Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя цалкам забылася на свае мэты


Што зьяўлялася канечнай мэтай тых, хто падчас парлямэнцкіх выбараў выступаў за байкот? Не рытарычным суправаджэньнем шляху да гэтай мэты, не прамежкавымі вехамі, а менавіта фінальнай, канчатковай мэтай? Здаецца — правядзеньне новых, празрыстых выбараў, галасы на якіх немагчыма было б скрасьці.

Што зьяўлялася канчатковай мэтай тых, хто выступаў за ўдзел? Здаецца — выхад у другі тур ці перамога ў першым. Давядзеньне да выбарцаў тэзы аб папулярнасьці сваіх кандыдатаў і непапулярнасьці кандыдатаў ад улады. Дык вось, мяркуючы па інфармацыйным ляндшафце апошніх 6 дзён перад галасаваньнем, дзьве буйныя палітычныя групоўкі, што датычыліся да гэтых выбараў, цалкам забыліся на свае мэты.

Інфармацыйная прастора была захоплена некалькімі буйнымі сюжэтамі, якія не давалі ўзгадаць аб самым галоўным: аб тым, як апазыцыя прапануе арганізаваць новыя выбары без парушэньняў (ці дамагчыся ад улады арганізацыі) ці перамагчы з дапамогай сваіх моцных кандыдатаў. Вось асноўныя тэмы, якія скаланалі паветра на сайтах палітычнага байнэту (belaruspartizan.org, charter97.org, nn.by).

1. Канфлікт вакол «байкоту/удзелу». У пачатку верасьня было адчуваньне, што тэма вычарпаная. Што прыхільнікі байкоту, урэшце, засяродзяцца на выкананьні
6 дзён перад галасаваньнем, дзьве буйныя палітычныя групоўкі, што датычыліся да гэтых выбараў, цалкам забыліся на свае мэты

сваіх мэтаў, «удзельнікі» — сваіх. Аднак за тры дні да пачатку датэрміновага галасаваньня адбыўся вядомы закід Віталя Рымашэўскага з патрабаваньнем «выканаць абяцаньні» ды зьняць кандыдатаў з выбараў. Закід быў дубляваны тэкстам рэдактаркі «Хартыі-97» Натальлі Радзінай аб тых, хто абраў удзел. Радзіна папракала палітыкаў у тым, што яны «саўдзельнічаюць у злачынстве», зьяўляюцца памагатымі тых, хто фальсыфікуе выбары. Да тэксту аб «саўдзельніках» была дададзена фота Андрэя Дзьмітрыева і Ўладзімера Някляева, якіх, мяркуючы па ўсім, Натальля і прапанавала лічыць «саўдзельнікамі» рэжыму. Катэгарычныя фармулёўкі гэтых двух тэкстаў вымусілі кіраўніцтва арганізацый, што абралі ўдзел, рэагаваць. Паветра скалануў гучны тэкст Аляксандра Фядуты, надрукаваны «Беларускім партызанам». Фядута абвінавачваў «Хартыю-97» і Натальлю Радзіну ў супрацоўніцтве з рэжымам і папракаў за фота Някляева-Дзьмітрыева. Пасьля гэтага было тлумачэньне гэтай сытуацыі прадстаўніком «Партызану», Паўлам Шэрэметам і адказ на гэтае тлумачэньне Віталя Рымашэўскага. Да большасьці з гэтых тэкстаў было пакінута 150-200 камэнтарыяў, што сьведчыць аб тым, што эмацыйны ўдзел грамадзкасьці быў вельмі вялікі. Як добра бачна, канфлікт выйшаў на вышэйшую ступень у пэрыяд 18-22 верасьня. Якраз у той час, калі варта было б задумацца аб стратэгіі пасьля 23-га верасьня, прапаноўваць чытачам нейкія пазытыўныя крокі, карацей, ствараць уласны парадак дня.

2. Зразумела, што ўвесь тыдзень папярэдняга галасаваньня ў Сеціве абмяркоўвалася яшчэ адна актуальная тэма, цесна зьвязаная з узгаданай вышэй: хто м... к, а хто — герой у дэмсілах. Удзельнікі мэдыйнай прасторы захоплена выяўлялі адзін у адным агентаў КДБ, ФСБ і іншых спэцслужбаў. Фармулёўка «чым вы ёй [уладзе] перашкаджаеце?» была, бадай што, самай далікатнай у гэтай палеміцы.

3. Усе іншыя інфармацыйныя трэнды былі ледзь бачныя з-пад узгаданых глыбаў. Уласна пра выбары ў пэрыяд з панядзелка па нядзелю пісалася адно: высокае датэрміновае галасаваньне. Заўважым: не пра тое, што кандыдатаў ад улады ніхто не ведае ці ніхто не будзе за іх галасаваць. Не пра тое, што ў панядзелак прыхільнікі «байкоту» пачынаюць падрыхтоўку новых, чэсных, выбараў у палату прадстаўнікоў. Але — пра тое, як студэнтаў гоняць галасаваць супраць іх волі. Зьявіліся відэа, на якіх юнакі, не хаваючы ўласных твараў, сьведчылі пра схіленьне да галасаваньня адміністрацыяй ВНУ. Аднак сакратар ЦВК Лазавік, у адказ на спробу «Нашай нівы» дамагчыся камэнтарыяў на гэты конт, запатрабаваў прозьвішчы «пацярпелых», а хто ж іх скажа — прозьвішчы. Бо будуць прозьвішчы, будуць і разборы ў ВНУ, «уплоць да атчысленія». Ды і калі б яны маглі скасаваць вынікі выбараў, тыя прозьвішчы! Ну, прызнае ЦВК, што недзе «на месцах» былі «перагібы» з заахвочваньнем моладзі прагаласаваць датэрмінова для яе ж карысьці. Паабяцаюць разабрацца — і ўсё.

4. Яшчэ адным выбітным складнікам інфармацыйнага ляндшафту выбарчага тыдня была дэпрэсіўная інфа аб сілавых дзеяньнях улады: фотакарэспандэнт Сяргей Грыц, які атрымаў удар у твар падчас асьвятленьня пікета «Зьмены», суды над удзельнікамі пікета, паляваньне на маладафронтаўцаў з затрыманьнямі.

5. Апошнім, дарэчы, як і ўсе папярэднія пункты, цалкам традыцыйным трэндам выбарчага тыдня, была інфа пра хуткі капец рэжыму, які наступіць без усякіх высілкаў пратэстных гараджан. Трэба ісьці на рыбалку ці па грыбы і проста
інфармацыйная серада беларускага выбарчага тыдня была як быццам наўмысна сплянавана так, каб разахвоціць тых, хто меў намер нешта рабіць

пачакаць. Гэтая тэма (пачакайце, заўтра рэжым здохне сам) з года ў год зьяўляецца ў незалежных мэдыях падчас буйных палітычных кампаній, калі, здавалася б, важная роля і ўдзел кожнага актыўнага грамадзяніна. Яе сэнс — у тым, каб апраўдаць вымушанае бязьдзеяньне, даць надзею. Звычайна падчас выбараў у мясцовыя саветы прапануюць пачакаць выбараў у палату прадстаўнікоў, падчас выбараў у палату — дачакацца прэзыдэнцкай кампаніі. Тут да прэзыдэнцкіх выбараў яшчэ шмат часу, таму быў прапанаваны іншы гарызонт надзеі: рэжым даб’е эканоміка. Адзін і той жа тэкст з рознымі загалоўкамі надрукавалі «Хартыя» ды «Партызан»: «Палітычны рэжым у Беларусі зьменіцца дзякуючы эканоміцы», «Эканоміка даб’е рэжым Лукашэнкі».

Як бачым, інфармацыйная серада беларускага выбарчага тыдня была як быццам наўмысна сплянавана так, каб разахвоціць тых, хто меў намер нешта рабіць і адцягнуць увагу тых, хто меўся спытацца аб плянах. Слушны тэкст майго калегі, Юрыя Дракахруста аб парадку дня 24 верасьня з нязручнымі пытаньнямі да палітыкаў няшмат хто заўважыў: прынамсі, тэкст быў не такі папулярны, як знакамітае высьвятленьне адносінаў, апісанае ў першым пункце.

У людзей неразумных (ды тых, што пачынаюць камэнтаваць артыкул, прачытаўшы толькі загаловак) апісанае можа выклікаць прэтэнзіі да мэдыяў: маўляў, палітыкі сварыліся замест таго, каб думаць аб будучыні, з-за таго, што іх справакавалі рэдактары сайтаў.

Але media agenda — рэзультат дзейнасьці у першую чаргу палітыкаў: партый, рухаў, груп інтарэсаў. Усіх цікаўных магу накіраваць да главы Agenda setting з падручніку па публічнай палітыцы Томаса Біркланда (T. Birkland. An introduction to the Policy Process). Спадзяюся, падчас тыдня наступных выбараў у нас будзе іншы тэматычны сет.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG