцёраў. Вырасла новая генэрацыя, якая ня ведае, як трэба ставіць пікет, як трэба распаўсюджваць улёткі. Паглядзіце, наколькі дэгрэдавалі асноўныя палітычныя партыі. Яны ўжо ня здольныя сабраць подпісы па кватэрах. Гэта сорам. Але гэта і праблема беларускай дэмакратыі. Урэшце мы апынемся ў сытуацыі, калі Лукашэнка сыдзе. І што тады? Хто будзе распаўсюджваць улёткі? Ставіць пікеты? Зьбіраць подпісы? Патрэбная моладзь. Вось тая, якую вы бачылі сёньня ў школе, якая сядзела ў той жа школе, якую скончыла 2-3 гады таму. Вельмі добра, што такія дзеці ёсьць».

На 453-м выбарчым участку надзвычайная актыўнасьць. Ён месьціцца ў 19-й гімназіі з экалягічным ухілам. З калёнак грыміць саўндтрэк да знакамітага фільму «Эмануэль».

Сьпіс кандыдатаў разглядаюць пажылыя мужчыны і жанчыны. Мужчына тыцкае пальцам у фота Тацяны і абураецца: «Як жа гэта яна нідзе не працуе?!»

Калі Тацяна падыходзіць, ён тое самае спрабуе патлумачыць і ёй.

«Дык гэта я! — кажа Тацяна. — Гэта я зараз не працую, але раней жа працавала, і даходы ў мяне былі!»

«Мішка! — крычыць мужчына на ўвесь школьны двор. — Хадзі сюды! Гэта ж наш дэпутат!»

«Мішка» — ужо вельмі сталы мужчына, які ўжо напэўна наведаў выбарчы буфэт. «Я шматстаночнікам працаваў, усё жыцьцё», — пачынае ён аповед. «А за каго прагаласавалі?» — пытаецца Тацяна. «За гультая-Тацяну! Калі такія прыгожыя жанчыны ў Фрунзенскім раёне, дык будзем жыць!»
Выбаршчык: «Калі такія прыгожыя жанчыны ў фрунзенскім раёне, дык будзем жыць!»

Выбаршчык: «Калі такія прыгожыя жанчыны ў фрунзенскім раёне, дык будзем жыць!»


На самім участку надзвычайная актыўнасьць. А трэцяй гадзіне сюды мае прыехаць кіраўнік місіі БДІПЧ АБСЭ.

Каля стала рэгістрацыі сьлязьмі плача старэнькая жанчына з кіёчкам: «Я з 85-га году інвалід. Усё жыцьцё працавала на вэлязаводзе. А як скончыла працу — ніхто стала. Ніхто ня прыйдзе, не спытае, у чым ты маеш патрэбу, што табе трэба».

Намесьнік старшыні камісіі спадар Сярмяжка адразу патрабуе, каб мы зарэгістраваліся. Асабліва яго нэрвуе наш фінскі сябар, якому чыясьці добрая рука начапіла на куртку бел-чырвона-белую стужку. «Гэта ж проста наш сябар», — кажа Андрэй Дзмітрыеў. «Ён ня проста сябар! Ён у вас са значкам ходзіць! Хай рэгіструецца», — адразае спадар Сярмяжка.

«Што ж гэта вы да нас столькі людзей прывялі? — зьвяртаецца ён да Тацяны Караткевіч. — І журналісты, і давераныя асобы, і сябры».

«А што, іншыя кандыдаты ня так прыходзілі?»

«Ня так. Зусім не прыходзілі»

«Ніводзін?»

«Ніводзін! Ашто, яны павінныя?!»

Дырэктар школы настойліва запрашае наведаць адзіны ў Беларусі зімовы сад, які ёсьць у школах. Але мы абіраем буфэт. Там у асбалютна пустой залі танчаць дзьве танклявыя дзяўчынкі ў пышных чырвоных спаднічках. За імі наглядае музычная кіраўнічка. Для каго яны таньчаць — незразумела.

Тацяна абураецца тым, што старшыня камісіі адмаўляецца даваць лічбу тых, хто прагаласаваў: «На ўсіх участках па 200 чалавек прагаласавала ў сярэднім. А ў яе ўжо 700 чалавек».

Прыбывае спадар Мілашоскі, кіраўнік місіі АБСЭ, за руку вітаецца з кожным сябрам выбарчай камісіі. Пасьля дае інтэрвію журналістам. «Ці не завялікая да нас увага?» — задаюць яму пытаньне"

«Я з Македоніі. Я не пагаджуся з тым, што я заходні назіральнік. У Беларусі каля 9 мільёнаў жыхароў, а назіральнікаў ад АБСЭ — 300 чалавек. У маёй роднай Македоніі ўсяго два мільёны — гэта як у вашым Менску. На мінулых выбарах у нас было 200 назіральнікаў ад АБСЭ. Гэта значыць, што АБСЭ цікавіцца шмат якімі краінамі ў Эўропе».

У панядзелак а 14-й гадзіне АБСЭ зробіць прэс-канфэрэнцыю, каб абвясьціць папярэднія вынікі. «У нас будзе бяссонная ноч», — жартуе ён.
Назіральнік ад «Гавары праўду» Міхаіл Пашкевіч сярод іншых назіральнікаў

Назіральнік ад «Гавары праўду» Міхаіл Пашкевіч сярод іншых назіральнікаў


А каардынатар назіральнікаў «Гавары праўду» па 104-й выбарчай акрузе Юры Салодкі папярэднія вынікі ўжо мае: «Афіцыйная яўка з нашай розная. Назіральнікі, якія там з раніцы прысутнічаюць, кажуць, што з датэрміновым будзе яўка 30-35 адсоткаў у сярэднім. Калі з дадзенымі камісіяў, то 45% недзе. Але ўсё ж не 50%. З канцом дня сытуацыя з назіральнікамі абвастраецца. Вось, напрыклад, прыехалі два маладыя хлопцы, паказалі нейкія пасьведчаньні і прыселі побач з назіральнікамі. Не даюць ім слова сказаць, зь месца ўстаць, заўвагаў камісіі рабіць. Пагражаюць, што разьбяруцца пасьля выбараў. Увесь час канфлікт правакуюць. І адзін з гэтых „байцоў“ пайшоў і напісаў заяву, што адзін з нашых назіральнікаў „замінае ім назіраць“.

А на іншым участку маладая дзяўчына, давераная асоба Тацяны Караткевіч. Да яе таксама падселі назіральнікі-сябры „Белай Русі“, як яны назваліся. Пачалі яе абражаць і пагражаць, што зараз выдаляць яе з участку.

А яўку там назіральнікі налічылі — 35%. Я думаю, што гэта спроба выдаліць назіральнікаў, каб ажыцьцявіць „укід“ і забясьпечыць яўку».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG