Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зінгерыс: Рытуал закабаленьня беларусаў


Эмануэліс Зінгерыс

Эмануэліс Зінгерыс

Кіраўнік камітэту замежных справаў Сойму Літвы, старшыня дэлегацыі Сойму ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Эмануэліс Зінгерыс, які меўся назіраць за выбарамі ў Беларусі ў складзе місіі назіральнікаў ПА АБСЭ і якому беларускія ўлады адмовілі ў візе, заявіў, што сочыць за хадой выбароў у Беларусі «з сумам».

«Сумна назіраць, які ідзе чарговы рытуал закабаленьня беларусаў – нацыі, якая мае даўнія эўрапейскія традыцыі грамадзянскага разьвіцьця», – сказаў Зінгерыс нашаму радыё.

"Чарговы рытуал афармленьня рэпрэсыўных структураў"

«Цяпер адбываецца чарговы рытуальны вядзьмарскі танец спадара Лукашэнкі вакол вогнішча -- маю на ўвазе ўсе тыя сродкі, якія беларускія улады выкарыстоўваюць для захаваньня сваёй манаполіі. Нават савецкія часы пачынаюць выглядаць сьвятлейшым пэрыядам у параўнаньні з цяперашнім рэжымам у Беларусі. Чаго варты толькі той факт, што сярод цяперашніх палітвязьняў ёсьць тыя, хто утрымліваецца за кратамі ад 19 сьнежня 2010 году, калі ў ліку арыштаваных былі кандыдаты ў прэзэдэнты! Цяпер мы назіраем чарговы рытуал далейшага афармленьня рэпрэсыўных структураў у Беларусі», -- сказаў Эмануэліс Зінгерыс.

Літоўскі парлямэнтар адзначыў, што ўсё гэта адбываецца ў краіне, якая спрабуе сябе пазыцыянаваць як эўра-азіяцкая прастора: «Беларускі рэжым галосна і негалосна, рознымі шляхамі, адабраюць Расея, Казахстан, Армэнія. Мы маем дзьве выразныя прасторы – эўрапейскую супольнасьць, дзе асноўнай каштоўнасьць – правы чалавека, і, так бы мовіць, эўра-азіяцкую прастору, дзе правы чалавека не значаць нічога, а іх парушэньне зьяўляецца нормай і стандартам».

«Сёньня, у дзень памяці ахвяраў Галакосту ў Літве, мы ўзгадваем і беларускі народ, які пацярпеў ня толькі ад Сталіна, але і ад Гітлера і ў сэрцы кожнага простага эўрапейца жыве ўдзячнасьць беларусам за іх гераічнае змаганьне ў часе Другой сусьветнай вайны», сказаў Эмануэліс Зінгерыс, і таму таксама «мы з удзячнасьцю будзем дапамагаць у дэмакратычным разьвіцьці беларускага народу».

Кіраўнік камітэту замежных справаў Сойму Літвы заклікаў беларускія улады выпусьціць на волю палітвязьняў і «такім чынам вызваліць сапраўдны патэнцыял беларускага народу, сапраўдныя таленты, якія маглі б рэалізаваць дэмакратычную свабодную будучыню Беларусі».

Свабодныя выбары адкрылі б патэнцыял беларускіх талентаў

«Легітымныя выбары, пры вызваленьні ўсіх палітвязьняў і далучэньні ўсёй беларускай грамадзкасьці да выбарчага працэсу, адкрылі б магчымасьці сотням таленавітых беларусаў, чый патэнцыял сёньня замкнёны, накіраваць сваю энэргію на вырашэньне розных важных для Беларусі праблемаў і уздыму канкурэнтаздольнасьці беларускай нацыі ў сучасным сьвеце», -- сказаў літоўскі дэпутат.

Эмануэліс Зінгерыс адзначыў, што «свабодныя дэмакратычныя выбары далі б вызваленьне патэнцыялу і талентаў беларускай нацыі, якія цяпер замкнёныя у Менску, Гомелі, Лідзе, Гародні і іншых месцах Беларусі і не маюць магчымасьці удзельнічаць у кіраваньні беларускай дзяржавай, улада ў якой узурпаваная і маніпалізаваная. Уключэньне гэтых талентаў у дзяржаўны працэс быў бы тым рухавіком, які б дапамог Беларусі пераадолець цяперашняе адставаньне ад сучасных разьвітых краін. Таму дэмакратычныя выбары патрэбныя для таго, каб не адзін чалавек прымаў усе рашэньні ў дзяржаве, а сотні чалавек, калектыўны розум».

«Калектыўнае палітычнае кіраваньне мае свае мэханізмы самакантролю. Усеагульнае дэманапалізацыя, магчымасьць для кожнага вольна дыхаць і зьнішчэньне страху і усталяваньне вяршэнства закону заместа вяршэнства самавольства аднаго чалавека і яго жалезнага кулака -- толькі гэта дало б магчымасьць Беларусі выйсьці з цяперашняга сярэдневечнага стану. Гэта самае важнае -- каб патэнцыял таленавітых людзей, і палітычны, і эканамічны і культурны, мог свабодна разьвівацца і рэалізоўвацца і для гэтага і маюць быць свабодныя выбары», -- сказаў кіраўнік камітэту замежных спраў Сойму Літвы, камэнтуючы сытуацыю ў Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG