Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дадатковы аргумэнт: харчовыя пайкі і талёны на піва


Прэсавая канфэрэнцыя кампаніі "За справядлівыя выбары"

Прэсавая канфэрэнцыя кампаніі "За справядлівыя выбары"

Незалежныя назіральнікі падчас гэтай выбарчай кампаніі зафіксавалі шматлікія факты парушэньня выбарчага заканадаўства, а таксама новыя мэтады стымуляваньня выбарцаў, запазычаныя з досьведу іншых постсавецкіх краін.

Актывісты кампаніі «За справядлівыя выбары» лічаць, што фальсыфікацыя вынікаў чарговых парлямэнцкіх выбараў пачалася разам з датэрміновым галасаваньнем. Так, кіраўнік партыі аб’яднаных левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін выказвае недавер да агучаных Цэнтравыбаркамам лічбаў, згодна зь якімі загадзя прагаласаваў нібыта кожны чацьвёрты афіцыйна зарэгістраваны выбаршчык. Паводле ягоных словаў, ніхто з чыноўнікаў ня кажа, якім спосабам гэтыя лічбы здабываліся:

«Хацеў бы адзначыць, што гэты адміністрацыйны рэсурс, як мы і прагназавалі, у асноўным выкарыстаны супраць тых, каго можна было на ўчасткі арганізавана «загнаць». Ці «запрасіць», «пераканаць», як яны кажуць, у тым, што трэба ісьці галасаваць. У першую чаргу — гэта студэнты. Па Менску практычна пагалоўна ўва ўсіх ВНУ ў гонар выбараў ужо ў пятніцу студэнты не вучыліся, у іншых установах — ад суботы, і ня будуць вучыцца ўключна з панядзелкам. Усіх выгналі адпачываць, але перад тым як адправіць, усіх іншагародніх, хто жыве ў інтэрнатах, прымусілі прагаласаваць. Па асобных участках (БНТУ) яўка склала звыш 90% ад агульнага складу выбарцаў, якія там павінны былі галасаваць«.

Іншай катэгорыяй насельніцтва, працягвае спадар Калякін, якая дала патрэбную статыстыку «высокай яўкі», сталі супрацоўнікі дзяржаўнага сэктару:

«Другая катэгорыя, якую прымушалі галасаваць датэрмінова, — гэта работнікі розных дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў. Зноў жа, пацярпелі найперш тыя, хто жыве ў інтэрнатах. Прыкладам, супрацоўнікаў МАЗу, іншых прадпрыемстваў проста сілком адпраўлялі на ўчастак. Паказальна, што многія зь іх патрабавалі ад выбарчых камісій, каб ім далі нейкую даведку, якую яны павінны прад’явіць на працы, каб потым не пазбавілі прэміі ці яшчэ чагосьці. То бок каб было афіцыйна пацьверджана, што яны выканалі свой абавязак. Ёсьць зьвесткі, што людзі вельмі настойліва патрабавалі: дайце мне даведку, мне трэба далажыць начальніку, што я прагаласаваў. Таму калі мы гаворым пра кожнага чацьвёртага, хто прагаласаваў датэрмінова, то трэба мець на ўвазе, што людзей туды загналі».

Прадстаўнік стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Дзяніс Садоўскі дадае, што масава фіксуецца запазычаны і ўжо адпрацаваны ў Расеі мэтад так званай «карусэлі», калі людзі ходзяць па выбарчых участках, галасуюць па некалькі разоў, ствараючы бачнасьць высокай яўкі. Спадар Садоўскі сьцьвярджае, што асобныя «хадакі» атрымліваюць за гэта харчовыя пайкі і талёны на бясплатнае піва:

«Фальсыфікацыя назіраецца і праз такую новую для Беларусі зьяву, як „карусэль“ (прынамсі, раней гэтага ўлада не ўжывала), калі людзі ходзяць, за дзень галасуюць на 5–10 участках, тым самым ствараючы яўку. Дагэтуль таксама не заўважалася такога, як подкуп выбарцаў. У Менску былі зафіксаваныя факты, калі людзям за тое, што яны прыйшлі на датэрміновае галасаваньне, выдаваліся харчовыя пайкі — печыва, цукеркі, сокі. На некаторых участках нават выдавалі талёны на атрыманьне піва ці мінэральнай вады ў шапіках на выбарчых участках. Ну, і, безумоўна, найбольш актыўна ўжываецца мэтад запалохваньня выбарцаў — ажно да страты вучобы ці працы».

Дзяніс Садоўскі перакананы, што ёсьць падставы называць сёлетнюю парлямэнцкія кампанію «самай нахабнай» на тле ўсіх папярэдніх. Маючы на ўвазе перадусім перашкоды, якія ствараюць дзяржаўныя органы дэмакратычным кандыдатам і назіральнікам ад апазыцыі:

«Ярмошына называе гэтыя выбары „самымі ціхімі“ за апошні час. Я б іх назваў па-іншаму: яны — найбольш нахабныя з боку ЦВК. Прынамсі, я ня памятаю, каб раней настолькі нахабна фальсыфікавалася яўка людзей, якія прыйшлі на ўчастак, каб настолькі нахабна не дапускалася апазыцыя да ўдзелу ў працы акруговых і ўчастковых камісій. Безумоўна, усё гэта пачыналася з самага пачатку, калі апазыцыю не дапусьцілі ўдзельнічаць у складах камісій. Абраная лінія працягвалася, пачынаючы зь нядопуску назіральнікаў на тых участках, дзе найбольш проста сфальсыфікаваць выбары, а потым гэта працягнулася прымусам людзей удзельнічаць у датэрміновым галасаваньні».

Прадстаўнікі кампаніі «За справядлівыя выбары» ставяць пад сумнеў лічбы, агучаныя старшынёй Цэнтравыбаркаму Лідзіяй Ярмошынай, якая сказала, што паступіла толькі некалькі скаргаў на ход датэрміновага галасаваньня. Аднак толькі праз назіральнікаў і праваабаронцаў сыстэматызавана і перададзена ў ЦВК больш за сотню скаргаў, а агульная колькасьць мяркуецца быць на парадак большай.

Пра тое, што выбары ў Палату Прадстаўнікоў адбыліся, Цэнтравыбаркам адрапартаваў яшчэ а 14-й гадзіне дня — маўляў, яўка выбарнікаў перавысіла 50%. Між тым, паводле незалежных назіральнікаў, нават па дадзеных на 16:00 яўка склала ўсяго 34,4% — і гэта з улікам датэрміновага галасаваньня (згодна з афіцыйнымі зьвесткамі, датэрмінова прагаласавалі 26%, маючых права голасу).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG