Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ў Палату Прадстаўнікоў адбыліся. Яўка выбарнікаў перавысіла 50%, паведамілі ў Цэнтравыбаркаме. Зь іх 26% прагаласавалі датэрмінова. Паводле назіральнікаў яўка на 16:00 склала 34,4% з улікам датэрміновага галасаваньня. «Свабода» асьвятляе падзею ў рэжыме рэальнага часу. Сачыце за абнаўленьнямі на сайце.

20:00 Пасьля выбараў і байкоту. Працяг жывога рэпартажу

19:50 Зінгерыс: Выбары — рытуал закабаленьня беларусаў

19.45 Заблякаваны сайт Партыі Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі www.bchd.info.

Таксама Заблякаваны сайт Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі udf.by.

Галоўны рэдактар сайту Юры Пацёмкін лічыць, што гэта зьвязана з тым, што сайт ёсьць партнэрам кампаніі «За справядлівыя выбары»: «Блякаваньне адбываецца ў межах Беларусі, з-за мяжы нашай краіны доступ ёсьць. Усе навіны сайт Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі можна пачытаць на сайце-люстэрку udf.name. Безумоўна, блякаваньне зьвязанае з выбарамі ў Беларусі і з тым, што мы актыўна асьвятлялі гэтую палітычную падзею».

19:38 «Беларускі жарт з выбарамі — частка эўрапейскай трагедыі»

19:35 Сяргей Бахун у сваім фэйсбуку паведамляе, што яго, назіральніка на выбарчым участку № 373 Менску, выдалілі з участку. Прычына — нехта зрабіў здымак і разьмясьціў яго ў інтэрнэце.

Бахун: «Старшыня камісіі Скроцка Сьвятлана Міхайлаўна па заяве назіральніка ад „Белай Русі“ выдаліла мяне і яшчэ аднаго назіральніка з участка».

19:33 У Менску з 136-га ўчастку 94-й акругі сябры выбарчай камісіі і праўладныя назіральнікі выгналі акрэдытаванага тут назіральнікам сябра БХД Вадзіма Маеўскага за тое, што той вёў відэазапіс.

Спачатку Маеўскаму пасьля нядоўгіх спрэчак дазволілі весьці відэаназіраньне. Але пасьля выгналі ледзь не з выкарыстаньнем сілы, якую хацеў ужыць сябра камісіі — настаўнік фізкультуры. Пра гэта паведамляе прэсавая служба БХД.

19:10 Грыб: Для мяне гэта ганебна — ісьці на такія выбары

Мечыслаў Грыб

Мечыслаў Грыб

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Мечыслаў Грыб сказаў, што не хадзіў галасаваць на выбарах у Палату прадстаўнікоў і дзень правёў на лецішчы:

«Паколькі я ведаю, як ідуць гэтыя выбары, як ідзе гэтае галасаваньне, я лічу, што для мяне гэта ганебна — ісьці галасаваць на такія выбары».

18:50 На Кастрычніцкай плошчы ў Менску затрымалі фотакарэспандэнта Сяргея Балая. Яго вязуць у міліцыю Цэнтральнага раёну Менску. Пра гэта на сваёй старонцы ў Фэйсбуку паведамляе журналістка Аліна Радашчынская.

18:15 Казулін: «У гэтай трагікамэдыі я не бяру ўдзелу»

Аляксандар Казулін

Аляксандар Казулін

Былы кандыдат у прэзыдэнты і палітвязень Аляксандар Казулін не пайшоў сёньня галасаваць і патлумачыў, чаму:

«У гэтай трагікамэдыі я не бяру ўдзелу. Калі вынікі вядомыя нашмат раней, дык гэта выбары? Каб іх прызнаць свабоднымі і сапраўднымі, гэта проста немагчыма. Большага маразму не было ніколі. Гэта ўжо проста дэградацыя нашай палітычнай сыстэмы».

Сёньня Казулін адзначаў юбілей свайго суседа.

18:15 Гомель. Паводле стану на 17:30 адбыліся выбары ў Гомельскай-Навабеліцкай выбарчай акрузе № 36 — адзінай акрузе ў Беларусі, дзе няма праўладнага кандыдата. Тут, паводле зьвестак акруговай камісіі, прагаласавалі на гэты час каля 51 працэнта выбарцаў.

У акрузе на безальтэрнатыўнай аснове балятуецца толькі адзін кандыдат — вылучэнец Ліберальна-дэмакратычнай партыі Сяргей Мельнікаў, энэргетык прыватнага прадпрыемства, 1981 году нараджэння.

З выбараў зьняліся прадстаўнік Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Няпомняшчых, а перад самым датэрміновым галасаваньнем і праўладны кандыдат, памочнік прэзыдэнта — галоўны інспэнтар па Гомельскай вобласьці Ігар Пракапенка, якога пасьля рэгістрацыі кандыдатам Аляксандар Лукашэнка вызваліў ад пасады.

Гэта стала нечаканасьцю для вылучэнца ад ЛДП Сяргея Мельнікава. Аднак свае шанцы стаць дэпутатам па 36-й акрузе Мельнікаў ацэньнае невысока: «Пяцьдзясят на пяцьдзясят — ня больш і ня менш».


18:10 Віцебск. Назральнікі на 76-м участку Віцебскай-Кастрычніцкай акругі патрабуюць прызнаць выбары 23 верасня несапраўднымі.

Паводле назіральніцы Тацяны Севярынец, быў выкрыты факт прымусу: насельнікаў працоўнага інтэрнату, што па вуліцы Церашковай, д. 16, корп. 2, выпраўляла на выбары вахторка Ірына Масеева:

«Спадарыня Масеева не адмаўляла таго, што накіроўвала жыхароў інтэрнату на выбары. Але казала, што нібыта ня ведала, што гэта забаронена. Тым ня менш, мы патрабуем прызнаць выбары на гэтым участку несапраўднымі. І ня толькі сёньня, але і 18, 19 і 20 верасьня, калі пад прымусам гналі галасаваць студэнтаў з бліжэйшых інтэрнатаў. На 18 гадзін у нас на ўчастку не прагаласавалі і 50%, і каб не прымусовае галасаваньне, працэнт яўкі быў бы яшчэ меншы», —паведаміла Тацяна Севярынец

18:00 Магілёў. Удзельнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Аляксей Колчын, які назірае за галасаваньнем на ўчастку № 62 Магілёўскай-Цэнтральнай акругі, заяўляе, што на 18 гадзіну на ўчастак прыйшло галасаваць менш за 40 працэнтаў выбарцаў.

Колчын: «Я б сказаў, што вельмі квола ідзе галасаваньне. Дужа мала прыходзіць людзей. Не нашмат болей прыйшло, чым на датэрміновае галасаваньне, калі на яго гналі навучэнцаў электратэхнічнага каледжу. Разам з датэрміновым галасаваньнем у выбарах узяло ўдзел каля 40 працэнтаў выбарцаў. Гэта блізу 450 чалавек, а ўсяго на ўчастку 1418 чалавек».




17:30 Карэспандэнт Галіна Абакунчык перадае, што паводле афіцыйных зьвестак, агучаных старшынямі камісіяў, выбары адбыліся на ўчастках №№ 367, 368 і 369 Фрунзенскай выбарчай акругі № 101.

Аднак паводле зьвестак незалежных назіральнікаў, лічбы яўкі не адпавядаюць афіцыйным: на ўчастку № 37 для таго, каб выбары адбыліся, трэба, каб сёньня прагаласавала 500 чалавек, а прагаласавала толькі 255; на ўчастку № 368 камісія паведаміла лічбу яўкі 651, а назіральнікі зафіксавалі 280 чалавек. На ўчастку № 369 афіцыйныя зьвесткі амаль што ня розьняцца зь зьвесткамі незалежных назіральнікаў, аднак выклікае пытаньне вялікае разыходжаньне ў лічбах зарэгістраваных на ўчастку кватэраў і выбарцаў: паводле сьпісаў выбарчай камісіі, там мусяць галасаваць 1110 выбарцаў, што пражываюць у 1217 кватэрах.

На ўчастку № 37 невядомы чалавек нападпідку чапляўся да незалежных назіральнікаў, перашкаджаў працаваць. Аднак ён выклікаў вялую рэакцыю з боку камісіі і міліцыянтаў, прысутных на ўчастку. Незалежныя назіральнікі выказалі абурэньне такой сытуацыяй, невядомага прымусілі пакінуць будынак толькі пасьля таго, як той зайшоў у памяшканьне для галасаваньня.

На трох участках — вялікая колькасьць супрацоўнікаў у цывільным, якія размаўляюць з выбарцамі, сочаць за хадою выбараў.


17:26 Амбасаду Беларусі ў Празе ачапілі паліцыянты з сабакамі


17:05 Па стане на 16 гадзін яўка па Фрунзенскай выбарчай акрузе № 101 у Менску, дзе апазыцыя ладзіць кампанію актыўнага байкоту і максымальна актыўнага назіраньня, склала, па дадзеных незалежных назіральнікаў, меней за 30%.

Такім чынам, камісія будзе вымушаная альбо прызнаць, што выбары на акрузе не адбыліся, альбо фальсіфікаваць дадзеныя галасаваньня, бо верагоднасць таго, што яўка 50% выбарцаў плюс адзін будзе дасягнута за час, якія застаўся да закрыцьця выбарчых участкаў, невялікая, адзначае прэсавая слудба Руху «За свабоду».



17:00 Афіцыйны сайт ЦВК паведамляе, што на выбарах па стану на 16 гадзінаў прагаласавала часов 58,6% выбарцаў.


16:20 Алесь Сілкоў, давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Ўладзімера Навасяда, паведаміў пра парушэньні на 118, 119 і 120 участках Сьвіслацкай выбарчай акругі № 94.

«Людзей, якіх мы называем „карусэльшчыкамі“ возяць па 4-5 чалавек з ўчастка на ўчастак, дзе яны атрымліваюць бюлетэні і галасуюць, — сказаў Сілкоў. — Яны ўжо нас пазнаюць, бачаць, што мы сочым за іх перамяшчэньнямі, але ўсё роўна на кожным з участкаў нахабна ідуць да намесьніка старшыні камісіі, атрымліваюць дакумэнты для галасаваньня, галасуюць, а пасьля едуць на іншы ўчастак, дзе ўсё паўтараецца. Мы з Уладзімерам Навасядам спрабуем спыніць гэтых казакоў-разбойнікаў, проста становімся сьцяной, але зрабіць мала што магчыма».

Выбары ў вёсцы Аўгутова, Лагойскі раён Менскай вобласьці

Выбары ў вёсцы Аўгутова, Лагойскі раён Менскай вобласьці





16:16 У 58 акругах са 110-ці выбары адбыліся, 15 з іх у Гомельскай вобласьці. «Гэта дадзеныя на 14 гадзін», — сказала Лідзія Ярмошына падчас брыфінгу. Што да Менску, то тут на гэты час не было ніводнай акругі, дзе прыйшло б 50% +1 выбаршчык. Ва ўсіх 33 участках, што знаходзяцца ў вайсковых частках, яўка выбаршчыкаў склала 100%.

16:06 Марылюіза Бэк: Стандарты былі парушаныя яшчэ да выбараў


16:02 БДІПЧ АБСЭ ацаніў перадвыбарчую кампанію як пасіўную. Пра гэта сказаў галава місіі Антонія Мілашоскі падчас наведваньня 453-і ўчастак у Менску. «Місія АБСЭ бачыць адсутнасьць жаданага балянсу ў фармаваньні выбарчых камісій Гэты балянс неабходны для таго, каб у кожнага ўдзельніка працэсу быў давер да камісій», — лічыць Мілашоскі.

Таксама галава місіі зазначыў, што пытаньне ўдзелу альбо байкоту было адным з ключавых у часе выбарчай кампаніі.

На пытаньне адной з журналістак, чаму БДІПЧ АБСЭ аддае так шмат увагі выбарам у Беларусі, Антонія Мілашоскі адказаў:

«У Беларусі 9 мільёнаў жыхароў і на выбарах 300 назіральнікаў ад АБСЭ. У маёй роднай Македоніі два мільёны жыхароў і на выбарах было 200 назіральнікаў ад АБСЭ. БДІПЧ АБСЭ мае аднолькавы інтарэс да ўсіх краін».

Вынікі папярэдняга назіраньня прадстаўнікі місіі БДІПЧ АБСЭ агучаць заўтра.


15:50 Цярэшчанка: заробак выдавалі людзям пасьля галасаваньня

15:20 Магілёў. Назіральніцу ад партыі левых «Справядлівы сьвет» Ларысу Шукайлу выдалілі з участку для галасаваньня № 46 Магілёўскай Прамысловай выбарчай акругі № 87. Участковая камісія зьвінаваціла назіральніцу, што тая парушыла выбарчае заканадаўства, калі без дазволу старшыні камісіі падышла да стала, дзе засядае камісія. Ларыса Шукайла прызнае, што падышла да стала, каб падаць заяву пра сваё жаданьне назіраць за тым, як будуць выбарцы галасаваць на даму, але вінаватай сябе ня лічыць. Як заяўляе Шукайла, калі яна адмовілася пакінуць участак, ёй пачалі пагражаць адміністрацыйнай адказнасьцю.1


15:44 Апазыцыя не прызнае выбары

15:20 Паводле дадзеных назіральнікаў ад БНФ на 101-й Фрунзенскай акругі, на 15:00 на трох выбарчых участках наступныя лічбы:

  • № 367 — 190
  • № 368 — 219
  • № 369 — 225


15:30. Берасьце. Незалежны кандыдат у дэпутаты па Берасьцейскай Заходняй акрузе № 1 Аляксандар Мельнік піша скаргу ў акруговую камісію. Ён просіць ануляваць вынікі выбараў на ўчастку ў чыгуначнай лякарні Берасьця. Кандыдат абскарджвае, што яго не дапусьцілі на падлік галасоў на гэтым участку, а працэс падліку бюлетэняў перанесьлі ў кабінэт лекара.

Паводле Аляксандра Мельніка, напачатку стос бюлетэняў за яго быў большы, чым за іншых кандыдатаў. Аднак пасьля падліку ў кабінэце лекара агучылі, што з 337 выбарцаў за Аляксандра Мельніка прагаласавалі 40 чалавек, за дырэктара Берасьцейскага ЦУМу — 219. За прадстаўніцу БСДП(Г) Ганну Канюс, паводле афіцыйных дадзеных, прагаласавалі 15 чалавек, за сябра ЛДПБ Валерыя Мікуліча — 11, за кандыдатку ад партыі «Справядлівы сьвет» Людмілу Дзенісенку — 9. Супраць усіх прагаласавалі 31 чалавек, несапраўдных бюлетэняў выявілі 12.



15:10 Віцебск. Назіральніка ад БХК у Віцебскай Кастрычніцкай акруговай камісіі № 20 гвалтам выдалілі з памяшканьня, дзе працуе камісія. Прычынай канфлікту стала жаданьне назіральніка прысутнічаць пры перадачы пратаколаў участковых камісій. У прысутнасьці назіральніка ад АБСЭ старшыня камісіі спадар Канявалаў заявіў Анатолю Родзіку, што паводле распараджэньня ЦВК, прысутнічаць пры гэтай працэдуры маюць права толькі замежныя назіральнікі.

«Я папрасіў паказаць гэты дакумэнт. І выказаў меркаваньне, што будуць нейкія махінацыі, раз гэта хочуць схаваць ад маіх вачэй. Тады старшыня камісіі прыгразіў, што падасьць на мяне ў суд і выштурхаў з пакоя ў плечы», — апавёў Анатоль Родзік.



15:10 Па стане на 14 гадзін прагаласавала 50% выбарцаў, паведаміла Цэнтральная выбарчая камісіія. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік лічыць, што выбары адбыліся: «Калі да 14:00 яўка склала 50%, то да гэтага часу (каля 15:00) можна з упэўненасьцю сказаць, што ў цэлым па рэспубліцы выбары можна прызнаць адбыліся».

14:59 Жыхароў Паўднёва-заходняй акругі № 99 упрошваюць схадзіць на выбары. Пра гэта «Свабодзе» расказаў адзін з жыхароў дома па вуліцы Голубева. «Жанчына званіла праз дамафон у кватэры: „Схадзіце, калі ласка, на выбары“. Калі я падыходзіў да пад’езда, яна папрасіла мяне пайсьці прагаласаваць. Я адказаў, што не пайду — „Мы вас вельмі просім“. Пасьля таго, як я зноў адмовіўся, яна ўпісалі нумар маёй кватэры ў нейкі сьпіс».


14:50 У Смаргоні прыйшлі з выбарчай урнай да жанчыны, якая год таму памерла. Гэты выпадак зафіксаваў назіральнік Алесь Дзергачоў на выбарчым участку № 9 па 59-й акрузе. Ён разам з сябрамі камісіі выйшаў на галасаваньне па месцу жыхарства. Высьветлілася, што выбарчую ўрну нясуць да жанчыны, якая год таму памерла.

Яшчэ Дзергачоў зьдзіўлены лічбамі прагаласаваўшых у Смаргоні, якія падаюцца па тэлебачаньню, маўляў у Смаргоні ўжо болей за 50%. Насамрэч, на ўчастку № 9 на 14 гадзінаў яўка разам з прагаласаваўшымі выбарцамі складае ўсяго 30%.


14:48 Абрамава перакрэсьліла свой бюлетэнь

14:45 Дадатковы аргумэнт: харчовыя пайкі і талёны на піва


14:44 У ЦВК няма дадзеных пра колькасьць людзей, якія ўжо прагаласавалі. Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік параіў сачыць за афіцыйным сайтам ведамства. Таксама ён назваў дзевяць акругаў, дзе выбары ўжо адбыліся. Сярод іх Быхаўская (прагаласавалі 62,8%), Горацкая (прагаласавала 55,1%), Хойніцкая (прагаласавала 54,4% ад усіх выбарцаў) акругі. Падчас брыфінгу адбылося прамое ўключэньне з прадстаўніком Гомельскай акругі № 33. Тут на 14 гадзін удзел у галасаваньні прынялі 57,2% выбарцаў.

14:35 Віцебск. Назіральнікі паведамляюць, што ў Віцебскай Чкалаўскай выбарчай акрузе кіраўнікі ўчастковых камісій перасталі паведамляць зьвесткі пра колькасьць прагаласаваўшых. Гэтую лічбу адмаўляюцца паведаміць ва ўчастковых камісіях №№ 38, 42, 44, 46, 50, 57, 58, 59, 60, паведаміў кандыдат у дэпутаты па Віцебскай Чкалаўскай выбарчай акрузе Аляксей Гаўруцікаў.

14:30 Брусэль. Каля беларускай амбасады праходзіць пікет, прысьвечаны выбарам у Беларусі. Яго ўдзельнікі — шасьцёра беларусаў, якія жывуць у Бэльгіі, паведаміў кіраўнік Беларуска-эўрапейскага задзіночаньня Зьміцер Піменаў:

«Адзін плякат — Каму служаць беларускія дыпляматы?», потым — выява «чырвонаармейца» і пытаньне «Ты прыйшоў на выбары падтрымаць акупацыйны рэжым?», яшчэ плякат за вызваленьне палітвязьняў".

Спадар Піменаў кажа, што дазвол на пікет ёсьць, пікетоўцаў ахоўвае паліцыя, навокал шмат цікаўных, у тым ліку журналістаў.


14:20 На 368 участку 101-й акругі, паводле старшыні камісіі, да 13.00 прагаласавалі 298 чалавек. Паводле назіральнікаў БНФ — 159. Старшыня камісіі не камэнтуе гэтага разыходжаньня.


Запісы з нататніка назіральніцы

Запісы з нататніка назіральніцы



Назіральнікі ад іншых партый кажуць, што яны не вядуць падліку, а проста сядзяць і сочаць за галасаваньнем.

На 14:00. Дадзеныя незалежных назіральнікаў. 328 участак — 189. 367 — 159, 389 —192. Афіцыйныя дадзеныія ёсьць толькі па 289 участку — там прагаласавалі 200 чалавек. Гэта з трох участкаў самы малы, 1110 выбарцаў, і там прадстаўнікі камісіі кажуць, што засталося 50 чалавек, каб выбары на ўчастку адбыліся.

13:45 Са 118-га ўчастка 94-й Сьвіслацкай выбарчай акругі выдалены назіральнік Канстанцін Кавалёў. Старшыня ўчастковай камісіі папярэджваў назіральнікаў, маўляў, «будзеце пісаць скаргі — выдалю». Спадар Кавалёў склаў некалькі актаў парушэньняў на ўчастку, і старшыня камісіі прымусіў яго пакінуць участак.

Са 132-га ўчастку гэтай ж выбарчай акругі выдалены назіральнік Сяргей Казлоўскі.


13:40 Да 132-га ўчастку 94-й Сьвіслацкай выбарчай акругі пад’ехаў ГАЗ з будкай (дзяржнумар 0254 АЕ-7) з 15 чалавекамі. Людзі не зарэгістраваныя на гэтым участку. Яны наўпрост ідуць да намесьніка старшыні камісіі, атрымліваюць бюлетэні для галасаваньня. Пасьля таго як назіральнік Сяргей Казлоўскі зрабіў заўвагу, яго выдалілі з участку.

4 маладзёны з кароткай стрыжкай на «Опэлі» (дзяржнумар 4004 ВХ-7) езьдзяць з участку на ўчастак і галасуюць.

На 120-м участку 94-й Сьвіслацкай выбарчай акругі назіральнікам адмовіліся даць сьпісы для галасаваньня на даму. Хто ёсьць у хаце, той і галасуе.

Пра гэта паведаміў кандыдат у дэпутаты Ўладзімер Навасяд.


13:35 У Берасьці адбылася прэсавая канфэрэнцыя дэмакратычнай кааліцыі «Спадчына». Чальцы кааліцыі заявілі, што «ня прызнаюць вынікаў выбараў, якімі б яны не былі». Удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі Ірына Лаўроўская, Паліна Шарэнда-Панасюк і Андрэй Шарэнда заклікалі міжнародныя арганізацыі «адмовіцца ад прызнаньня вынікаў галасаваньня і супрацоўніцтва з інстытутамі нелегітымнай улады ўсіх узроўняў».

Прэсавая канфэрэнцыя праходзіла на фоне спаленага дому. Доктар архітэктуры Ірына Лаўроўская патлумачыла, што «гэта сымбалічна, бо ў такім стане знаходзіцца Беларусь пры гэтай уладзе».



13:30 На 367 участку 101-й выбарчай акругі — пачаліся разыходжаньні ў лічбах назіральнікаў і старшыняў камісій. Старшыня камісіі сказаў, што на 11:15 прагаласавалі ўсяго 691 чалавек. Зь іх 418 датэрмінова, атрымліваецца, што з 8:00 па 11.15 прагаласавала 273 чалавекі. Між тым паводле назіральніка ад БНФ Ігара Хлябы на той момант прагаласавалі прыкладна 60-70 чалавек ( дакладана на 11:15 яны замер не рабілі). Паводле назіральніка Хлябы на 13:15 на гэтым участку прагаласаваўшых было 140.



Памылка сэрвэра

Памылка на сэрвэры. Зьвярніцеся ў службу падтрымкі.

Please use Search above to see if you can find it elsewhere



13:25 Ворша. Моладзевыя актывісты, прыхільнікі стварэньня партыі БХД, вывесілі на аршанскім гарадзішчы вылікі плякат "Выбарам-байкот!" Гэта месца ў самым цэнтры гораду, і плякат убачылі дзесяткі мінакоў.






13:31 Апазыцыя заявіла пра недавер да выбараў незалежна ад вынікаў галасаваньня

13:21 У 12.20 былі адключаны сайт Руху «За Свабоду» і сайт кантролю яўкі на байкотнай Фрунзенскай акрузе Менска.

Як паведаміў Арцём Лява, гэта адбылося пасьля прэс-канфэрэнцыі, на якой намесьнік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч паведаміў пра дадзеныя назіраньня за яўкай падчас пяці дзён датэрміновага галасаваньня. Розьніца дадзеных па прагаласаваўшых датэрмінова ад назіральнікаў і ўчастковых камісій склада амаль 3000 выбаршчыкаў!


13:08 Amnesty International чакае ў Беларусі арыштаў пасьля выбараў

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International чакае новай хвалі арыштаў у Беларусі, падае нямецкае інфармацыйнае агенцтва DAPD.

Паводле словаў адной з прадстаўніц гэтай арганізацыі, у выпадку, калі пасьля сёньняшніх парлямэнцкіх выбараў пачнуцца пратэсты супраць улады Аляксандра Лукашэнкі, сытуацыя для крытыкаў рэжыму стане больш пагрозьлівай. Amnesty International адзначае, што ў апошнія месяцы сябры апазыцыі ня раз адчулі на сябе перасьлед з боку ўладаў, праходзілі праз катаваньні і атрымлівалі несправядлівыя прысуды ў выніку палітычна матываваных працэсаў.


13:00 Ворша. Яўка нізкая, і чальцы камісій паехалі са скрынямі па хатах выбаршчыкаў, паведаміў назіральнік Яўген Анішчанка: «Едуць да старых людзей, нават тады, калі хатняга галасаваньня нхто не замаўляў. З 10-ці кватэраў, дзе я пабываў асабіста, прасілі праехаць са скрыняй толькі ў адну. І з тых самых 10-ці чалавек, якія нібыта хацелі прагаласаваць дома, адзін увогуле катэгарычна адмовіўся галасаваць».

12:59 Старшыня участковай камііі № 368 у 101-й выбарчай акрузе Вадзім Буднік назваў агульную лічбу прыняўшых удзел у галасаваньні на 11:00. З улікам датэрмінова прагаласаваўшых — 664 чалавекі.

У афіцыйнай інфармацыі пазначана, што датэрмінова прагаласавала 452 чалавекі. Атрымліваецца, што сёньня на 11:00 — ажно 212.

Між тым назіральнікі ад БНФ кажуць, што на той час яны бачылі толькі 54 выбарцаў.

Як гэта патлумачыць? Карэспандэнт «Свабоды» запытаўся ў кіраўніка камісіі Вадзіма Будніка. «Ня ведаю, Гэта дадзеныя назіральнікаў. Хай кажуць, што кажуць».

№ 369 участак. Назіральнік ад БНФ Павал Каралёў кажа, што на ягоным участку на 12.00 прагаласавала 135 чалавек. Ён на некалькі хвілін быў заняты, даючы інтэрвію для нямецкага тэлебачаньня. За гэты час нібыта прагаласавала яшчэ каля 20 чалавек — так яму сказалі іншыя назіральнікі, не ад апазыцыйных партый.

Таксама Павал Каралёў адзначыў: на участку зарэгістравана болей за 2 тысячы кватэраў, але выбарцаў толькі 1110. Разыходжаньні ў лічбах назіральнікі тлумачаць нібыта тым, што шмат кватэр набылі грамадзяне Расеі, якія ў выбарах не бяруць удзел.

12:50 Віцебск. На розных участках назіральнікі адзначаюць «скарачэньні» у выбарчых сьпісах. Колькасьць «выбыўшых» за час датэрміновага галасаваньня— ад 20 да 30 чалавек. Праваабаронца Павал Левінаў лічыць, што гэта — спроба падвысіць працэнт яўкі: «Ёсьць верагоднасьць, што выбары могуць не адбыцца, бо прыйшло мала людзей. А калі іх меней у сьпісах, то і працэнт яўкі большы. Старшыні камісій кажуць, што пэўная колькасьць выбаршчыкаў «памерла» або «зьехала».


12:40 Берасьце. Кандыдата у дэпутаты па Берасьцейскай Заходняй акрузе № 1 Аляксандра Мельніка не дапусьцілі на падлік галасоў на выбарчым участку у чыгуначнай лякарні. Пра гэта паведаміў Дзяніс Турчаняк, які зьяўляецца даверанай асобай спадара Мельніка. Галасаваньне на выбарчым участку у лякарні скончылася, кажа спадар Турчаняк, і камісія зараз лічыць галасы у кабінэце галоўнага лекара.


12:35 368-й участак наведаў назіральнік Хэні Кайкен з Нідэрляндаў. Прадставіўся як незалежны назіральнік. Ён у Беларусі з пятніцы, ўвогуле гэта не першыя выбары, за якімі ён назірае. Сёньня наведаў ужо 7 участкаў. Сказаў пра свае ўражаньні, што «тут людзі вельмі сур’ёзна, як да працы ставяцца да выбараў». Яшчэ сказаў, што краіне трэба даць час на сталеньне, бо яны зусім маладая — толькі 21 год незалежнасьць. Заўвагаў не мае.

На гэтым участку прагаласавалі 132 чалавекі.


12:31 У Варшаве пікетуюць беларускую амбасаду

12:23 Лукашэнка польскім назіральнікам: Хай ня лезуць

12:25 У Віцебску паўторна выдалілі назіральніка Яна Дзяржаўцава. Ён быў акрэдытаваны на ўчастку № 14 Віцебскай Чыгуначнай акруг ад БХК, і 22 верасьня яго пазбавілі акрэдытацыі за тое, што нібыта замінаў працы камісіі. 23 верасьня ён прынёс накіраваньне ад КХП БНФ, аднак яго не зарэгістравалі, сказаўшы, што гэта «неардынарны выпадак», і спадар Дзяржаўцаў «дужа замінае» выбарчаму працэсу.


12:17 На чарговым брыфінгу Лідзія Ярмошына не змагла прывесьці дадзеныя пра лічбу прагаласаваўшых на дадзены час.

Старшыня ЦВК сказала, што статыстыка яшчэ не паступіла да іх. «У цэлым неардынарных навін няма. Баюся, што галасаваньне ў некаторых месцах ідзе дастаткова вяла. Надвор’е гэтаму не спрыяе, але будзем спадзявацца, што сытуацыя выправіцца».

Паводле Лідзіі Ярмошынай, скаргі ў ЦВК сьведчаць пра тое, што выбарцы не пабавіліся «савецкага сындрому»: з Лагойскага раёну ў Цэнтральную выбарчую камісію паскардзіліся на адсутнасьць гарачай вады.

Падчас брыфінгу Лідзія Ярмошына заявіла, што «будуць мець месца судовыя зыскі супраць палітычных партыяў наконт вяртаньня імі грошаў на падрыхтоўку агітацыйнай прадукцыі». Размова ідзе пра дзьве выбарчыя партыі, якія зьнялі з выбарчай кампаніі 66 кандыдатаў «без паважлівай прычыны», зазначыла Ярмошына. «Гэтыя людзі атрымалі грошы ад дзяржавы на тое, каб зрабіць сваю агітацыйную прадукцыю. Я лічу яны павінны вярнуць іх», — скончыла старшыня ЦВК.

12:00 Юрась Губарэвіч, каардынатар яўкі па 101-й акрузе, заявіў журналістам, што ўчастковыя камісіі завысілі яўку на датэрміновае галасаваньне на 2800 чалавек. Ён сказаў, што ўлады сёлета ўпершыню выкарысталі «выбарчыя карусэлі», дапісвалі мітычную яўку ў пратаколы. Назіральнік фіксаваў, што прыйшло 30 чалавек за дзень, а ў пратаколу пісалі пра 130.





Юрась Губарэвіч, каардынатар назіраньня на 101-й менскай Фрунзенскай акрузе, распавядае пра фальсыфікацыі зь яўкай падчас галасаваньня.

«Відавочна, што перад старшынямі камісій была пастаўленая задача давесьці працэнт тых, хто прыйшоў на ўчасткі, да 20 адсоткаў па выніках датэрміновага галасаваньня. Яны рабілі гэта рознымі мэтадамі. У пераважнай большасьці камісій ішла проста грубая накрутка вынікаў яўкі. Калі назіральнік фіксаваў, скажам, 30 чалавек, якія зьявіліся на ўчастак, то выніковы пратакол мог утрымліваць лічбу 130 або 150. Гэта рабілася нахабна і бессаромна. Камісіі разумеюць, што ня будуць несьці адказнасьць за такія свае дзеяньні.

На шэрагу ўчасткаў мы сутыкнуліся з досыць новай для Беларусі зьявай, арганізацыяй так званых выбарчых карусэляў, калі арганізаваныя групы людзей пераяжджалі ад аднаго ўчастку да другога і, ня будучы выбарцамі ўчастку, атрымлівалі бюлетэні. У такім выпадку назіральнікі могуць толькі здагадвацца, што гэта прадстаўнікі карусэляў, але фіксуюць іх як рэальную яўку выбарцаў. На такіх участках адбываецца дзіўны прырост.

Таксама нашыя назіральнікі зафіксавалі некалькі фактаў прывозу людзей арганізавана на аўтобусах. У некаторых выпадках назіральнікі пазнавалі тых жа самых асобаў, якія галасавалі раней на суседніх участках. Таму мы можам з усёй адказнасьцю сказаць, што падчас гэтых выбараў маюць месца «карусэлі».

11:47. Слуцак. Пра мясцовыя асаблівасьці галасаваньня па месцы пражываньня выбараўцаў паведаміла «Свабодзе» дэмакратычная актывістка Зінаіда Цімошак:

«Я ажыцьцяўляю назіраньне за выбарамі на ўчастку № 16 Слуцкай выбарчай акругі № 67. У прыватнасьці, сёньня ў першай палове дня выяжджаю разам з прадстаўнікамі камісіі на галасаваньне да грамадзянаў, якія асабіста ня могуць наведаць участак для галасаваньня.

За папярэдні час выявіла шэраг парушэньняў. У прыватнасьці, некаторыя людзі не выклікалі на дом сябраў камісіі, а калі тыя прыехалі, то адмаўляюцца галасаваць. Па-другое: прадстаўнікі ўчастковай камісіі, прапануюць прагаласавць ня толькі хвораму чалавеку, але і ўсім, хто знаходзіцца побач зім. Ёсьць і такія хворыя выбарцы, якія не разумеюць, чаго ад іх хочуць неспадзяваныя „госьці“ з участковай выбарчай камісіі.

Сьпісы выбарцаў зьмяняюцца. Выяжджалі з адным сьпісам, а вернемся — са значна большым. Да прыкладу, у сьпісе было 33 чалавекі, а на 11.50 у сьпісе — больш як 40 выбарцаў...»

11:45 Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча, падчас прэс-канфэрэнцыі на сядзібе БНФ зачытала ліст палітвязьня з заклікам да адзінства апазыцыі пасьля 24 верасьня, калі зьнікне падстава для рознагалосьсяў.


11:44 Зянон Пазьняк: Фарс пагарэлага тэатру

Лідэр Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк зрабіў заяву з нагоды выбараў у Палату Прадстаўнікоў.


11:11 Кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка разам з сынам Мікалаем прагаласаваў на ўчастку №476 Старавіленскай акругі ў Менску. Пасьля галасаваньня ён адказаў на пытаньні журналістаў.



Аляксандр Лукашэнка сказаў, што месяц таму на яго імя паступілі два хадайніцтвы аб памілаванні ад двух асуджаных за падзеі 19 снежня 2010 года падчас прэзідэнцкіх выбараў. Чытаць далей


11:10. Барысаў. Каардынатар дэмакратычных назіральнікаў Міхаіл Васільеў паведаміў «Свабодзе», што сёньня яшчэ ад 6:00 пад вокнамі яго кватэры ў шматпавярховым доме каравуліла машына «Рено» мінівэн.

«Як і ў іншых выпадках падобнага цікаваньня за маім перамяшчэньнем, і ў гэты дзень мне ўдалося сысьці з дому непрыкметна», — удакладніў Міхаіл Васільеў.

Суразмоўца «Свабоды» таксама паведаміў, што паводле так званага «татальнага кантролю» незалежных назіральнікаў на пяці выбарчых участках Барысаўскай выбарчай акругі № 62 ўдалося папярэдзіць парушэньні ў час датэрміновага галасаваньня:

«За 5 дзён папярэдняга галасаваньня незалежным назіральнікам ўдалося фактычна выключыць магчымыя махінацыі з падтасоўкай у падліку галасоў выбарцаў, — заявіў «Свабодзе» Міхаіл Васільеў, і ў выніку ў Барысаве зафіксавана, што сярэдні працэнт тых, хто прагаласаваў датэрмінова — 11,8.





11:10 У штаб-кватэры Партыі БНФ лідэры апазыцыі праводзяць прэсавую канфэрэнцыю.

Удзельнічаюць:

  • Аляксей Янукевіч (БНФ)
  • Валеры Ўхналёў (Справядлівы сьвет)
  • Ірына Верштадт (Народная грамада)
  • Уладзімер Някляеў («Гавары праўду»)
  • Юрась Губарэвіч (Рух «За свабоду»).

Ад «Народнай грамады» ў кампаніі ў якасьці кандыдатаў бярэ ўдзел 12 чалавек, ад «Справядлівага сьвету» — 28, «Гавары праўду» падтрымлівае 11 кандыдатаў.


Уладзімер Някляеў: «У нас наперадзе мясцовыя і прэзыдэнцкія выбары. Думаючы пра тое, якімі яны будуць, мы павінны ўзважваць: прымае ў Лукашэнка ці не, ці не перавядуць іх на нейкую сінекурную пасаду ў Эўразійскі саюз. Мы апрабіравалі дзьве магчымыя тактыкі апазыцыі: удзел ці байкот. Мы адчулі, што такое рэальны байкот, дагэтуль нашыя 4 хлопцы сядзяць у вязьніцы. Мы склалі цэлую „чырвоную кнігу“ затрыманьняў, парушэньняў па выніках гэтай кампаніі і перадамо яе міжнародным назіральнікам. Ужо толькі па гэтай прычыне нельга прызнаваць цяперашнія выбары. Тактыкі могуць быць розныя, прыхільнікі байкоту зрабілі карысную працу, падрыхтавалі частку грамадзтва да байкоту, але не ад гэтага лясьнецца дзейны рэжым. Рэжым лясьнецца толькі, тады калі мы на выбарах 2015 года зьбяром столькі людзей, што рэжым пабаіцца ў іх страляць».

Ірына Вештард: «Мы думаем пра будучыню Беларусі, думаем як працаваць разам у адзінстве. У рэгіёнах Беларусі розныя палітычныя суб’екты перасталі паміж сабою канкураваць, яны супрацоўнічаюць. Мы абавязаны аб’ядноўвацца і шукаць шляхі да адзінства. Насельніцтва зьмяніла думку пра апазыцыю і нам у сваіх радах важна не ствараць умовы для нэгатыўнага іміджу, трэба працаваць на станоўчы імідж, працаваць на пэрспэктыву і аптымізм. І мы цяпер думаем пра шляхі аб’яднаньня».

Аляксей Янукевіч паведаміў, што апазыцыя прыняла агульную дэклярацыю аб выбарчай кампаніі 2012 года, у якой даецца ацэнка выбараў: «Мы прызнаем што беларускія ўлады не скарысталі шанец на дэмакратызацыю, не было зьменена заканадаўства, не былі вызваленыя палітвязьні, апазыцыю не дапусьцілі ў выбарчыя камісіі, сілавыя ведамствы выкарыстоўваліся для ціску на апазыцыю, была ўведзеная цэнзура перадвыбарчых выступаў кандыдатаў.

Усе гэта дае нам права ўжо зараз не прызнаваць выбары ў Палату прадстаўнікоў роўнымі і празрыстымі , адпаведнымі міжнародным стандартам, якія ўзяла на сябе Беларусь. Мы патрабуем спыніць палітычныя рэпрэсіі, вызваліць палітвязьняў».

Валеры Ўхналёў заявіў: «Мы ведалі, у якую кампанію ўвязваліся, мы добра разумеем, што ў Беларусі няма выбараў. Самае галоўнае, што мы папрацавалі зь людзьмі дасягнулі пэўных вынікаў. Колькасьць людзей, якія прагнуць перамен, сур’ёзна павялічылася. Мы вельмі занепакоеныя праблемай палітвязьняў. Мы тлумачылі людзям, што турмы палітвязьні і эканамічны крызіс — гэта ўзаемазьвязаныя рэчы. На трэба дамагацца зьменаў у краіне і выйсьці на наступныя выбары з больш дакладнай праграмай».

Юрась Губарэвіч: «Мы не самаўхіліліся ад кампаніі, мы імкнуліся працаваць на заваёў сымпатый большасьці народу. На жаль, апазыцыя цяпер мае малую падтрымку, але і ўлада губляе падтрымку народу. Эфэкт ад гэтай кампаніі быў бы нашмат большы, каб адна частка апазыцыі не займалася байкоту іншай часткі і мы разам несьлі супольнае пасланьне ».





11:05 Былы дэпутат парлямэнту Ўладзімер Навасяд, які балятуецца ў Сьвіслацкай акрузе № 94 паведаміў «Свабодзе»: «У 94-ай акрузе не проста карусэль, а цэлае кола для агляду! Сёньня мікрааўтобус шэрага колеру маркі „Газэль“ нумар 1218 — 7 рэгіён возіць людзей на розныя ўчасткі. Мы паведамілі пра гэта ў акруговую камісію. Цяпер рыхтуем дакумэнты ў раённую пракуратуру. Таксама на 132-ім участку два чалавекі хацелі прагаласаваць, хоць тут яны не зарэгістраваныя. Мы падаем скаргу на гэта».

11:05 Актывісты кампаніі «За справядлівыя выбары» называюць сёлетнюю парлямэнцкія кампанію «самымі нахабнымі» у параўнаньні з усімі папярэднімі. У першую чаргу, маючы на ўвазе перашкоды, якія ствараюць дзяржаўныя органы дэмакратычным кандыдатам і назіральнікам ад апазыцыі. Чытаць далей


11:01 Затрыманы намесьнік старшыні Руху салідарнасьці «Разам» Аляксандр Макаеў. Ранкам ён кіраваўся на працу на ўласным аўтамабілі, на якім быў прымацаваны бел-чырвона-белы сьцяжок. Яго спынілі супрацоўнікі міліцыі і правялі дагляд аўтамабіля. У салёне яны знайшлі ўлёткі за байкот выбараў і затрымалі актывіста. Зараз Аляксандр Макаеў знаходзіцца ў Цэнтральным РУУС Менску.

11:00. У Жлобіне ўчастковая камісія № 14, якую ачольвае дырэктарка раённага Дома культуры Ганна Жырко, выдаліла назіральніка ад партыі левых «Справядлтвы сьвет» Алега Костусева.

У рашэньні сказана — «на падставе акту».

Участак на выбарчай аркузе №33, Гомель

Участак на выбарчай аркузе №33, Гомель

Костусеў: «Перад пачаткам галасаваньня я прапанаваў, каб ў залю ўнесьлі скрыню для датэрміновага галасаваньня. Гэта рэглямэнтуе Выбарчы кодэкс. Потым я прапанаваў старшыні камісіі, каб пры падліку галасоў бюлетэні паказваліся на агляд усім чальцам камісіі й назіральнікам. Жырко ледзь не з крыкам адрэагавала на маю прапанову, заявіла, што я ўмешваюся ў працу камісіі. І мяне выдалілі, не паказаўшы нават складзенага акта, на падставе якога прынята рашэньне пра выдаленьне мяне з участку».

10:50 Алесь Марчанка, назіральнік на выбарчым участку № 367 101-й акругі, распавеў, што шэсьць маладых жанчын прыйшлі разам на участак — прагаласавалі паасобку кожная, затым сабраліся ў калідоры і накіраваліся на выбарчы ўчастак № 370 101-й акругі, які знаходзіцца насупраць. Там гэтыя ж жанчыны прагаласавалі паўторна.

Памылка сэрвэра

Памылка на сэрвэры. Зьвярніцеся ў службу падтрымкі.

Please use Search above to see if you can find it elsewhere





10:45 На ўчастку №368 101-й выбарчай акругі ад пачатку дня прагаласавала 49 выбарцаў, на участку №369 – 52 чалавекі.

10:40 Слухач Свабоды, Горадня: «Чаму на навагоднюю елку з алькаголем нельга, на Масьленіцу нельга, а на выбары — калі ласка?! Яшчэ і зьніжкі на сьпіртное даюць у «выбарчых буфэтах».

10:40 Кіраўнік Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ Янэз Ленарчыч ў нядзелю раніцай прыбыў у Мінск, каб назіраць за выбарамі, паведаміў Інтэрфаксу прэсавы сакратар БДІПЧ АБСЕ Томас Раймэр.

Ленарчыч «наведае адзін з выбарчых участкаў у Менску».

Ленарчыч таксама будзе прысутнічаць 24 верасьня на прэсавай канферэнцыі місіі БДПЧ АБСЕ, дзе будуць абвешчаныя папярэднія вынікі назіраньня за выбарамі ў ПП НС.


10:40 Станіслаў Шушкевіч: «Я — за байкот»

Станіслаў Шушкевіч

Станіслаў Шушкевіч

Былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч заявіў, што ад самага пачатку заклікаў байкатаваць выбары і сёньня ня пойдзе на выбарчы ўчастак галасаваць.

«Ня трэба гуляць у гэтыя непатрэбныя гульні, у якія, на вялікі жаль, гулялі і АГП , і БНФ і іншыя. Палітычная недасьпеласьць проста так і выперла, бо ня ведаюць, а потым здымаюць, заблытваюць толькі людзей. Мы адразу сказалі, што мы за байкот і ніякіх тут жартаў. На жаль, гэта не ажыцьцявіцца належным чынам, бо блытаніну ўнесьлі тыя, якія не развучыліся гуляць у прымітыўныя палітычныя гульні», — заявіў Шушкевіч.

Шушкевіч сказаў, што праводзіць выходны дома.

10:30 Гомель. З участка № 16 Гомельскай-Савецкай выбарчай акругі № 34 выдалілі незалежнага назіральніка Віктара Казлова. Ён падышоў да старшыні камісіі Ніны Наркевіч, каб зьвярнуць яе ўвагу на факт выдачы выбарцу адразу двух бюлетэняў. Неўзабаве назіральнік атрымаў ад сакратара камісіі Вольгі Дубаўцовай рашэньне № 3 участковай камісіі «Аб некаторых пытаньнях дзейнасьці назіральнікаў», у якім сказана, што назіральнік Казлоў, нягледзячы на папярэджаньні членаў камісіі і старшыні, «знаходзіўся ў непасрэднай блізкасьці ля скрыні галасаваньня, ствараў грамадзянам перашкоды для правядзеньня галасаваньня, шумеў, спрабаваў прыцягнуць да сябе ўвагу гучнымі выказваньнямі, на заўвагі не рэагаваў, ствараў перашкоды працы камісіі, чым парушыў артыкул 15 Выбарчага кодэксу».

10:00 У Беларусі прагаласавала 27,6% выбарцаў

Гэту лічбу 23 верасьня назвала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына. 26% — гэта дадзеныя датэрміновага галасаваньня, 1,6 % — вынікі першых двух гадзін асноўнага дня галасаваньня.

На пытаньне, ці можа старшыня выбарчай камісіі спрагназаваць агульную яўку, Лідзія Ярмошына адказала: «Мы не робім сацыялягічных прагнозаў. У нас звычайна Палата прадстаўнікоў абіраецца ў першым туры. Думаю, што не будзе сюрпрызаў і ў гэтым годзе».

Таксама старшыні ЦВК задалі пытаньне, ці згодна яна з цьверджаньнем апазыцыі, што найбольш фальсыфікацый адбываецца ў дзень датэрміновага галасаваньня.

«Апазыцыя не прадстаўляе канкрэтных фактаў. Усё гэта домыслы і чуткі. За ўвесь час у ЦВК паступіла толькі дзьве скаргі пра тое, што людзей прымушалі галасаваць датэрмінова», — адказала Ярмошына.

9:30 Праз 1 гадзіну і 20 хвілін ад пачатку галасаваньня на 368-м участку акругі № 101 прагаласавалі 16 чалавек. Усяго на участку 2260 выбарцаў.

Адзін з выбарцаў непасрэдна на выбарчым участку хацеў напісаць скаргу на ЖЭС, але яго пераканалі, што лепш скардзіцца ў адміністрацыю раёна. Ён прагаласаваў і сышоў, ад камэнтару адмовіўся.

Канстанцін Ліпень, які прыйшоў на адзін з выбарчых участкаў 101-й Фрунзенскай акругі, ідэю байкоту выбараў назваў «абсурдам», бо «трэба абіраць лепшых».

Карэспандэнт «Свабоды» заўважыў, што прыхільнікі байкоту кажуць, што ад гэтых дэпутаў Палаты прадстаўнікоў нічога не залежыць.

На гэта Ліпень зяпярэчыў, што ў іх «велізарныя паўнамоцтвы».


9:15 На выбарах датэрмінова прагаласавала 26% выбарцаў.

Пра гэта Інтэрфаксу паведаміў сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.








8:47 Карэспандэнт «Свабоды» Алег Грузьдзіловіч знаходзіцца на выбарчых участках №№ 367, 368, 369 101-й выбарчай акругі.

Участкі месьцяцца ў Цэнтры творчасьці «Юнацтва», вуліца Адзінцова 10.

На дадзены момант на кожным з участкаў прагаласавала па 4-5 чалавек.

За выбарамі назіраюць прадстаўнікі Партыі БНФ, БРСМ, Спартовай партыі і Беларускага фонду міру.

На ўчастках дзяжурыць міліцыя.

У буфэце прадаюць гарэлку.

Па 368 участку датэрмінова прагаласавала 20,0%, паводле дадзеных назіральнікаў. Назіральніца ад БРСМ Вольга распавяла пра тое, што яна бачыла падчас учорашняга назіраньня за датэрміновым галасаваньнем. Што да абеду ў асноўным галасавалі людзі сталага веку, а пасья абеду — працуючыя, моладзь.

«Людзі зьбіраліся ехаць на лецішчы і галасавалі», — гэтак назіральніца патлумачыла, чаму людзі галасавалі датэрмінова.

Раней кампанія «Гавары праўду» і «Рух за свабоду» выступілі з ініцыятывай паспрабаваць тэхналягічна правесьці байкот у адной асобнай акрузе. Для гэтага абралі 101-ю акругу, якая знаходзіцца ў Менску.

Аўтары ідэі у часе датэрміновага галасаваньня і ў асноўны дзень выбараў вырашылі паставіць назіральнікаў на ўсе выбарчыя ўчасткі гэтай акругі.

«Свабода» сочыць за хадой галасаваньня ў 101-й выбарчай акрузе.

Мапа 101-й акругі


Фрунзенская выбарчая акруга №101 (Менск) глядзець на вялікай мапе


8:00 У Беларусі адчыніліся выбарчыя ўчасткі. Яны будуць працаваць да 20.00.

Выбары праходзяць у 110 акругах.

За дэпутацтва змагаюцца 293 чалавека.

На гэтых выбарах 16 акругаў засталіся безальтарнатыўнымі.

Напярэдадні выбараў Аб’яднаная грамадзянская партыя і Партыя БНФ зьніялі сваіх кандыдатаў.

А шэсьць дэмакратычных партыяў і рухаў заклікалі жыхароў Беларусі байкатаваць выбары. Такой пазыцыі прытрымліваюцца:

  • АГП
  • Ствараная Партыя БХД
  • Рада беларускай інтэлігенцыі
  • «Беларускі рух»
  • «Малады фронт»
  • Беларускі незалежны прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасьці.

Ад пачатку да байкоту выбараў заклікала Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ.

У выбарах працягваюць удзельнічаць кандыдаты ад Партыі левых «Справядлівы сьвет», ад Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі (Грамада), а таксам асобы, якіх падтрымлівае кампанія «Гавары праўду».

У Беларусі працуюць болей за 250 назіральнікаў ад БДІПЧ АБСЕ, а таксама назіральнікі ад СНД — болей за 300 чалавек.

Паводле ЦВК, у асноўны дзень галасаваньня колькасьць унутранызх назіральніка можа скласьці 30 тысячаў чалавек.


Дэмакратычныя кандыдаты на выбарах у Палату прадстанікоў 23 верасьня 2012:

Дэмакратычныя кандыдаты на выбарах у Палату прадстанікоў 23 верасьня 2012 глядзець на вялікай мапе

Стань карэспандэнтам «Свабоды!

  • Зрабі фота
  • Здымі відэа
  • Дашлі інфармацыю
  • Дай сваю ацэнку, выкажы свае спадзяваньні ў эфіры і на сайце «Свабоды»!


Адрас электроннай пошты: rferl.minsk@gmail.com
Пазвані на тэлефон у Менску (+375-17) 266-39-52

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG