Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пяць апазыцыйных партыяў і рухаў выступілі з супольнай заявай наконт выбараў у Палату прадстаўнікоў. Заяву, якая была агучаная на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі, падпісалі прадстаўнікі Партыі Беларускага народнага фронту, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада», Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет», грамадзкага аб’яднаньня «Рух «За свабоду» і аргкамітэту па стварэньні грамадзкага аб’яднаньня «Гавары праўду».

Паводле лідэраў беларускай апазыцыі, улады не змаглі давесьці, што зрабілі высновы з крызісу, выкліканага дзеяньнямі 2010 году, «калі эканоміку захвяравалі на карысьць палітычных разьлікаў, а рэшткі дэмакратыі былі растаптаныя праз страх падацца слабымі і страціць кантроль над грамадзтвам».

Аднак шанец ня быў выкарыстаны: выбарчае заканадаўства не зьмянілі, ход выбраў трымалі пад шчыльным кантролем, ня вызвалілі палітвязьняў, апазыцыю не дапусьцілі ў выбарчыя камісіі, увялі цэнзуру перадвыбарчых выступаў.

Прывёўшы факты парушэньняў падчас кампаніі, лідэры пяці партый і арганізацый зрабілі выснову, якую агучыў старшыня БНФ Аляксей Янукевіч:

«Гэта дае нам права зараз, незалежна ад вынікаў галасаваньня, якія будуць абвешчаныя камісіямі, куды не ўключылі прадстаўнікоў апазыцыйных палітычных структураў, і да абвяшчэньня гэтых вынікаў, не прызнаваць выбары ў Палату прадстаўнікоў 2012 году роўнымі, празрыстымі і дэмакратычнымі.

Мы зьвяртаемся таксама да міжнародных арганізацыяў, чальцом якіх зьяўляецца Рэспубліка Беларусь, з заклікам узмацніць палітыку ўзьдзеяньня на ўрад Беларусі з мэтай спыніць палітычныя рэпрэсіі, вызваліць усіх палітычных зьняволеных».

Валеры Ўхналёў з Партыі левых «Справядлівы сьвет», ад якой балятуецца 28 кандыдатаў, заявіў, што ня мае ілюзіяў наконт выніку выбараў:

«У Беларусі выбараў няма як такіх. Ёсьць нейкая электаральная кампанія. І, зыходзячы з гэтага, мы будавалі сваю стратэгію і тактыку працы, разумеючы, што выбараў няма, што ніхто з кандыдатаў ня трапіць у парлямэнт незалежна ад таго, як прагаласуюць людзі».

Спадар Ухналёў заявіў, што ў выніку кампаніі колькасьць людзей, якія прагнуць перамен, павялічылася.

Намесьнік старшыні руху «За свабоду!» Юрась Губарэвіч заявіў, што апазыцыя ў гэтай кампаніі змагалася за давер беларусаў:

«На сёньня апазыцыя, на жаль, мае досыць нізкі ўзровень падтрымкі. Але і ўлада страчвае падтрымку. Тыя людзі, якія ўжо не падтрымліваюць уладу, але яшчэ не падтрымліваюць апазыцыю, — наша мэтавая група падчас гэтай кампаніі».

Памылкай апазыцыі ў гэтай кампаніі Юрась Губарэвіч назваў адсутнасьць адзінства:

«Эфэкт ад гэтай кампаніі быў бы нашмат большы, калі б адна частка апазыцыі не байкатавала другую, а разам з намі несла супольнае пасланьне беларускіх грамадзянаў».

Лідэр кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў прадэманстраваў «чырвоную кнігу», у якую ўнесеныя зьвесткі пра ўсе парушэньні з боку ўладаў падчас гэтай кампаніі:

«Гэта толькі тое, што мы на скорую руку сабралі па выніках нашага ўдзелу ў гэтых самых выбарах. Гэта затрыманьні, парушэньні, гэта ўсё, што мы аддамо назіральнікам з АБСЭ. Ужо толькі па гэтых дакумэнтах гэтыя выбары ніяк нельга прызнаць».

Уладзімер Някляеў у цэлым пазытыўна ацаніў працу той часткі апазыцыі, якая арганізоўвала актыўны байкот, але прызнаў, што байкот не паваліць рэжым Лукашэнкі:

«Лясьнецца ён толькі ў тым выпадку, калі мы на выбарах 2015 году зьбяром столькі людзей, што рэжым пабаіцца ў іх страляць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG