Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьня Ігара Аліневіча запрасілі на выбары


Заўтра Ігару Аліневіч споўніцца 29 гадоў, Гэта ўжо другі дзень народзінаў, які ён сустракае за кратамі.

Тым ня менш, кажа «Свабодзе» яго маці Валянціна, днямі да іх у сям’ю на імя Ігара прыйшло запрашэньне ўзяць удзел у галасаваньні.





Паводле бацькоў і сяброў Ігара Аліневіча, іх ліставаньне з палітвязьнем вельмі ўскладненае. Ні да іх, ні да самога вязьня, не даходзяць многія лісты. (Пра тэлефанаваньні з калёніі няма і размовы).

Сёньня мы прапануем вашай увазе адзін зь нямногіх лістоў палітвязьня, які трапіў на волю. Ліст адрасаваны аднаму зь сяброў Ігара Аліневіча.

«.. Рады пачуць цябе. Ведаю, што бываеш у бацькоў, мне важна, каб яны паменш перажывалі, дзякуй табе! Што і казаць, прыемнага мала... Але камусьці ж трэба і пасядзець, чаму б і не мне? Унікальны досьвед заўсёды каштоўны, магу з упэўненасьцю сказаць, што ўсё ідзе як трэба, на карысьць.

Памятаеш, «чым цямнейшая ноч, тым хутчэйшы сьвітанак»? Затое ёсьць час на самаадукацыю, на вывучэньне бягучай сытуацыі. Я ж на волі і газэт не чытаў — так, тут. бай перачытваў. А дарэмна. Увогуле, ведай, што я тут не пакутую. Вось, нават часу на лісты толкам няма, усё ўрыўкамі. Цікава прачытаць як там у хлопцаў справы....... Хочацца верыць, што нашы агульныя сябры становяцца лепшымі, больш сур’ёзнымі, адказнымі ....

Пра ролевыя гульні людзі пішуць, што, у цэлым, заняпад. З такой эканомікай і ня дзіўна. Скажу шчыра, пасьля ўсяго, што адбылося, мяне гэтая галіна цікавіць хутчэй за ўсё як аб’ект успамінаў. Калі выйду, то разрывацца на часткі, як раней, ня буду. Час — самы каштоўны рэсурс. Ва ўсіх галінах немагчыма дасягнуць посьпеху, як ні круціся. Ды і думаць аб выдуманым, калі побач дзеецца ТАКОЕ, неяк няправільна. Часам, начытаўшыся часопісаў па фантастыцы, думаеш: кінуць усё да д’ябла, мець няпыльную працу і сысьці ў віртуал онлайнавы. Але рэальнае быцьцё ад такіх меркаванняў не пакідае каменя на камені. Турма, як нагрузкавае тэставаньне, да костак цябе прачышчае і паказвае, што ў цябе ўнутры, чаго ты хочаш і што можаш. Гэта дазваляе ўзьняцца над агульным цячэньнем уласнага жыцьця і вызначыцца, да чаго сябе прыклаьсці. Памятаеш, як у «Матрыцы» было: хтосьці пасля таблеткі змагаўся, а хтосьці захацеў назад у сыстэму. Тут усё індывідуальна. Так што жыцьцё толькі пачынаецца.

Рады за цябе, што ступіў на шлях ўпартай працы. Я сам быў у падобнай сытуацыі і гэта безумоўна добра. Па вялікім рахунку гэта і ёсьць сапраўднае адукацыя, а зусім не ВНУ..... Куртаты вольны час рэкамендую укладаць у блізкіх. Гэта заўсёды выйгрышная тактыка... Я вось шкадую, што замест такіх рэчаў стараўся яшчэ нейкіх спраў сабе накапаць. Таксама і ў здароўе ніколі ня шкодна ўкласьціся. Ня ведаю. чым займуся пасьля вызваленьня. Як раней, ужо ня выйдзе. Агляд навукова-тэхнічнага сьвету канкрэтна пашырае кругагляд. Тэрмін ідзе, а сьвет мяняецца. Ідэі барозьняць мазгі, аднак пакуль рана да чагосьці прыходзіць. Асвоіў маркетынг. Цікава калясальна. Столькі прадуманага падману і ўсё гэта сустракаецца ў паліттэхналёгіях. Але ёсьць і цалкам бяскрыўдныя канцэпцыі. У пэрспэктыве хачу вывучыць невэрбальныя зносіны (Алан Піз, Пол Экман)...

Вакол нас многія людзі праяўляюць шчырую салідарнасьць. На жаль, на высокім узроўні ўсё вырашае прагматызм і падвоеныя стандарты. Але там будзе бачна. Жадаю ўдачы! Калі-небудзь ўбачымся..."

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG