Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМІ: галяндзкая паліцыя затрымала 34 – з тысяч няпрошаных гасьцей на Дні народзінаў


На ўдзел у прыватнай пасядзелцы падпісаліся 20 тысяч чалавек

У Галяндыі паліцыя ўжыла сілу для разгону натоўпу моладзі, якая прыехала на сьвяткаваньне дня народзінаў незнаёмага чалавека па запрашэньні, атрыманым памылкова праз сацыяльную сетку Facebook. Паведамляецца, што шэсьць чалавек былі параненыя, у тым ліку трое – сур'ёзна, пасьля таго, як частка з 3 000 маладзёнаў, што прыехалі на сьвяткаваньне, пачала рабаваць крамы і руйнаваць ваколіцы ў галяндзкім мястэчку Гарэн, дзе жыве каля 18 тысяч чалавек..

Інцыдэнт здарыўся з-за памылкі 16-гадовай дзяўчыны, што адзначала дзень народзінаў. Яна зьбіралася сьвяткаваць у вузкім коле сяброў, але не пазначыла запрашэньне, выстаўленае ў сацыяльнай сетцы "прыватным" статусам. У выніку на ўдзел у прыватнай пасядзелцы падпісаліся 20 тысяч чалавек. Дзяўчынка і яе сям'я вырашылі зьехаць на некалькі дзён з гораду і паінфармавалі аб сытуацыі паліцыю, якая ўчыніла прэвэнтыўныя захады бясьпекі і часова закрыла мясцовыя крамы з алькаголем.

Паводле мясцовай прэсы, маладзёны, што пачалі прыбываць у мястэчка, спачатку паводзілі сябе мірна, але празь некалькі гадзін пачалі зьбіваць дарожныя знакі, падпальваць машыны і рабаваць крамы. У разгоне бралі ўдзел каля 600 паліцэйскіх. Адзначаецца, што некаторыя групы наўмысна шукалі канфлікту з паліцыяй. Затрыманыя некалькі дзясяткаў чалавек.
XS
SM
MD
LG