Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пасьля галасаваньня на выбарчым участку кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам, што месяц таму на яго імя паступілі два хадайніцтвы аб памілаваньні ад двух асуджаных за падзеі 19 сьнежня 2010 году. Пазьней у прэзыдэнцкай прэс-службе ўдакладнілі, што гаворка ідзе пра Сяргея Каваленку і Паўла Сырамалотава.

Лукашэнка паведаміў, што, калі не памыляецца, два чалавекі зьвярнуліся месяц таму. Пры гэтым ён не сказаў, пра каго з асуджаных ідзе гаворка. Маўляў, «калі звароты паступілі, дакумэнты знаходзяцца ў камісіі па памілаваньні, мы вас праінфармуем».

Паводле праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, вядома, што з асуджаных за ўдзел у Плошчы 19 сьнежня 2010 году за кратамі застаюцца двое — былы кандыдат у прэзыдэнты, палітвязень Мікола Статкевіч, які адбывае 6-гадовае зьняволеньне ў Магілёўскай турме, і адзін зь лідэраў БХД Павал Севярынец, які адбывае «хімію» ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну. Ці пісалі яны прашэньні аб памілаваньні? Жонка Міколы Статкевіча Марына сказала, што гэтае пытаньне нават залішняе:

«Бо Мікола выказваў сваю пазыцыю неаднаразова, і, безумоўна, ніякіх прашэньняў ён не пісаў і пісаць іх не зьбіраецца. Наадварот, ён нават напісаў заяву да адміністрацыі, каб больш да яго з прапановай аб прашэньні не зьвярталіся. Ён казаў, што дамогся ад іх чэснага слова. Мікола добра ўсьведамляе і не адзін раз пра гэта казаў і заяўляў у апошнім сваім слове ў судзе, што прасіць памілаваньня ў злачынцаў — гэта недапушчальна. Такія рэчы для яго непрымальныя ні з маральных, ні з палітычных пазыцыяў. Бо ён ня можа здрадзіць людзям, якія яму паверылі, ён ня можа здрадзіць справе, якой займаецца цягам 20 зь лішнім гадоў».

Спадарыня Марына мяркуе, што Лукашэнка ў час, калі ў краіне шмат міжнародных назіральнікаў, выцягвае гэта як козыр, каб скарыстаць на сваю карысьць.

«Я чула раней заявы, што наш урад зьбіраецца прасіць крэдыт у МВФ, дзеля нечага ён езьдзіў на пазачарговы адпачынак у Сочы, каб сустрэцца з Пуціным. Я думаю, гэта чарговы шантаж».

Марына сказала, што пойдзе на выбарчы ўчастак, каб сапсаваць свой бюлетэнь і ня даць мажлівасьці залічыць голас на карысьць дзейнай улады.

«Калі выбары несумленныя, гэта ператвараецца ў фарс дзеля прызначэньня новага так званага парлямэнту. Любая форма пратэсту можа быць дзейснай. Я для сябе такую абрала».

Палітвязень Павал Севярынец сказаў, што таксама не падаваў прашэньня аб памілаваньні і няма ніякіх прыкметаў, што яго могуць выпусьціць. Але гэтую заяву Лукашэнкі Севярынец ня лічыць выпадковай:

«Гэта выстаўленьне на гандаль. Якраз сёньня так званыя выбары, прыцягнута ўвага эўрапейцаў да Беларусі. І ён выстаўляе на кон вось гэтых двух. З тых, хто цяпер сядзіць за кратамі за 19-га, ніхто ня мог — ні Статкевіч, ні я не пісаў. Каго ён будзе выпускаць — гэта пытаньне».

Павал Севярынец сказаў, што сёньня не галасаваў, бо разам з паплечнікамі бярэ ўдзел у байкоце.

«Выбараў няма. А ў нас у камэндатуры прымусова людзей выпраўлялі на галасаваньне. Па гаспадарках, дзе працуюць "хімікі", іх адвозілі арганізавана. Тым ня менш некаторыя не прагаласавалі, прычым прынцыпова, хоць спосабы ціску значна мацнейшыя, чым да людзей на волі. Людзі разумеюць, што гэта падман. Учора калі заходзіў у курылку, спытаў, ці ўсе схадзілі на свабодныя, дэмакратычныя, дабравольныя выбары. Выбухнуў проста рогат. Усе разумеюць, што гэта фальш. Выбарамі гэта назваць ніяк нельга. Гвалтам пхнуць да дня галасаваньня, даюць бюлетэнь, у якім адно прозьвішча, і гэта выдаецца за выбары».

Паводле Валянціна Стэфановіча, адзін з бабруйскіх анархістаў Павал Сырамалотаў і Сяргей Каваленка, які асуджаны за бел-чырвона-белы сьцяг, ня маюць дачыненьня да падзеяў 19 сьнежня 2010 году. Прычым прашэньні яны падалі яшчэ ў чэрвені.

«Хіба што, можа, пасьля выбараў мы можам стаць сьведкамі таго, што нехта будзе вызвалены. Пасьля выбараў і перад кастрычнікам, калі будуць чарговыя слуханьні ў ЭЗ па Беларусі і будзе вырашацца пытаньне адносна ўзмацненьня санкцыяў, вельмі верагодна, што ўлады пойдуць на вызваленьне некага з палітвязьняў. І нездарма цягам году мы былі сьведкамі таго, што ціск на палітвязьняў аказваўся па месцы іх адбываньня пакараньня. Уладам былі патрэбныя гэтыя прашэньні аб памілаваньні. І зараз, калі ўжо Лукашэнка пра гэта загаварыў, будзе нейкае разьвіцьцё гэтых падзеяў».
XS
SM
MD
LG